Гаспадар расліннага царства

Гаспадар расліннага царства

13 сентября 2012, 15:00
926
Нехта сказаў, што дрэнны чалавек не можа вырошчваць кветкі. Што мелася на ўвазе, дакладна не ведаю: ці то кветкі ў такога чалавека расці не хочуць, ці то ў яго знойдуцца іншыя справы, і такому не да кветак.

Іван Фёдаравіч Тадорскі ўлюблёны ў кветкі. Кветкі ў яго не проста растуць, яны жывуць у яго, а ён жыве імі. Агромністая калекцыя гладыёлусаў — 520 гатункаў! А яшчэ лілеі, ружы, ірысы, цюльпаны, нарцысы… Іван Фёдаравіч шчодра дзеліцца пасадачным матэрыялам з кветкаводамі раёна, Беларусі, Расіі, Украіны…

Кожную расліну трэба не толькі высаджваць, даглядаць і назіраць за ёю, але, калі з’явіцца нейкая хвароба, то і дапамагаць ёй. Часцей за ўсё мы заўважаем кветкі ў той час, калі яны цвітуць. Мы бываем проста зачараваныя прыгажосцю кветак, колерамі і адценнямі. Але ж трэба яшчэ выкапаць кожны клубеньчык, пачысціць, прасушыць і захаваць да наступнай вясны. Патрэбна стварыць спрыяльныя ўмовы для зімоўкі, правесці дэзінфекцыю, каб абараніць ад захворванняў. А яшчэ, што вельмі важна, захаваць чысціню гатунку, пільна сачыць за тым, каб кожны клубеньчык адпавядаў свайму гатунку, каб нічога не пераблыталася. Трэба весці адпаведны каталог, як на паперы, так і ў камп’ютарным варыянце. Сярод кветкаводаў Іван Фёдаравіч — прызнаны аўтарытэт. Да яго звяртаюцца і тады, калі патрэбна вызначыць гатунак па фотаздымку ці нават вусным апісанні. Вырошчванне кветак — цяжкая праца. Трэба весці падрыхтоўку глебы, пачынаючы з восені. Патрэбна ведаць не толькі асновы агранаміі, але і валодаць добрымі навыкамі ў галіне аховы раслін. За старанне, руплівасць і працавітасць кветкі абавязкова ўзнагародзяць прыгажосцю і водарам, прыдадуць натхнення і сіл.

А яшчэ кветкаводы, што займаюцца новымі гатункамі тых жа гладыёлусаў, звяртаюцца да нашага земляка з прапановай даць ім назву. І гэтыя назвы гучаць як спевы птушак, як песні народныя — Новая Зямля, Усмешка Караткевіча, Ларыса Геніюш, Маладзік…

Цвітуць лілеі

Жыццялюб і аптыміст Іван Фёдаравіч Тадорскі не схіляецца перад шматлікімі хваробамі, не скараецца перад цяжкасцямі лёсу. Дапамагае спадарожніца па жыцці — руплівая жонка Марыя Георгіеўна. Акрамя кветніка, саду ды агарода, трымаюць вялікую гаспадарку. Тут ёсць месца козам, трусянятам, качкам, курачкам і нават галубам. Уся гэтая вялізная грамада жывёл і птушак знаходзіцца пад надзейнай аховай і пільным вокам разумнага сабакі. Пірат надзейна вартуе падворак, за што і карыстаецца павагай гаспадароў.

Педагог ад Бога, Іван Фёдаравіч шмат гадоў настаўнічаў. Васемнаццаць гадоў быў на пасадзе дырэктара Дзятлавіцкай сярэдняй школы. За гады працы былі наладжаны сталыя кантакты з замежнікамі, былымі выпускнікамі і спонсарамі рознага кшталту. Гэта спрыяла матэрыяльна-тэхнічнаму развіццю школы. Іван Фёдаравіч — спартыўны заўзятар, сам шмат гадоў прысвяціў спорту. Зараз чытае спартыўную прэсу, праглядае адпаведныя тэлепраграмы, цікавіцца поспехамі землякоў.

Іван Фёдаравіч жыве ў нагу з часам. Шмат гадоў аддаўшы школе, не саромеецца вучыцца сам. Асвойвае сучасную тэхніку і новыя тэхналогіі. Дасканала валодае камп’ютарам, смела вандруе па сусветнай павуціне пад назвай Інтэрнет. Іван Фёдаравіч не без гонару распавядаў мне пра тыя часы, калі будучы дырэктарам, хадзіў на заняткі па інфарматыцы разам са школьнікамі. Вучыцца ніколі не позна, і атрыманыя веды заўсёды спатрэбяцца ў жыцці.

Цудоўны суразмоўца заўсёды знойдзе патрэбныя словы як для дарослага чалавека, так і для дзіцяці. Еду да яго заўсёды з сынамі. Ён умее не толькі добра гаварыць, але і слухаць. Не заўважаеш, як ідзе час. А калі з’язджаеш, то разумееш, што ў Дзятлавічах ты займеў пазітыўны зарад, атрымаў энергію дабра.