«Разарваны лёс палешука»
31 августа 2012, 12:00

«Разарваны лёс палешука»

Поделиться

* * *

Дождж грыбны абмыў збаны на плоце,

І цяпер па ганку шалясціць…

Яблыкі бялеюць у лістоце,

Белы бусел з вышыні глядзіць…

Рэчцы дадзены ўваскрэснуць шанец.

І па ёй, змялелай, ідучы,

Паляшук былы, амерыканец,

Джынсы аж па лыткі замачыў.

Ён ідзе з расхрыстанай кашуляй,

А душой нібы ў дзяцінстве знік…

“Тут казала некалі матуля,

Што ў віры зацягне Вадзянік.

А пасля я рос. Прыйшла навала,

І маланцы адгукнуўся гром.

І з зямлі прапрадзедаў пагнала,

Бо мой бацька быў гаспадаром.

Ён і за мяжой служыў зярняці,

Будаваў царкву, дзяцей любіў,

І аклад іконам Божай Маці

З дрэва нетутэйшага рабіў.

А дзядзькі палеглі ў Курапатах…

Нас жа ўратаваў заморскі вір…

Зачарпну — і цяжкі, як граната,

На магілах прадзедавых жвір.

Мне з сабой узяць казалі людзі

Жменьку ад магілы, што люблю,

Ды баюся — бацькавыя грудзі

Я зямлёю тою прапалю”.

Скончыцца праз трое сутак віза,

Зноў дзяцінства высахне рака,

Расплываецца смугою шызай

Разарваны лёс палешука.

Гэтыя вершаваныя радкі славутая Вольга Іпатава прысвяціла Васілю Мельяновічу. Палітык, грамадскі дзеяч, заснавальнік Беларуска-амерыканскай інфармацыйнай службы нарадзіўся ў вёсцы Азярніца 28 жніўня 1934 года. А памёр наш зямляк 6 кастрычніка 2004 года ў Брансвіку, штат Агаё (ЗША). Апошнім жаданнем было быць пахаваным у Азярніцы. Жаданне выканалі.

Напрыканцы 80-х Мельяновіч прывёз у Мінск амерыканскую выставу, на якой прадставіўся так: “Я, Васіль Мельяновіч, самы сапраўдны беларус, сын “кулака” з вёскі Азярніца, што непадалёк ад Лунінца”.

Сям’я была вялікай і працавітай. Набылі малацілку з маторам, куплялі зямлю. Спадзяваліся, што будуць гаспадарыць на ёй самі, дзеці і ўнукі. Але ў 1939 годзе ўсталявалася новая ўлада. Сталі раскулачваць заможных сялян. Дзедавага брата выслалі ў Сібір, усіх астатніх цягалі на допыты. Бацька хаваўся. Уся сям’я была гатова да высылкі, але пачалася вайна…

Крыху пазней сям’я Мельяновіча апынулася ў Германіі, а потым у ЗША.

Васіль марыў аб адукацыі. Але грошай на навучанне не было. Хлопец вырашыў пайсці ў войска, каб потым не плаціць за ўніверсітэт. Васіль нёс службу ў “гарачых кропках” планеты. Мара ўсё ж збылася. Навучаўся ў Нью-Ёркскім універсітэце. Атрымаў ступень бакалаўра, а потым кандыдата навук. Працаваў у тэлефоннай кампаніі. Стаў актыўным дзеячам Рэспубліканскай партыі ЗША, шмат дапамагаў беларускай дыяспары, супрацоўнічаў з інфармагенцтвамі. Быў аса-біста знаёмы з Р.Рэйганам і Дж.Бушам-старэйшым.

У 1988 годзе яму не дазволілі наведаць Азярніцу, візіт у Беларусь абмежавалі амерыканскай выставай у Мінску. Толькі пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі прыляцеў з Амерыкі ледзь не першым. Стаў часта бываць на радзіме. Радаваўся, што захаваўся бацькоўскі дом. Цяпер гэта школа. Знаходзячыся ў Беларусі, шмат дапамагаў людзям. Марыў аб адкрыцці фірмы, якая б дапамагала землякам вучыцца бізнесу, менеджменту… Але не ўсё так проста. Адзінае, што змог зрабіць, — правёў за ўласны кошт лінію электраперадач на хутар, дзе жыла ягоная сваячка. Радзіма зноў не стала гасціннай для Мельяновіча — яму забаранілі ўезд.

Каштоўныя матэрыялы і архівы Васіля Мельяновіча засталіся незапатрабаванымі. Паміраючы, ён завяшчаў пахаваць свой прах побач з дзедам на вясковых могілках. Гэта зрабіў Сяргей Раманюк. Ён даставіў прах найлепшага сябра на радзіму. Кажуць, што на пахаванне не прыйшлі ні аднавяскоўцы, ні сваякі. А тых, хто ладзіў пахаванне, папярэдзілі, каб рабілі ўсё ціха і без ніякіх палітычных мітынгаў. Ніхто і не збіраўся. Зрабілі ўсё, як мае быць у такіх выпадках.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў у кнізе “Імёны свабоды” піша пра Мельяновіча: ”…У майго спадарожніка на гадзінніку было два цыферблаты, стрэлкі якіх паказвалі час з разбежкаю на сем гадзінаў, што існуе паміж Мінскам і Нью-Йоркам. Яго вяртанне дадому ўсё ж здзейснілася, няхай сабе і пасля з сыходу з гэтага свету”.

Чалавек быў складаны, жыў бурна, паміраў цяжка. Але ні ў кога не прасіў спагады і літасці. А знайшоў спакой на радзіме, куды ўвесь час імкнуўся.