Ленін — у гонар Леніна?

Ленін — у гонар Леніна?

Калі вам даводзілася ехаць у напрамку сталіцы па аўтадарозе Р23 Мікашэвічы-Салігорск, то, напэўна звярталі ўвагу на ўказальнік на 9-м кіламетры гэтай шашы. Дарожны знак накіроўвае ў вёску Ленін, што месціцца на правым беразе Случы. Зараз гэта Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці.

Паводле падання, паселішча атрымала сваю назву ў гонар Алены, дачкі мясцовага абшарніка, што патанула ў рэчцы. У мясцовых краязнаўцаў існуе цікавая версія паходжання псеўданіма Уладзіміра Ульянава — правадыра сусветнага пралетарыята. Быццам бы ў 1895 годзе Ульянаў спыніўся ў Вільні, дзе знайшоў спонсараў рэвалюцыйнай дзейнасці сярод габрэяў мястэчка Ленін. Ці то назва спадабалася, ці то дапамога была шчодрай, але назва паселішча быццам бы стала псеўданімам Ульянава.

Першыя звесткі пра Ленін узгадваюцца ад 1568 года ў прывілеі вялікага князя Жыгімонта Аўгуста князю Юрыю Алелькавічу на заснаванне паселішча. Ягоны бацька, таксама Юры Алелькавіч, князь слуцкі, удзельнік Аршанскай бітвы, быў жанаты на Алене Радзівіл. Магчыма, для яе стары князь зрабіў такі падарунак – сядзібу з імем каханай князёўны Алены.

З XVII ст. паселішчам валодалі Радзівілы. У 1778 г. была пабудавана царква Раства Багародзіцы, у ёй захоўвалася Евангелле 1673 года.

Капліца на праваслаўных могілках

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ленін апынуўся ў складзе Расій-скай імперыі. А згодна з Рыжскай мірнай дамовай (1921) стаў належаць Польшчы. У 1939 г. Ленін увайшоў у склад БССР і атрымаў статус пасёлка гарадскога тыпу і стаў цэнтрам раёна. З 16.08.1941 па 6.07.1944 знаходзіўся пад акупацыяй. У маі 1942 года фашысты стварылі ў мястэчку гета, якое было знішчана 14.07.1942 г. Было расстраляна 1850 чалавек.

У 1952 г. статус Леніна быў паніжаны да вёскі.

Помнікі на габрэйскіх могілках

На старых праваслаўных могілках у сасонніку захаваўся выдатны помнік драўлянага дойлідства — капліца ў гонар скасавання прыгону ў 1861 годзе. Будыніна амаль спарахнела, але яшчэ стаіць. На гэтых жа могілках пахаваны 1200 жыхароў, што загінулі 16.02.1943 г. у час карнай экспедыцыі, аб чым нагадвае помнік.

Нямыя сведкі мінуўшчыны

Побач яшчэ адны могілкі — яўрэйскія. На ўваходзе — помнік ахвярам Халакосту. Тут таксама шмат надмагілляў з бетону і дрэва. На драўляных цікавая разьба і яўрэйскія тэксты.

На жаль, гістарычная спадчына мястэчка амаль страчана. Няма сінагогі, сядзібы Радзівілаў і царквы Нараджэння Божай Маці…

Последние новости