Маму трэба слухаць

Маму трэба слухаць

13 сентября 2012, 15:00
1997
Проза жыцця

Шмат у якіх сучасных маладых жанчын у жыцці ёсць такія два перыяды: «Маму трэба слухаць» і «Маму трэба было слухаць».

Алачка была ў першым з гэтых двух. Кожны раз, калі ішла на дыскатэку ці на нейкую там іншую тусоўку, мама папярэджвала: «Хлопцаў трэба асцерагацца», «Хлопцам не вер — блізка не падпускай»… Алачка цярпець не магла мацерыных натацый, агрызалася: «Твае погляды даўно састарэлі. Яны засталіся ў мінулым тысячагоддзі. Цяпер — свабода адносін, жыць трэба з даверам»…

А ў хуткім часе заявіла:

— Хачу жыць правільна, па-даросламу. У мяне ёсць хлопец, будзем жыць «гражданским браком».

— Трэба па-людску шлюб зрабіць, з вяселлем, — запэўнівала маці.

Ды хто цяпер тых мацярэй слухае! Аддзялілася, пачалі з «мужам» жыць на з`ёмнай кватэры. Жылі каля паўгода, але хлопец аказаўся гулякам, пасварыліся, разышліся. Ала аказалася не проста «збракаванай», але і цяжарнай. Вярнулася да маці. Думае, перажывае.

У жыцці наступіў той другі, доўгі, сумны перыяд — «трэба было маму слухаць».

Мяжа адносінаў

Ганька была дзяўчынай — ого!, як пісаў паэт: «Коня на скаку остановит, в горящую избу войдёт», а таму на хлопцаў глядзела звысоку і, калі хто імкнуўся правесці яе з гулянкі дамоў ці наладзіць адносіны, кожнаму давала адварот: да адных ставілася з насмешкай, да другіх з пацешкай.

Яна, і праўда, умела рабіць жаночую і мужчынскую работу, умела вышываць і прыгожа танцаваць.

Не выйшла замуж у 20, не выйшла і ў 25. А к 30-ці пачала сама заігрываць з хлопцамі, але ніхто ўжо на яе не заглядваўся. І куды падзелася тая энергія!

Памерлі бацька, маці, яна засталася самотнай. Асунулася, стала задуменнай і не раз сцвярджала: «От дурная была»…

Пасля 40 — згарэла як свечка.

Цана рызыкі

Стары анекдот. «Дзеванька, сядай, падвязу», — запрашае ў машыну шафёр. «Я не дзеванька. мяне ўжо падвозілі», — кажа тая ў адказ. І не садзіцца, бо навучана.

А вось сённяшнія рэаліі. Едзем машынай па трасе. На ўзбочыне стаіць маладая жанчына, галасуе, каб пад`ехаць спадарожна да сваёй вёскі, не зважаючы, хто падбярэ: адзі-нокі шафёр ці цэлая ватага хлопцаў.

Ці вось яшчэ. Едзем з сябрам па горадзе. На адной з вуліц на краі тратуара — дзве дзяўчыны. Зусім яшчэ маладыя, прыгожыя, з густам апранутыя, з адкрытымі да «расох» ножкамі — зразумела, што ім трэба.

Мы не спыняемся. А хтосьці ж спыніцца. І добра, калі для справы задавальнення, а бывае ж…

У знаёмых прапала дачка, якая з горада дабіралася дамоў аўтастопам. Выехала — не даехала.

Свет не без добрых людзей, але свет і не без паскудаў.

Сцяпан Нефідовіч, в.Любань