Гонка за ўдачай

Гонка за ўдачай

20 сентября 2012, 13:00
808
8 верасня ў краіне прайшоў ІХ чэмпіянат Беларусі па спартыўнай арніталогіі, які ладзіцца грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”(АПБ).

Сутнасць спаборніцтва — на працягу 12 гадзін каманда з чатырох чалавек павінна адзначыць (убачыць або пачуць) як мага большую колькасць відаў птушак.

У сёлетняй гонцы за птушкамі ўдзельнічала 11 каманд. Пяць з іх маршруты назіранняў праклалі па Брэсцкай вобласці. Сярод іх каманда “Прыпяцкі плёс”, месцам старту якой была вёска Лахаўка.

Вынікі каманды дазваляюць па-сапраўднаму ганарыцца багаццем палескай прыроды. З 71 віду птушак (гэта вынік каманды) 53 былі адзначаныя на тэрыторыі выключна нашага раёна, астатнія 18 — у суседнім Жыткавіцкім.

30 пераважна лясных відаў каманда адзначыла паблізу вёскі Запроссе: сініцы, грычуны, стрынаткі, кавалік і звычайны паўзунок, чорная жаўна, валавока, малінаўка, балотны лунь, канюк, шуляк-галубятнік… 11 відаў адзначылі ў ваколіцах Лахаўкі, Любані і Лахвы: тут найбольш цікавай была сустрэча з арлом-вужаедам, а на сажалках рыбгаса “Лахва” было прыемна сустрэць пяць відаў кулікоў (вялікага грыцука, бакаса, вялікага кіркуна, куліка-случака і куліка-селянца).

Хочацца падзяліцца найбольш цікавымі момантамі. Ніколі не бачыла чорнага бусла, які проста стаіць (заўсёды задзіраеш галаву, сочачы за яго высокім палётам) — і тым больш у такой колькасці. І вось табе: больш за сорак чорных буслоў стаяць, уцягнуўшы галовы ў плечы. Быццам спраўляюць нейкі рытуал. Вакол чаплі, чайкі, качкі, а на чале гэтай працэсіі, на невялікім аддаленні — арлан-белахвост.

Каманда «Прыпяцкі плёс»

Вяртаемся ад адной з сажалак рыбгаса “Белае” паўз канаву і на адлегласці ў некалькі метраў заўважаем квакву, што адпачывае на галінцы дуба. Рэдкі выпадак, падчас якога птушка дазволіла сябе добра разгледзець і нават сфатаграфаваць. Да і сама птушка рэдкая.

Вельмі складана вызначаць дробных птушак: яны на месцы не сядзяць, блізка не падпускаюць, сярод лісця і галля хаваюцца. А таму вельмі радуешся тым выпадкам, калі ўдаецца «павітацца».

Мы не сталі пераможцамі чэмпіянату — сёлетнія чэмпіёны адзначылі 114 відаў птушак! Усе разам удзельнікі чэмпіянату за 12 гадзін пабачылі 177 відаў птушак — гэта палова ад усіх птушак, калі-небудзь адзначаных ў краіне. Для мяне такія спаборніцтвы — гэта гонка за Ўдачай. Нашай удачай былі цікавыя сустрэчы з птушкамі. І з людзьмі. Падчас гэтага чэмпіянату мы набылі новага сябра, удзельніка нашай каманды, дадаўшага ведаў і ўпэўненасці.

Последние новости