Веянне з усходу
04 октября 2012, 14:00

Веянне з усходу

Проза жыцця
Поделиться

Летам па тэлевізары раз за разам ішлі выпускі навін, дзе паказвалі, як у суседняй Расіі гарэлі лясы, вёскі, дачныя пасёлкі, гінулі людзі або заставаліся без усяго нажытага за жыццё дабра. А як жа так ставалася, што пажары набывалі такі размах?

Не так даўно прыязджаў з Віцебшчыны мой зямляк. Расказваў:

— Вёска, дзе жыву, вымірае. Лічаныя хаты — жылыя, а астатнія пустуюць. Усё зарасло зеллем, загнала травою па калені. Гэтым летам па чыейсьці неасцярожнасці ўзнік пажар. Пяць падворкаў агнём як злізала. Дайшоў да майго і суседавага двароў — і стоп! А ў нас на ўчастках градкі, загоны бульбы, буракоў, гарбузоў. Агню няма ходу.

Падумалася: у нас такой бяды з пажарамі няма. Але, на жаль, аддаленыя вёскі набываюць той жа выгляд, што і там, на ўсходзе Беларусі і ў Расіі. Адтуль дакаціліся да нас мацяршчына і п’янкі. Дакоцяцца і пажары?

Тут і там

Лічаныя франтавікі засталіся ў нашай ды суседніх вёсках. Гляджу, ім даўно за 80, старэчыя, нямоглыя. І хоць дзяржава плаціць ім, па нашай мерцы, нармальную пенсію і кожнаму назначыла апекуна, але ў паўсядзённым жыцці застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі, клопатамі, хваробамі. Пра іх успамінаюць толькі 2 разы ў год: 9 мая і 3 ліпеня. Таму, каб не зачахнуць, заводзяць сякую-такую гаспадарку, увіхаюцца ў агародах.

А як за мяжой?

Знаёмы яўрэй з Пінска расказваў, што, як толькі яго дваюрадны брат пераехаў у Ізраіль, адразу ж атрымаў пенсію і кватэру. А яшчэ — кожны ранак цяпер па яго прыязджае мікрааўтобус, каб завезці ў клуб для пажылых, дзе пад наглядам забаўнікаў і медбратоў у добрай кампаніі (ён — удавец) можа пяць дзён на тыдзень цудоўна бавіць час. Догляд, кармленне, забавы, музыка, бібліятэка — усё бясплатна. Во як трэба!