Усім вінаваты

Усім вінаваты

27 сентября 2012, 13:00
1299
Паміраў Юзік доўга і пакутліва. Здавалася, балела кожная часцінка, кожная клетачка яго старэчага цела. Быў ціхі вечар. Позняя восень, але яшчэ не зіма. Марозіла. Нават вецер прыціх за акном, каб не замінаць дыханню стомленага жыццём чалавека. Юзік ляжаў на скамечаным ложку. Ад натопленай з вечара печы веяла цяплом. Але яно ўжо не сагравала.

Чалавечы подых станавіўся з кожным разам радзейшым, грудзі ўзнімаліся зусім слаба. Праз нейкі момант наступіла абсалютная цішыня. Але не надоўга. Праз нейкае імгненне шкрабанула ў закутку мыш, за печчу распачаў сваю адвечную песню цвыркун, а ў ко-міне адазваўся вецер.

Раніцай Юзікаву хату прачыніла суседка. Пераканаўшыся, што суседу ўжо не патрэбна ні тая хата, ні што іншае, зрабіла тое, што робяць у падобных выпадках, — паклікала суседак. Такіх жа старэнькіх, як сама. І ўжо разам падрыхтавалі нябожчыка да пахавання. Пляменнік з далёкага канца некалі вялікай вёскі купіў труну. А на наступны дзень нешматлікія жыхары старога і выміраючага паселішча пахавалі Юзіка на вясковых могілках. Ціхі шэпт векавых сосен быццам агучваў нейкія развітальныя словы. А сухі і кароткі гук малатка паставіў апошнюю кропку на зямным жыцці яшчэ аднаго чалавека.

Усе ведалі: недзе далёка ёсць у Юзіка адзіны сыночак, якога разам з Гантоняй, дзесяць год як нябожчыцай, выпрасілі ў Бога недзе пасля пятнаццаці гадоў сумеснага жыцця. Сын з’ехаў даўно, і ніхто не ведаў, як і куды паведаміць таму пра смерць бацькі…

Калі Юзік, ужо безнадзейна хворы, ляжаў на сваім ложку, то не аднойчы ўзгадваў пра Косціка і разважаў пра ўласную гаротную долю. Жахліва ляжаць аднаму, доўгімі днямі і бясконцымі начамі думаць аб тым, што ты знямоглы, хворы і нікому не патрэбны. З такімі думкамі, мабыць, і пайшоў Юзік з гэтай зямлі. А можа, яму гэта толькі здавалася? Але не ўсё так дрэнна: пра Юзіка памяталі і нават нешта хацелі ад яго.

Першымі азваліся да Юзіка сувязісты. У пустой, астылай хаце доўга звінеў тэлефон. Па некалькі разоў на дзень цішыня парушалася гарэзлівым дзыньканнем тэлефоннага апарата. А недзе праз месяц у паштовую скрынку лягла паперка-папярэджанне аб тым, што тэлефон будзе выключаны, калі абанент тэрмінова не аплоціць доўг за мінулы месяц ды яшчэ пеню за ператэрміноўку. І сапраўды — адключылі. Апарат заціх назаўжды. Бо Юзік не заплаціў. Тэлефонная сувязь яму ўжо была непатрэбна.

Яшчэ прыкладна праз тыдзень Юзік стаў вінаваты камунальнікам. Яны па тэлефоне спрабавалі паведаміць Юзіку, што ён стаў злосным неплацельшчыкам і ягоны доўг за вываз смецця не такі ўжо і малы. На тэлефанаванні камунальнага дыспетчара ніхто не адказваў, і ў паштовую скрыню зноў лягло папярэджанне-пагроза Юзіку пра тое, што за вываз смецця трэба абявязкова заплаціць у самы кароткі тэрмін. У іншым выпадку з яго будзе спагнаны штраф. Ага, возьмуць яны той штраф!

Праз некалькі дзён у тую ж паштовую скрыню лёг буклет і запрашэнне ў нейкую фірму. Камерсанты абяцалі Юзіку замяніць драўляныя вокны ў ягонай хаце на якасны пластык з вялікай зніжкай — як пенсіянеру.

Прайшло месяцы са тры з той пары, як пайшоў Юзік у лепшы свет. Энергетыкі заўважылі ў сваіх камп’ютарных базах, што перастаў Юзік плаціць за спажытую электраэнергію. Хоць спажываў яе на нейкія капейкі за месяц. Драбяза. Што там мог напаліць Юзік са сваімі дзвюма цьмянымі лямпачкамі? Прыехалі электрыкі, а хата на замку. “Зараз мы навучым старога, як не плаціць своечасова за электрычнасць”, — гучна прамовіў дзяцюк у сіняй спецвопратцы свайму напарніку і ўскарабкаўся на слуп, што стаяў побач з Юзікавай хатай. Пстрыкнуў кусачкамі — і пара алюміневых дратоў бліскучай стужкай упала на зямлю.

Банк запрасіў Юзіка перааформіць рахунак. Там ужо тых грошай… Некалі клаў Юзік грошы на кніжку. Меркаваў, што Косціку спатрэбяцца. Марыў, што ажэніцца сын ды парадуе старых унукамі. Але сын не ехаў і нават не азываўся, дзе ён і як ён. Гантоня першая сышла, а грошы рознымі дэвальвацыямі і дэнамінацыямі ператварыліся ў труху. Цяпер вось запрашаюць перааформіць рахунак у ашчаднай касе. Але там, дзе зараз Юзік, грошы непатрэбны. Ніякія — ні малыя, ні вялікія.

Напярэдадні Дня Перамогі пра Юзіка ўзгадалі дактары. З нагоды юбі-лею Перамогі старому як ветэрану вайны было прапанавана прайсці медыцынскі агляд, а таксама, калі патрэбна, зрабіць пратэзіраванне зубоў. На адмысловым бланку чырвоным маркерам былі выдзелены словы “з’явіцца абавязкова”. Канешне ж, нягледзячы нават на суровае папярэджанне, ніяк Юзік не мог аддаць сваё скалечанае і схуднелае цела медыкам на гэтае даследаванне.

Напачатку лета Юзіку прыйшло чарговае запрашэнне. У ім паведамлялася, што ў чэрвені (было пазначана дакладнае чысло) Юзіку трэба прыйсці на выбарчы ўчастак нумар 969 і прагаласаваць на выбарах. З некалькіх кандыдатаў трэба было выбраць самага правільнага, які будзе кіраваць краінай у наступныя пяць гадоў. Юзіку і пры жыцці было ўсё роўна, хто там і кім кіруе. Цяпер жа ён — жыхар зусім іншай краіны. А калі настаў дзень тых самых выбараў, то старшыня выбарчай камісіі — не перарабляць жа спісы — укінула бюлетэнь за Юзіка ў чырвоную скрынку, папярэдне паставіўшы птушачку насупраць самага лепшага з кандыдатаў у прэзідэнты.

Нехта разбіў шкло ў шыбе, ці, можа, само трэснула ў перакрыўленай раме. Пра гэта паведамілі Юзікаваму пляменніку. Той прыехаў з возам дошак і пачаў забіваць вокны. Скончыўшы працу, зазірнуў у скрыню, што вісела на плоце побач з брамкай. Дастаў усю макулатуру — нікому не патрэбныя паперкі. Сярод папер ляжаў канверт. Гэта быў ліст ад Косціка. Мужчына дрыготкімі пальцамі разарваў яго і дастаў ліст, напісаны акуратным почыркам. Сын паведамляў Юзіку, што жывы і здаровы. Прабачаўся, што доўга не паведамляў нічога пра сябе. Пісаў, што вяртаецца з нейкай доўгатэрміновай экспедыцыі і, атрымаўшы ільготную пенсію, будзе жыць у вёсцы разам з бацькамі, дагледзіць іх да скону, няхай не хвалююцца. А можа, адорыць і ўнукамі.

Пляменнік пачухаў патыліцу. Эх, Косцік, Косцік…