Парадоксы? Ідыятызм!

Парадоксы? Ідыятызм!

27 сентября 2012, 13:00
718
Нядаўна прачытаў у “Народнай Волі”.

8 верасня, у Дзень горада Мінска, дзве сястры — Алена і Людміла Паўлоўскія — на дошцы аб’яў размясцілі прыгожую налепку з надпісам “Жыве Беларусь!” Сясцёр даставілі ў Цэнтральны аддзел унутраных спраў, потым асудзілі да штрафу 2 мільёны рублёў кожную.

Парадокс: выходзіць, трэба было напісаць лозунг “Гіне Беларусь!” і было б вельмі ладна?!

І ўспомніўся расказ знаёмага пісьменніка.

“Заходжу ў лазню. Кабета ў гумовым фартуху пускае мяне ў кабіну, і я пачынаю распранацца. Сценкі перагародак тонкія ды не да самой столі, таму выразна чуваць, што робіцца ў іншых кабінах.

У суседніх ваннах мужчыны мацюкаюцца на ўсю моц. Слухаю і цярплю некалькі хвілін. Цярпенне лопнула — стукаю кулаком у сценку, крычу, каб змоўклі. Нахабнікі не звяртаюць ўвагі.

Каб не было чутна нецэнзурных слоў, запускаю пругкі струмень вады ў ванну ды з раздражненнем насвістваю мелодыю марша.

— Малады чалавек, зараз жа перастаньце! — барабаніць у дзверы прыбіральшчыца.

Я не зразумеў: няўжо яна мне? Высвістваю далей. І зноў стук у дзверы.

— Сціхніце! Найшлі месца, дзе свістаць. Зараз міліцыю паклічу!

Здзіўлены, перастаю. Выключаю ваду, пачынаю мыцца. А за сценкай па-ранейшаму чуюцца адборныя маты. Мужчынам прыбіральшчыца нічога не кажа і нічога не сказала, пакуль тыя пайшлі. Парадокс? Не, гэта ідыятызм”.

Байбус

Яны, дзве былыя суседкі, сустрэліся выпадкова — у паліклініцы. Чакаючы чаргу, разгаварыліся.

Ганна выказалася, што і дзецям лад дадзены, і муж талковы, але здароўя няма, дык і радасці няма.

— А я пенсію нармальную палучаю, — зазначыла Кацярына, — мо і здаровай была б, да байбус на шыі сядзіць, усе нервы з’еў.

— Ой, а што ж гэта за хвароба такая? — жахаецца прыяцелька.

— Сын. Хутка 40 стукне. Быў жанаты, і дочачка ёсць, ды не ўжыўся. Піў, то выгналі. Да мяне прыехаў. Седзьма сядзіць, нічога не робіць.

— То хай бы ты што рабіла…

— А што зробіш? Я яго ўгаворвала, і работу па блату знаходзіла — не пайшоў. І гэта ж не малы, што наб’еш ды загадаеш. Байбус. Ад’еўся — бы мядзведзь.

Тыя, што сядзелі побач, спачувалі: адны папракалі, што трэба было біць, калі быў малады, другія — што не прывучыла да працы змалку… А вось што з ім рабіць зараз, як прымусіць працаваць, не ведае ніхто.