Чаму помнік «рускамоўны»?

Мітынг жалобны ў знамянальны дзень Дзядоў — памінанне ўсіх памерлых. Адбыліся малітвы, асвячэнне помніка. Усё гэта вельмі неабходна і загінуўшым, і цяпер жывучым, памяць і напамін аб страшнай трагедыі, якая больш ніколі не павінна паўтарыцца. Ніколі!
Сам помнік вельмі прыгожы, арыгінальны, сімвалічны. Крыж — гэта сімвал святасці, духоўнасці, надзеі на добрую, спакойную будучыню. Гледзячы на помнік, адчуваеш, што званы на ім звоняць жалобную мелодыю па гэтых нічым і ні ў чым не вінаватых замардаваных людзях.
Чатыры тысячы… Не, не чатыры тысячы, намнога больш. Чаму? А таму, што загінула маладых шмат, у якіх былі б дзеці, унукі, праўнукі, пакаленні. Яны павінны былі жыць, глядзець на свет, радавацца сонцу, падрастаючым дзецям, бацькам, дзядулям — увогуле людзям. Кахаць. Быць па-свойму шчаслівымі. Але ў гэтых ахвяр бесчалавечнасці жыццё адабрана нелюдзямі, катамі.
Помнік будзе стаяць вечна як памяць аб гэтых нявінна загінуўшых, а памяць таксама павінна быць вечнай.
Але чамусьці на помніку надпіс зроблены на расійскай мове? Неабходна было выканаць яе на беларускай нацыянальнай мове. Магчыма, на трох мовах: беларускай, расійскай і габрэйскай. Гэта б адлюстравала нацыянальнасць і канфесійнасць ахвяр.