З дыпламатычнай усмешкай

З дыпламатычнай усмешкай

27 сентября 2012, 13:00
737
Сваё 30-годдзе Андрэй Барычэўскі адзначыў 17 верасня з роднымі і блізкімі ў Лунінцы. Якраз на гэтыя дні выдаўся водпуск. Зараз Андрэй - першы сакратар пасольства Рэспублікі Беларусь у Таджыкістане па гандлёва-эканамічных адносінах. 25 верасня споўніўся год, як малады чалавек прадстаўляе інтарэсы нашай краіны за мяжой.

Андрэя з дзяцінства цягнула да дакладных навук. Таму і пайшоў з СШ №2 у ліцэй, дзе выбраў фізіка-матэматычны накірунак. Тут былі цудоўныя педагогі і выхавальнікі. Менавіта з іх дапамогай юнак закончыў ліцэй з сярэбраным медалём.

З некалькі дзесяткаў ВНУ выбраў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. Стаў вывучаць сусветную эканоміку і міжнародныя адносіны. Атрымаў чырвоны дыплом.

Бацька Андрэя, Іван Васільевіч, успамінае, што з сынам асаблівых праблем не было. Рэдка прыходзілася зазіраць у дзённік ды рабіць нейкія заўвагі. Вучыўся добра, дадаткова хадзіў у музычную школу, іграў на балалайцы. Але гэта не замінала яму займацца бегам, гуляць у валейбол і футбол.

І яшчэ… Пра гэта Андрэй не любіць гаварыць, але ж трэба мець прыцягненне, жаданне, уменне і, напэўна, нейкую мастацкую інтуіцыю. У кватэры бацькі на бачным месцы ў абрамленні вышытага беларускага ручніка захоўваецца ікона, якую ў свой час вышыў хлапец. Такому рамяству яго навучыла бабуля Ніна Фёдараўна — маці Раісы Рыгораўны.

У час вучобы студэнт праходзіў практыку ў Нацыянальным статыстычным камі-тэце. Кіраўніцтва заўважыла здольнасці маладога чалавека і паабяцала запрасіць на працу пасля заканчэння акадэміі. Праўда, спачатку прыйшлося год працаваць у Цэнтры дзелавой адукацыі Гандлёва-прамысловай палаты. Арганізоўваў навучанне спецыялістаў як у Беларусі, так і за мяжой.

Але пра яго не забылі ў Белстаце. Запрасілі на працу ў галоўнае ўпраўленне статыстыкі гандлю. Даручылі курыраваць знешні гандаль суб”ектаў малога прадпрымальніцтва горада Мінска. Работа Андрэю падабалася. Непрыкметна праляцелі тры з паловай гады. У гэты час з Міністэрства замежных спраў прыйшло запытанне, каб парэкамендавалі добрага спецыяліста ў аддзел аналізу і планавання Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці. Выбар выпаў на Андрэя. На працягу трох месяцаў праходзіў розныя іспыты: англійская мова, інфарматыка, сусветная эканоміка, камунікабельнасць, характар. А пасля прыйшло паведамленне, што маладога спецыяліста бяруць у МЗС. Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, малады чалавек вырашыў ісці на новае месца працы. Займаўся інфармацыйным забеспячэннем замежных устаноў, развіццём экспарту, зонаў вольнага гандлю.

У сакавіку 2011 года ствараецца пасольства Рэспублікі Беларусь у Таджыкістане. Праз некаторы час, а менавіта 25 верасня, туды запрашаюць і Андрэя. І ён становіцца першым сакратаром па гандлёва-эканамічных адно-сінах.  А гэта — дзелавыя сустрэчы, пошук партнёраў, развіццё новых форм супрацоўніцтва. Дарэчы, Андрэй Барычэўскі прымаў удзел у арганізацыі паставак сінцепону з магілёўскага “Політэкса”, зараз працуе над стварэннем зборачнай вытворчасці беларускіх трактараў. Таксама ў нашу краіну з Таджыкістана ідуць баваўнянае валакно, сухафрукты, джынсавае адзенне і баваўняная тканіна.

Ікона, якую вышыў  у дзяцінстве Андрэй

Уражанні ў Андрэя ад далёкай азіяцкай краіны даволі станоўчыя. Нягледзячы на тое, што яна — адна з бяднейшых (па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу летась Таджыкістан займаў 127-е месца ў свеце). Людзі тут гасцінныя і добразычлівыя. Добра размаўляюць на рускай мове. Калі даведваюцца, што вы з Беларусі, то ўспрымаюць як роднага чалавека. І спадзяюцца, што Беларусь дапаможа змяніць іх жыццё да лепшага.

Што тычыцца мясцовай кухні, то яна не вельмі разнастайная. З мяса пераважае ялавічына і бараніна. Галоўная страва, вядома ж, плоў. Папулярнасцю карыстаюцца самбусы — піражкі з мясам. Першыя стравы — лагман, шурпо. Але вадкасці ў іх мала. Шмат ляпёшак, маленькіх булачак (кульча). Ну, а пра садавіну і агародніну і гаварыць няма чаго. Тут яе мноства.

У сталіцы, горадзе Душанбэ, пражывае каля 700 тысяч чалавек. Пераважвае малая забудова, але ў апошнія гады будуюцца і шматпавярхоўкі. Насельніцтва Таджыкістана пачынае хутка расці. За першае паўгоддзе нара-дзілася 72 тысячы дзяцей. Кожны дзень — 400 немаўлят. Сёлета, хутчэй за ўсё, краіна будзе мець ужо 8 мільёнаў жыхароў. Таму ўлады рэкамендуюць сем`ям мець не больш чатырох дзяцей.

Знайсці добра аплочваемую працу даволі цяжка. Таму каля двух мільёнаў працаздольных выязджаюць у Расію ці іншыя краіны СНД. Яны ў год пераводзяць дадому каля трох мільярдаў долараў ЗША.

Што здзівіла? Улады рэкамендуюць, каб на вяселлях было не больш за 150 чалавек, у вясельным картэжы — не больш як тры аўто. У сталіцы даволі шмат кафэ, рэстаранаў, іншых маленькіх кавярняў. Ну, і чайханы, зразумела. П`юць шмат піва. Дарэчы, пры варэнні яго выкарыстоўваецца беларускі солад. Ёсць праваслаўныя храмы. У Душанбэ ў царкве алтар зроблены з рознакаляровых кавалачкаў мармуру, што ўражвае наведвальнікаў. У дамах няма цэнтральнага ацяплення. І хаця ёсць нямала гідра-электрастанцый, ужыванне электраэнергіі абмяжоўваюць, асабліва зімой: уключаюць на 3-5 гадзін. А вось пітной вады хапае. Рэкі халодныя, у іх шмат фарэлі. Ёсць радонавыя крыніцы. Вялікі попыт маюць гумавыя галошы, шмат іх прывозяць з Беларусі. Зімой бачыш такі малюнак: на нагах яркія вязаныя тоўстыя шкарпэткі і галошы. Дзве трэція пакупак таджыкі робяць на базарах і рынках. І хоць жывуць бедна, але на вуліцах бачыш шмат новых аўтамабіляў. Безліч вырабаў з камянёў рознай каштоўнасці.

А наогул, зазначае Андрэй Барычэўскі, у Таджыкістане ён адчувае сябе камфортна.