Хто ў нас нарадзіўся летам?

Хто ў нас нарадзіўся летам?

13 сентября 2012, 15:00
1447
Па маіх падліках, за лета ў Лунінецкім раёне нарадзілася 205 дзяцей: 96 хлопчыкаў, 109 дзяўчынак.

Найбольш дзяўчынак бацькі назвалі Дар`ямі (15) і Валерыямі (11), а хлопчыкаў — Яўгенамі і Аляксандрамі (па 10) і Іванамі (9). Папулярнымі сталі таксама імёны ў дзяўчынак — Лізавета (5), Ганна, Аліна, Яна, Дзіяна (па 4), у хлопчыкаў — Ілья (7), Ягор, Цімафей, Мацвей, Раман і Максім (па 4).

Ёсць у спісах і дзеці з экзатычнымі імёнамі: Злата, Ілона, Віталіна, Мілена, Амілія, Уладлен і нават двайныя, на каталіцкі лад — Кацярына-Рассела, Агнія-Марыя. Тое, што неўласцівыя для нашых мясцін імёны даюць бацькі-замежнікі (напрыклад, армянскае Гор), не дзіўна, але на такі крок ідуць і нашы тутэйшыя жыхары.

Ужо стабільна ўвайшлі ва ўжытак імёны герояў расійскіх серыялаў, казак, раманаў: Кіра, Аліса, Анжаліка, Маргарыта.

Найноўшая тэндэнцыя — адраджэнне старадаўніх, даўно забытых намінацый. Напрыклад, Ева, Малання, Магдаліна, Златаслава, Уладзіслава, Міраслава, Яраслаў, ды і такія імёны, як Радзіён, Лізавета, Дар`я, Крысціна, Ксенія, Захар, Ульяна, Мацвей, Ціхан, Цімафей, Марк, Кірыл, Даніл былі папулярнымі да 30-х гадоў мінулага стагоддзя, цяпер вернуты ва ўжытак і сталі запатрабаванымі. Толькі заўважым, што тады яны існавалі ў нашых мясцінах як беларускія: Радзівон, Цімох, Марка, Кірыла, Даніла, Вулляна, Хрысціна, Аксеня і т.п., а цяпер пішуцца на рускі лад.

Ды і шмат спрадвечна знакавых імён для нашых месцаў, на жаль, забыта сучаснымі маладымі бацькамі. Так, калі за летнія месяцы Марыямі названы 3 дзяўчынкі, а Таццяне, Міхаілу, Мікалаю, Паўлу нададзена па 1 асобніку, то ні аднаго хлопчыка не назвалі Васілём, Пятром, Сцяпанам, Рыгорам. Не з`явілася ні адной Вольгі, Надзеі, Веры і Любові.

Последние новости