Каратыш Віталь Мікалаевіч

Каратыш Віталь Мікалаевіч

06 сентября 2012, 13:00
870
Нарадзіўся 14.05.1984, адукацыя вышэйшая, індывідуальны прадпрымальнік, беспартыйны, жыве ў в.Кажан-Гарадок.

Паважаныя землякі!

23 верасня адбудуцца не проста чарговыя выбары. Гэта апошні шанец для ўлады пайсці насустрач свайму народу. На мінулых выбарах ніводзін з прадстаўнікоў апазіцыі і незалежных кандыдатаў не трапіў у Парламент.

Цяпер падчас сустрэч з выбаршчыкамі я адчуваю, што людзі ўжо амаль не вераць у выбары, не давяраюць уладзе. У Парламент неадкладна патрэбны новыя людзі, сучасныя, маладыя, ініцыятыўныя.

Мяне завуць Віталь Каратыш, мне 28 гадоў, я эканаміст. Адразу скажу — я іду не ад улады і не ад апазіцыі. Я іду ад простых людзей, ад такіх жа, як вы і я сам.

Нарадзіўся і жыву ў в.Кажан-Гарадок. Гадаваўся ў простай сялянскай сям’і. Працаваць пачаў з 19 гадоў у калгасе. Пасля быў дырэктарам Дрэбскага сельскага Дома культуры. Некаторы час працаваў намеснікам дырэктара будаўнічай фірмы. Зараз займаюся ўласным малым бізнесам.

Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “дзяржаўнае кіраванне”. Вывучаў еўрапейскае права, геапалітыку, рэгіянальнае развіццё ў Чэхіі, Літве, Польшчы, Малдове… Валодаю трыма замежнымі мовамі.

Я іду ў Парламент для таго, каб спрыяць пераменам да лепшага.

Перамены ўжо даўно наспелі. Час ідзе наперад, а мы усё яшчэ даводзім планы на пяцігодку, займаемся прыпіскамі… Да чаго гэта прыводзіць — паказвае гісторыя.

Дзе дыскусія і дыялог? Жыхары нашага раёна павінны самі вырашаць, што ім патрэбна — новыя працоўныя месцы, жыллё для маладых сем’яў ці лядовы палац.

Моладзь усё часцей выязджае з Беларусі ў пошуках лепшага жыцця. Гэта велізарная праблема. З’язджаюць лепшыя, маладыя: хутка нас можа напаткаць крызіс працоўнага ўзросту, і не будзе каму забяспечваць выплаты пенсіянерам, бюджэтнікам ды іншым сацыяльным групам. Я ж прапаную не заганяць моладзь у вёскі, не размяркоўваць ў калгасы і чарнобыльскія рэгіёны — а стымуляваць працу ў вёсцы дадатковымі заробкамі, прэферэнцыямі ў бізнесе.

Людзі на вёсцы вартыя лепшага! Зарабляюць тут капейкі і застаюцца ў вёсцы тыя, хто не змог з’ехаць. А між іншым, у Еўропе зусім не так. Людзі на вёсках там зарабляюць велізарныя грошы і карыстаюцца павагай у грамадстве.

Здаецца ж, дзяржава і ў нас стымулюе сельскую гаспадарку? Але там стымулююць закупачнымі цэнамі, грашовымі субсідыямі, даплатамі за экспарт — а ў нас фарбаванай саляркай, а закупачныя цэны дзяржава ўсталёўвае ніжэй за сабекошт;

Што датычыцца падтрымкі бізнесу, шмат чуў абяцанняў ад уладных кандыдатаў «падтрымаць, дапамагаць, развіваць» малы бізнес, а ў выніку нічога не робіцца. Больш таго — з кожным годам умовы працы пагаршаюцца — спачатку скарацілі колькасць наёмных працаўнікоў да трох чалавек, а пасля і ўвогуле адабралі гэтае права ў ІП.

Дарэчы, мінулы кандыдат ад улады абяцала вярнуць такую магчымаць для прадпрымальнікаў, але не толькі не зрабіла гэта, а нават і не спрабавала падаць законапраект на разгляд Парламента.

Я прапаную вярнуць адабранае права наёму працоўных у прадпрымальнікаў па еўрапейскаму прыкладу мікрапрадпрыемстваў.

Праца дэпутата ў тым, каб прымаць законы. Законы, па якіх будуць жыць людзі. Дзейсны ж Парламент адзінагалосна і амаль без абмеркаванняў прымае заканапраекты, перададзеныя “зверху”. Надышоў час выпраўляць старыя памылкі.

Мы з вамі вартыя таго, каб мэраў гарадоў абіралі мы самі, а не нам іх прызначалі.

Маладыя сем’і вартыя мець рэальныя грошы на свае патрэбы, а не віртуальныя льготы.

Мы ужо даўно чакаем рэформы пенсійнага забеспячэння і паляпшэння умоў для малога бізнесу. Мы вартыя лепшага жыцця!

Паважаныя сябры! Сапраўдны палітык павінен разумець, што на ім ляжыць адказнасць перад будучым пакаленнем. Нам з вамі ствараць будучыню для свайго раёна, для нашай Беларусі! Жадаю вам поспехаў, плённай працы і ўсяго самага лепшага.

Шчыра Ваш Віталь Каратыш