Паважаныя землякі!

Паважаныя землякі!

13 сентября 2012, 15:00
5500
У мяне няма магчымасці сустрэцца з кожным з Вас, няма і падначаленых, якія б агітавалі на прадпрыемствах; таму дазвольце звярнуцца да вас са старонкі роднай газеты. Хачу расказаць вам пра сябе, а таксама пра тое, што я лічу патрэбным зрабіць у Парламенце. Беларусь стаіць зараз на парозе пераменаў. І ад нас з вамі залежыць, якія гэта будуць перамены. Каб пазбегнуць памылак і адпавядаць часу, нам проста неабходныя новыя, сучасныя, ініцыятыўныя палітыкі.

Моладзь — найважнейшая каштоўнасць нашай краіны

Маладыя людзі ўсё часцей выязджаюць з Беларусі ў пошуках лепшага жыцця. Гэта велізарная праблема. З’язджаюць лепшыя, маладыя:

хутка не будзе каму забяспечваць выплаты пенсіянерам, бюджэтнікам ды іншым сацыяльным групам. Я прапаную не заганяць моладзь у вёскі, не размяркоўваць ў калгасы і чарнобыльскія рэгіёны, а стымуляваць працу ў вёсцы дадатковымі заробкамі, прэферэнцыямі ў бізнесе.

Што датычыцца падтрымкі бізнесу

Шмат чую абяцанняў ад улады «падтрымаць, дапамагаць, развіваць» малы бізнес, а ў выніку нічога не робіцца. Больш таго — з кожным годам умовы працы пагаршаюцца — спачатку скарацілі колькасць наёмных працаўнікоў да трох чалавек, а пасля і ўвогуле адабралі гэтае права ў індывідуальных прадпрымальнікаў.

Кіраўніцтва краіны ўжо пачынае разумець вартасць уласнага малога бізнесу, але абмежавалася «касметычнымі» папраўкамі — паскорылі рэгістрацыю ПУП, ІП ды крыху зменшылі валакіту з паперамі. Але гэта не змяняе сутнасці праблемы.

Я прапаную вярнуць адабранае права наёму працоўных у прадпрымальнікаў, па еўрапейскім прыкладзе мікрапрадпрыемстваў, а таксама палепшыць умовы крэдытавання.

Жыццё ў вёсцы і сельская гаспадарка

Я досыць падрабязна вывучаў еўрапейскі досвед у галіне сельскай гаспадаркі, стажыраваўся ў Польшчы ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі. Розніца проста пужае. У Еўропе ўвогуле адсутнічае «бітва за ўраджай». Дзяржава там займаецца датацыямі не «працэсу», а прадукту вытворчасці, дае гарантыі рэалізацыі прадукцыі, а не прымушае здаваць малако па цане, ніжэйшай за сабекошт. Падтрымка жыцця ў вёсцы

вядзецца не праз пабудову «прэзідэнцкіх домікаў”, а праз паляпшэнне інвестыцыйнага клімату і дабрабыту вёскі. Такім чынам, у еўрапейскіх вёсках будуюцца прыгожыя катэджы, а не звычайныя хаткі.

Праца дэпутата ў тым, каб прымаць законы

Законы, па якіх будзем жыць мы і нашыя дзеці. Не верце тым кандыдатам, якія абяцаюць вам “залатыя горы”, — гэта падман!

Дэпутат Парламента не будуе дарогі і лазні, школы і садкі. На гэта ёсць бюджэт і план развіцця раёна. Дэпутат можа толькі пракантраляваць выкананне абавязкаў мясцовай уладай і будаўнічымі арганізацыямі.

Дзейсны Парламент рэдка выступае з заканадаўчай ініцыятывай, а толькі адзінагалосна і амаль без абмеркаванняў прымае законапраекты, перададзеныя “зверху”. Я не збіраюся там “адседжвацца” і бяздумна галасаваць “за”, баючыся страціць сваё крэсла, бо мяне вылучылі Вы, простыя людзі, а не прызначылі ўлады.

Што я буду імкнуцца змяніць за час працы ў Парламенце

— Мэраў гарадоў павінны выбіраць людзі, а не прызначаць “зверху”.

— Маладыя сем’і вартыя таго, каб мець рэальныя грошы на іхнія патрэбы, а не віртуальныя льготы. Гэтага можна дамагчыся стварэннем “матчынага капіталу” па прыкладзе развітых краін.

— Прапаную паступовую рэформу пенсійнага забеспячэння і паляпшэнне ўмоў для малога бізнесу.

Не бойцеся пераменаў! Давайце шчыра і адкрыта абмяркоўваць і вырашаць нашыя праблемы! Ніхто іх за нас не вырашыць, апроч нас саміх. Нам з Вамі ствараць будучыню для свайго раёна, для Беларусі!

І я веру ў Вас, сваіх землякоў, бо нідзе не бачыў такіх шчырых і працавітых людзей, як тут, у родным раёне.

Жадаю вам поспехаў, плённай працы і ўсяго самага лепшага.

Шчыра Ваш Віталь Каратыш

Эканаміст, прадпрымальнік, 28 гадоў, беспартыйны.
Нарадзіўся і жыве ў вёсцы Кажан-Гарадок.
2002 г. — эканаміст у калгасе “Перамога”, в.Лахва.
2002-2006 г.г. — дырэктар Дрэбскага сельскага Дома культуры.
2006-2007 г.г. — намеснік дырэктара будаўнічай фірмы ТАА “ЭМА Палессе”.
У 2008 г. балатаваўся ў Парламент. Служыў у арміі ў 2008-2009 гадах.
З 2010 г. па сённяшні час — прадпрымальнік у галіне кансультацый па камерцыйнай дзейнасці і кіраванні.
Скончыў Столінскі аграрна-эканамічны каледж па спецыяльнасці “эканоміка і кіраванне”, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “дзяржаўнае кіраванне”.
Прайшоў навучанне ва ўніверсітэце Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне па спецыяльнасці “Права і адміністрацыя”, у Вышэйшай школе дзяржаўнага кіравання ў Варшаве. Стажыраваўся за мяжой, вывучаў еўрапейскае права, геапалітыку, рэгіянальнае развіццё. Атрымаў практычны досвед у Чэхіі, Літве, Польшчы, Малдове.
Валодае англійскай, італьянскай, польскай мовамі.

Для кандыдатаў у дэпутаты 1 см2 рэкламнага матэрыяла на 4-й старонцы — 1060 рублёў