З падарожы па Палесьсі

З падарожы па Палесьсі

13 сентября 2012, 15:00
855
Палесьсе. Першая сустрэча з Паляшукамі Матэрыял, які прапануем увазе чытачоў, даслаў нам В.Рубінчык (г.Мінск). Змешчаны ён быў у віленскім часопісе “Шлях Моладзі” №1, 1932 (с.7-9), аўтар - Фр.Цяцерскі. Мы вырашылі дзеля «каларыту эпохі» захаваць тагачасныя правапіс і лексіку. Адзначым, што слова «жыд» у 1920-30-я гады ўжывалася ў літаратурнай беларускай мове як у Заходняй Беларусі, так і ў БССР, у тым ліку яўрэйскімі пісьменнікамі (напрыклад, Змітраком Бядуляй)...

Па ад’езьдзе з ст.Ляхавіч пачало нам сьвітаць. Пасажыраў у вагонах было мала, толькі часам на якой станцыі ўсядзе жыд лясны — купец, што едзе ў палескія лясы, або паліціянт з арыштаваным паляшуком, якога вязе ў Лунінскую турму адбываць кару за “кра-дзеж” лесу.

Раніца была цудоўна пекная. Неба чыстае, яснае, быццам у лязуры выкупанае. Праз адчыненыя вокны вагону даходзіў прыемны арамат летняй раніцы. З вялікай прыемнасьцяй і прагавітасьцей глытаў я поўнымі грудзьмі жыцьцядайнае паветра палескай раніцы.

Гэта быў першы раз, калі я пабачыў і адчуў палескую летнюю раніцу, якой ня бачыў у іншых старонках Беларусі. Яснае сонейка ўскацілася з-за палескіх раўнінных балотаў і сваімі пяшчатлівымі праменьчыкамі мамэнтальна абліло ўсю роўнядзь, пакрытую мокрымі сенажацямі, карлаватым кустарнікам і вялікім мохам. Заіскрылася брылянцістым блескам раньняя густая раса, асеўшая на цэлым палескім краявідзе і гэтым упрыгажала сваей дыямантавай сарочкай воблік панурага Палесься.

Амаль, што ад Ляхавіч пачынаецца Палескі краявід і цягнецца аж пад Валынь. Калі пад’ежджаецца бліжэй да Лунінца, то тут ужо бачыцца праўдзівае беларускае Палесьсе у поўным ягоным выглядзе. Па абодвух бакох чыгункі цягнуцца неабнятыя вокам раўніны, паросшыя хмызьняком і вялікай травой — асакой.

Між хмызьняку можна пабачыць прагаліны, часам даволі вялікія: гэта сенажаці і вастраўкі пахатнага поля. Глянуўшы на такую сенажаць здавалася-б, што на ей расьце мурог, але сапраўды яна пакрытая дзікай травой, якую нават козы есьці ня хочуць. На такой сенажаці можа пасьвіцца толькі палескае быдла, бо нашая карова там зараз-бы загразла па вушы: пад гэтай травой — трасучае бяздоннае багна. Аднак гора і неабходнасьць ня толькі чалавека, але і скаціну навучаюць змагацца з бязлітаснай прыродай, з тымі варункамі, у якіх знаходзяцца. Наш наддзьвінскі селянін прапаў-бы ў тых абставінах, у якіх праз цэлае сваё жыцьцё знаходзіцца Паляшук.

Возьмем хоць-бы для прыкладу, такую сенажаць, па якой можа йсьці толькі нашая курыца, а Паляшук ідзе, косіць і збірае стуль сена. Колькі ён кладзе мазольнай працы, якая зусім не аплачывае труду! І аднак — змагаецца да апошняй хвіліны. Дык і нічога дзіўнага, калі Паляшук культуральна ніжэй стаіць ад іншых Беларусаў: — ён ня мае часу на разьвіцьцё свайго духа, ён усю сваю ўвагу, сілу і энэргію зьвяртае на барацьбу з суровымі ўмовамі жыцьця фізычнага.

Першы раз пабачыў я (хоць з цягніка) праўдзівага, жывога Паляшука, пад’яжджаючы пад Лунінец. Быў гэта стары пастух, які недалёка ад чыгункі трымаў на павадку худую, маленькую кароўку, — пасьвіў яе. Апрануты ён быў вельмі ўбога: кароткая саматканая, вынашаная і зусім палатаная сьвітка, порткі — колер якіх акрэсліць нельга: падобны да зямлі — зрэбныя. Стаяў гэты стары Паляшук і панура глядзеў на цягнік, што пралятаў міма яго, адначасна засланяючы хмарай густога дыму.

Лунінец. Тут цягнік стаяў нейкіх мусіць з пятнаццаць хвілін. Выкарыстоўваючы гэты час, вышаў я з вагону, каб паглядзець на палескае места. Пры дзьвярох вагону сустрэлі мяне Паляшукі — балаголы, якія адзін перад другім дапытываліся, ці ня трэба мяне адвесьці ў места. Зварочываліся да мяне паляшуцкім дыалектам: “Куды пана завесты? У мяне добры конь — як відіш заедэмо”.

Гэтыя Паляшукі лічуцца за бывалых людзей, бо яны штодзень бываюць на станцыі, скуль развозяць пасажыраў. Апрануты яны таксама былі лепш ад таго старога пастуха: сьвіткі ў іх цэлыя, лапці новыя і анучкі нават чыстыя, кожны меў чырвоную хустачку на шыі, якая  ззаду не відалася, бо яе закрывалі русыя, доўгія ў бязладным парадку ляжачыя валасы.

Здаецца-б ахвотна паехаў з усімі гэтымі балаголамі, але, нажаль, трэба было ехаць цягніком далей — у глыб Палесся.

Зараз рухнуў цягнік і панёс далей на Палесьсе, у бок Сарнаў. З Лунінца прыбыло некалькі новых пасажыраў, былі гэта пераважна жанчыны. З вялікай цікавасцю прыглядаўся я тубыльцам, бо яны розьняцца ад мяне сваім выглядам, вопраткай, а нават крыху і мовай. Хацелася мне пачаць з імі гутарку, але баяўся, каб ня было тое, што з тымі сялянамі, якія ехалі ад Вільні ды не хацелі гутарыць са мною. Аднак, хоць здалёку, прыслухоўваўся я іхнай гутарцы. Жанчыны адна аднэй расказывалі пра свае беды “Шоб ён брухам цяхаўся па землі той гад, як ён мяне сьцягаў на суд за ягады” — казала адна. Яна расказывала суседцы, што эканом падаў яе ў суд за ягады.

Яшчэ перад Лунінцам пачалася мая праца этнаграфічная — ад таго старога пастуха — і чым далей еду, тым больш бачу цікавых рэчаў. Вось і гэтыя жанчыны мяне цікавілі: іхная гутарка, прыгожая арыгінальная людовая вопратка, рысы іхных твароў і г.д. Прыглядаючыся з вялікім зацікаўленьнем да палескага краявіду бачыў, як Паляшукі валамі аралі, на валох ехалі кудысь. Бачыў, як яны, падвязаўшы дошкі-лыжы да ног, хадзілі па дрыгвяным балоце, грабілі сена і складалі ў стагі. А гэтае сена з балотаў яны вывозяць толькі зімой. Час ад часу можна было пабачыць паляшуцкую вёску, хаткі там ніскія, вакон мала і тыя вельмі малыя, а няраз мяхом заткнутыя. З гэтай вёскі веела ўбогасьцю, нядоляй і вечнай бядой, недастаткам.

Так хутка час праляцеў, што неагледзіўся, як даехаў да станцыі — Сарнаў. Тут перасеў я на іншы цягнік і паехаў на ўсход пад Савецкую граніцу да ст.Клесава, якая знаходзіцца ў вельмі прыгожым месцы: навакола малога мястэчка і станцыі, якія нядаўна пабудаваныя — вяночкам абступае дубовы і сасновы лес. Месца гэта раўніннае, як і агулам усё Палесьсе.

Вышаўшы з станцыі ўзноў спаткаўся я з Палешукамі, якія параілі мне куды йсьці пасьнедаць.

У мястэчку ўсе жыхары гутараць “папаляшуцку”, а нават і паліцыянты, калі хто да іх зварочваецца ў гэтай мове. Палесьсе і Паляшукі з кожным разам робяць на мяне прыямнейшае ўражаньне. Пачаткава чуюся тут як белы сярод нэграў. Каб ня зрываць кантакту з Паляшукамі, я папрасіў двух з сабою на сьнеданьне. П’ючы сьвежае малако, баім (размаўляем) “папаляшуцку”.