Зборлівы Міхась

Зборлівы Міхась

24 октября 2012, 09:46
1139
Міхась Кацюпа - чалавек не бедны. Рабацяга, якіх мала. І грошы быццам ліплі да ягоных рук. За што б Міхась ні браўся, тое прыносіла карысць. Так было заўсёды. Апошнія гадкоў пяць займаўся Кацюпа сапраўдным бізнесам. Хоць і застаўся жыць у вёсцы, але ў райцэнтры ў яго мелася некалькі гандлёвых кропак.

Не раней, калі думаць трэба было, дзе купіць танней, а потым зноў жа думай-разважай, дзе б прадаць даражэй. Цяпер ўсё цывілізавана. Ёсць свае пастаўшчыкі, ёсць прадаўцы і пастаянныя кліенты. Усё адладжана, адпрацавана. Хоць і прыжымісты Міхась, але цешча паважальна называе яго зборлівым: маўляў, збірае грошы рублік да рубліка. Нічога ў яго не прападзе, нідзе свайго ён не ўпусціць. Дзецям вунь якія дамы пабудаваў у горадзе! Зайздросцяць усе. Ды і аб адукацыі для іх паклапаціўся. І аб пасадах добрых. І запас, так бы мовіць, “на чорны дзень”, маецца. Усё добра ў Міхася. І справа, і здароўе. Нічога, што паўстагоддзя за плячыма. І моцы, і спрыту яшчэ хапае.

 

Але аднойчы раніцай Міхась заўважыў, што кончык ягонага мізінца на левай руцэ мае нейкі незвычайны колер. Ягадка і палова пазногця чамусьці была не ружовага колеру, а аддавала нейкай сінню. Міхась памацаў палец. Нічога не балела, але непрывабны і незвычайны колер ягонага пальчыка не на жарт устрывожыў Кацюпу. Што такое? Трэба тэрмінова паказацца доктару! Міхась з вялікай адказнасцю ставіўся да ўласнага здароўя. Ніколі не меў ніякіх шкодных звычак, харчаваўся правільна і не цураўся фізкультуры.

Загадчыца сельскай амбулаторыі, да якой Міхась звярнуўся ў тую ж раніцу, агледзеўшы пальчык, параіла здаць усе аналізы і ехаць у раённую паліклініку, бо там шмат вузкіх спецыялістаў. Яна ж нічога канкрэтнага не скажа, бо прычын тут можа быць шмат. А самае страшнае, што пачуў Кацюпа ад яе, гэта тое, што незвычайны колер ягонага мізінца можа быць прадвеснікам нейкай сур’ёзнай хваробы.

Жонка патэлефанавала дзецям і паведаміла сумную навіну: захварэў бацька, і, мабыць, сур’ёзна. Дзеці паднялі на ногі ўсіх знаёмых і не вельмі, хто меў хоць нейкае дачыненне да медыцыны. Трэба тэрмінова ратаваць бацьку! Агледзелі Міхася ў паліклініцы ўсе: практолаг, анколаг, тэрапеўт, кардыёлаг і нават акуліст. Усе вузкія спецыялісты, за выключэннем бадай што педыятра ды ўрачоў з жаночай кансультацыі, агледзелі безнадзейна хворае цела ў адзін момант асунуўшагася Кацюпы. Даследавалі ўсе ягоныя органы, але ніхто не адважыўся паставіць дыягназ і прызначыць лячэнне. Гэта ж не жартачкі вам! Сам Міхась Кацюпа нечакана захварэў!

Галоўны параіў дзецям: “Пакла-дзём у тэрапію, няхай тыдзень-другі пад наглядам пабудзе, пракапаем, падмацуем”. Пагадзіліся. Ляжыць Кацюпа ў палаце адзін. Спецыяльная палата для важных такіх персон. Усё добра — і мэбля прыгожая, і нейкія апараты лямпачкамі мільгацяць, і дактары бегаюць навыперадкі. Клопат на вышэйшым узроўні.

Думак у Міхася поўная галава. І свае турботы замінаюць, ды і наслухаўся за дзень рознага ў кабінетах паліклінікі. А можа, сэрца здало? Кардыёлаг надта ж доўга прыслухоўваўся да кожнага ўдару, ды і кардыяграму разглядаў вельмі пільна. А можа, анкалогія? Нешта доўга анколаг размаўляў з дзецьмі напаўголаса. А мо яшчэ нешта з унутраных органаў? Надта ж пільна дактары ўглядаліся ў экраны сваіх прыбораў, калі праводзілі даследаванні. Пытанні не давалі Міхасю заснуць, і раніцай ён выглядаў вельмі стомленым і сапраўды хворым.

 

Прыехалі дзеці. Кацюпа спытаў, колькі яны патрацілі за ўчарашні дзень. Названая сума яго ніколькі не збянтэжыла. Здароўе — гэта галоўнае. І ён вылечыцца, чаго б гэта яму ні каштавала. І няма чаго тут разлежвацца ў нейкай там раённай больніцы. Міхась выказаў дзецям гэты свой цвёрды намер, і праз нейкія паўгадзіны перад ім ляжала накіраванне ў абласную паліклініку.

На наступны дзень у абласным цэнтры ўсё паўтарылася з вялікай дакладнасцю. Галоўны сказаў: “Ну, што вы думаеце, мы ж не можам даць веры таму, што там панапісвалі вашыя раённыя эскулапы”. І зноў аналізы, зноў праверкі ў кожнага спецыяліста. А як жа інакш? За жыццё трэба змагацца. Асабліва калі гэта жыццё самога Міхася Кацюпы. А потым былі прызначаны нейкія кропельніцы і ўколы. Міхась пагадзіўся на ўсё. Імгненна праляцелі тыя два дні ў абласной бальніцы. Усё добра — і догляд, і лекі самыя лепшыя. Але пальчык колеру так і не змяніў. Ад думак хоць галаву абручамі сцягвай. Дзеці па тэлефоне праз кожную гадзіну пытаюцца: “Як ты, тата? Табе ўжо лепш?” Гэтыя турботы яшчэ больш дадаюць дум у Міхасёву галаву. Не, трэба нешта рабіць. З панядзелка новае жыццё. Толькі так. У сталіцы выратаванне. Чаго б гэта ні каштавала.

Новы тыдзень пачаўся для Міхася ў сталічнай клініцы. Дзеці сказалі, што тут лепшыя спецыялісты і аглядаць Кацюпу будуць прафесар і некалькі кандыдатаў навук. Нічога, думаў Міхась, галоўнае выкарабкацца, перамагчы хваробу, а грошы грашыма, заробіць яшчэ. Сталічныя медыкі пасмяяліся з абласных. Ну хто ж там такі несур’ёзны дыягназ паставіў? І пачалі працаваць з новым пацыентам, паважаным Міхасём Кацюпам. Ну і што, што з вёскі? Чалавек жа вунь які паважаны. Такія ўплывовыя людзі за яго прасілі.

Новыя аналізы, даследаванні і працэдуры. Усё вытрымаў Міхась дзеля ўласнага здароўя. Мінуў тыдзень, пайшоў другі. Лечаць, лечаць, а пальчык не ружавее. Кацюпа не пазнаваў сябе, гледзячы ў люстра. Твар асунуўся, стаў нейкі хваравіта-шэры. На абходзе запытаўся ва ўрача, ці можна на выходныя дадому паехаць. Доктар прычмокнуў языком. Маўляў, небяспечна ў такім стане, але пад ягоную асабістую адказнасць чаму б і не з’ездзіць.

 

Напрыканцы тыдня вечаровым часам даставілі Міхася ў вёску. Дома і дыхаецца лягчэй. Толькі сабраліся павячэраць, прыбег суседскі сын, зусім яшчэ хлапчук. Кацюпы прыязна ставіліся да яго і дапамагалі рана аўдавелай Марылі падняць падлетка. Гэтым летам скончыўшы ветэрынарную акадэмію, хлопец застаўся працаваць у вялікім горадзе ды лячыў паціху там котак з сабачкамі. Павітаўся, сказаў, што даўно не бачыліся, таму зайшоў даведацца пра справы і ці ўсё добра ў Кацюпы. Міхась запрасіў суседа да стала, але вырашыў пра хваробу не размаўляць. Пагаманілі аб усім патроху. Юнак ужо сабраўся ісці, але раптам заўважыў пасінелы мізінец на Міхасёвай руцэ: “Дзядзька Міхась, у вас пальчык зусім сіні. Дакладна не ведаю, чым гэта выклікана, але вам тэрмінова трэба папіць аспірыну. Гэта каб кроў крыху разрэдзіць і наладзіць капілярны кровазварот. Некалькі дзён — і пальчык зноў ружовенькім зробіцца”. Суседскі хлопец яшчэ нешта гаварыў аб што-дзённых стрэсах і неспрыяльнай экалогіі, але Кацюпа не чуў ягоных слоў. Аспірын… Вось яно што!

Міхась не вярнуўся ў сталічную клініку. Яму некалькі разоў тэлефанавалі, але ён адмовіўся. Да канца наступнага тыдня, як і абяцаў сусед-ветэрынар, пальчык стаў ружовым і ніяк не адрозніваўся ад сваіх братоў ні на левай, ні на правай руцэ. Нічога. Што такое грошы? Грошы заробім. Галоўнае — здароўе. Здароўе любой цаной.