Лунінеччына ў краязнаўчым працэсе

Лунінеччына ў краязнаўчым працэсе

27 сентября 2012, 13:00
Автор:
2131
Частка 4.

Частка 1

Частка 2

Частка 3

У 2009 годзе былі выдадзены кнігі і брашуры “Край родной наш Лунинетчина” (Мінск, выдавецтва “Рыфтур”), “Культура Лунинетчины” (Брэст, выданне аддзела культуры Лунинецкага райвыканкама). Клуб “Муза” выпусціў брашуру ўспамінаў Сцяпана Нефідовіча “Сустрэчы і расставанні”, урыўкі з якой надрукавала пазней “Краязнаўчая газета”. Васіль Туміловіч выдаў у Берасці кнігу “Фальклор Камянецкага раёна”. Лунінецкі раённы музей быў адзначаны дыпломам 2-й ступені за навуковыя даследванні па ваенна-патрыятычнай тэматыцы. Ніна Трэгубава, настаўніца ліцэя г.Лунінца, стала дыпламантам Таварыства беларускай школы за 2009 год. Сярод пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Река моего детства” — Леў Коласаў і настаўніца Палескай СШ Людміла Пятніца.

У ліпені 2009 года была адноўлена традыцыя Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў — навуковая канферэнцыя прайшла на базе Лунінецкага раённага музея. Па яе выніках раённая бібліятэка і клуб “Муза” выпусцілі зборнік “Лунінецкія краязнаўчыя чытанні”. Іх жа намаганнямі тым жа летам ўбачыў свет зборнік вершаў і песень пра Лунінец “Нет города роднее и милей…” Праз месяц на базе раённай бібліятэкі прайшла краязнаўчая канферэнцыя да 70-годдзя падзей верасня 1939 года.

У 2010 годзе убачыў свет “Лунінецкі сшытак” №9-10, праз год — №11. У кастрычніку 2010 года ў раённым музеі прайшлі 7-я Лунінецкія краязнаўчыя чытанні. Сцяпан Нефідовіч выдаў брашуру ўспамінаў «Іх яднала дружба» (2010) — пра сяброўства Андрэя Макаёнка і старшыні любанскага калгаса Уладзіміра Сцепчанкі. Нарыс С.Нефідовіча «Ад Цны да Случы» пра рэкі Лунінеччыны склаў змест брашуры «Лунінецкі сшытак. Спецвыпуск №4» (2010). У Івана Панасюка выйшла кніга пра яго малую радзіму — «Остромечево и «остромычивци» (Брэст, 2010). У Мінску выйшаў зборнік «Лунінецкая памяць. Дадатак 4. Духоўнасць». Васіль Туміловіч выдаў кнігу аб Камянеччыне «Исторический очерк Новицкович и деревень сельсовета» (Брэст, 2011).

Даклады Вадзіма Жылко і Васіля Туміловіча на міжнароднай канферэнцыі «Берасцейскія кнігазборы» (2008) былі змешчаны ў аднайменным зборніку (Брэст, 2010). Слонімскі даследчык Сяргей Чыгрын у кнізе «Жыў адной песняй» (Мінск, 2010) пра кампазітара і дырыжора Антона Валынчыка (1896-1985) згадаў і лунінецкі перыяд яго жыцця.

У 2010 годзе ў в.Лобча, у 2011-м — у в.Дзятлавічы праводзілі даследаванні траецкіх абрадаў на тэрыторыі Лунінеччыны навукоўцы акадэмічнага Інстытута этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклору. Некалькі гадоў працавалі ў Лунінецкім раёне і студэнцкія экспедыцыі з БДПУ імя М.Танка на чале з дацэнтам Алесем Лозкам — былі сабраны матэрыялы для двухтомніка “Фальклор Лунінеччыны”.

У 2011 годзе убачыў свет фотаальбом “Лунінец і ваколіцы” (выдавец — ААТ “Вячэрні Брэст”).

Трэба зазначыць, што стварэнне гісторыі таго ці іншага рэгіёна, хаця абапіраецца найперш на архіўныя крыніцы, спецыялізаваныя выданні, але не можа абыйсціся без пэўнай «публіцыстычнасці», паколькі актыўна выкарыстоўваюцца таксама ўспаміны сведкаў і ўдзельнікаў падзей, матэрыялы сямейных архіваў і г.д. Гэта дастаткова агульная практыка ў краязнаўчай рабоце, вядома ж, пры крытычным вывучэнні такіх крыніц. Тым не менш яны дазваляюць стварыць больш дэтальную і красамоўную карціну падзей мінулага. Не выпадкова шэраг мемуараў землякоў быў выкарыстаны пры стварэнні кнігі “Памяць. Лунінецкі раён”. Успаміны таксама скарыстоўваліся лунінецкімі краязнаўцамі пры стварэнні гісторыі асобных вёсак, школ і г.д. Шмат у чым на мемуарных сведчаннях пабудаваны гістарычныя даследванні аб трагедыі вязняў гета на тэрыторыі Лунінеччыны, у чым сваю ролю адыгралі былыя землякі, цяперашнія жыхары «далёкага замежжа».

Краязнаўства паводле сваёй спецыфікі на першы погляд арыентавана быццам бы не на велічныя падзеі гісторыі, а на «непрыкметнае» жыццё многіх пакаленняў людзей з іх агульнымі і адметнымі рысамі. Таму і даследчыкі-краязнаўцы, а таксама іх праца, часам шматгадовая, вядомы нярэдка толькі вузкаму колу людзей у межах пэўнай вёскі або раёна. Зразумела, што гісторыя свайго роднага краю цікавая найперш людзям, якія тут жывуць. Але гэта не значыць, што мы не павінны расказваць пра сціплых працаўнікоў краязнаўчай галіны, паказваць іх здабыткі як мага большаму колу зацікаўленых асоб.