З кнігай у сэрцы

З кнігай у сэрцы

02 ноября 2012, 14:00
762
Штогод у палітэхнічным каледжы восенню праходзяць своеасаблівыя літаратурныя чытанні - “Каласавіны”. Удзельнікі паэтычнага клуба “Натхненне”, які ўзначальвае бібліятэкар Вера Яўгенаўна Скіба, запрашаюць да сябе ў госці мясцовых літаратараў з творчага клуба “Муза” ГДК.

Тэматыка нядаўняй сустрэчы была разнастайнай: Год Кнігі, юбілеі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Марыны Цвятаевай. У цэнтры размовы, як заўсёды, — асоба Якуба Коласа і яго сувязі з Лунінеччынай. Яму ў асноўным прысвяцілі свае выступы Вера Скіба і Вадзім Жылко. Былі адзначаны па традыцыі лепшы чытальнік года бібліятэкі (тут ацэньваліся колькасць і якасць прачытаных кніг) — ім аказалася Аксана Тупека, а таксама лепшы чытальнік вершаў па выніках Цвятаеўскіх чытанняў напярэдадні — Валянціна Крэмянеўская. Свае вершы прадставілі ўдзельнікі “Натхнення” Ірына Бунас, Ілона Кацуба, Дзяніс Мартыноўскі, Дзяніс Ворах. Літаратары з “Музы” Рыгор Жук, Віктар Пінігін, Вадзім Жылко, Віктар Філатаў не толькі прачыталі свае творы, але і падзяліліся думкамі аб літаратуры і пісьменніках. Цікавым было таксама выступленне настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Галіны Мікалаеўны Антановіч.

Напрыканцы была праведзена віктарына на літаратурную тэматыку, пераможцам якой стаў Артур Капліч.