Кліча радзіма

Кліча радзіма

13 сентября 2012, 15:00
915
На мінулым тыдні пашчасціла сустрэцца са сваякамі з Украіны. Анатоль і Таццяна Белка прыехалі з горада Канатоп Сумскай вобласці. Папярэдні візіт у Беларусь быў у далёкім 1986 годзе. Сустрэчы са шматлікай раднёй і наведванне Лунінца і вёсак раёна не пакінулі гасцей абыякавымі. Шматлікія добрыя ўражанні яшчэ доўга будуць нагадваць ім пра наведванне беларускага Палесся. А мяне крыху здзівіла іх звычка хадзіць у госці са сваім хлебам. Перад наведваннем кожнай хаты купляецца свежы бохан і яшчэ нешта да хлеба.

Карыстаючыся магчымасцю, гутару з гасцямі. Анатоль працуе ў газавай галіне, Таццяна — дзяржаўны служачы. Дачка таксама працуе побач з мамай. Заробкі дазваляюць годна жыць, а ў час летняга адпачынку падарожнічаць.

— Чаму прыехалі ў Беларусь на такі кароткі тэрмін? — пытаюся я.

— Не ведаў, што так добра прымуць, — смяецца Анатоль,- вось і ўзяў адразу квіткі на зваротны шлях.

— Што больш за ўсё ўразіла ў Багданаўцы?

— Цеплата і ветлівасць блізкіх і далёкіх сваякоў, што жывуць у гэтай вялікай вёсцы. З некаторымі сустракаўся ўпершыню, але яны ўсё роўна вельмі прыязна да нас ставіліся.

— Ну, гэтага, як кажуць, у палешукоў не адняць, а што яшчэ ўразіла? — зноў насядаю з пытаннямі.

— Прыемна здзівіла, што захавалася да гэтага часу хата дзеда Яўсея, мамінага бацькі. Мне дагэтуль час ад часу сняцца сны з майго дзяцінства, і я бачу ў снах гэты дом, але меркаваў, што яго ўжо няма.

— А як вам краіна? Ці ёсць розніца паміж сучаснай Беларуссю і той, што была ў часы СССР?

— Розніца агромністая, — далучаецца да размовы спадарыня Таццяна, — калі б не некаторыя акалічнасці, то можна сказаць, што Беларусь больш еўрапейская, чым Украіна.

— А што за акалічнасці?

— У нас ваша краіна, часцей за ўсё, прадстаўляецца людзям як нейкая смачная цукерка, запакаваная ў яркую, прыгожую паперку. Маўляў, няма ў іх ніякіх праблем і жыццё там — сапраўдны сацыялістычны рай. Але на самой справе ўсё далёка не так. Праблем хапае — і эканамічных, і палітычных. Хоць просты народ вельмі добры, праца-віты, прыязны. Людзі ў большасці сваёй культурныя і адукаваныя.

— З эканомікай больш-менш зразумела, а што насцярожыла ці здзівіла вас у па-літычным жыцці нашай краіны? — пытаюся ў сімпатычнай суразмоўцы.

— Напрыклад, я з жахам даведалася, што так жорстка праследуецца іншадумства, што за нейкія палітычныя погляды можна нават атрымаць турэмны тэрмін.

— Менш чым праз месяц у Беларусі адбудуцца парламенцкія выбары. Можа, на нешта звярнулі і вы сваю ўвагу?

— Дзіўна, што няма ніякай агітацыі. Нам на вочы трапляўся толькі адзіны плакат з заклікам галасаваць за нейкую жанчыну. Хоць нам казалі, што кандыдатаў у дэпутаты ажно тры. Відаць, спрацоўвае славуты “адміністрацыйны рэсурс”, — дзеліцца ўражаннямі Анатоль.

— Украінцы зусім па-іншаму ставяцца да выбараў, і кампаніі такога кшталту ў нас праходзяць не так,- смяецца Таццяна.

— Давайце пагамонім пра нешта больш прыемнае. Напрыклад, мне цікава, што б вам хацелася павезці з Беларусі, акрамя ўражанняў і ўспамінаў ад сустрэч?

— У вас якасны абутак, мы, бывае, едзем за ім у Гомель. Можа, і ў Лунінцы што-небудзь набудзем. Беларускі абутак скураны, якасны, ды і модны, што немалаважна, — дзеліцца планамі Таццяна.

— А яшчэ каўбаса сыравэнджаная вельмі смачная, сябры прывозілі неяк і частавалі,-дадае Анатоль.

На развітанне жадаю маім суразмоўцам шчаслівай дарогі і запрашаю наведваць дзедаўскі падворак у любы зручны для іх час.