«Малатыражныя выданні: плюсы і мінусы»
04 декабря 2012, 10:54

«Малатыражныя выданні: плюсы і мінусы»

Пад такой назвай прайшло чарговае пасяджэнне прэс-клуба пры Лунінецкай філіі БАЖ.
Поделиться

Тэма выданняў з малой колькасцю асобнікаў была абрана не выпадкова, таму што творчым людзям Лу-нінеччыны ёсць што сказаць на гэты конт. Як сведчыць краязнавец Васіль Туміловіч, традыцыі “самвыдату” тут даўнія, з другой паловы XIX стагоддзя, калі ўбачыла свет рукапісная граматыка беларускай мовы, створаная святаром з вёскі Лунін Платонам Ціхановічам. І ў далейшым лунінчане не аднойчы выпускалі самаробныя выданні, нават калі не будзем згадваць тэму палітычнага друку (тых жа лістовак КПЗБ “пры Польшчы” або антыфашысцкіх выданняў у час гітлераўскай акупацыі). Напрыклад, вучні рускай рэальнай гімназіі “за польскім часам” выдавалі свой часопіс “Ражок”. Афармлялі ў выглядзе кніг лунінчане свае ўспаміны, гісторыі населеных пунктаў і гэтак далей… Яшчэ больш магчымасцяў з’явілася ў іх у апошнія дзесяцігодззі, у сувязі з пашырэннем кам-п’ютараў ды множальнай тэхнікі, а таксама з пэўнай лібералізацыяй заканадаўства пасля дзесяцігоддзяў савецкай цэнзуры (так, выданні да 300 асобнікаў стала магчымым выдаваць без рэгістрацыі). У прыватнасці, свае газеты ці бюлетэні выдаюць многія навучальныя ўстановы і некаторыя прадпрыемствы, у тым ліку “Граніт”.

Віктар Філатаў распавёў пра альманахі і іншыя выданні творчага клуба “Муза”. Агульная іх колькасць з сярэдзіны 1990 гадоў, бадай што, перасягнула сотню. Найбольш папулярныя ў мясцовых літаратараў і краязнаўцаў серыі — “Лунінецкая муза”, “Галасы Лунінеччыны”, “Лунінецкія сшыткі”.

Вадзім Жылко спыніўся на некаторых аспектах выдання брашур клуба “Муза”, але найперш распавёў пра выпуск бюлетэня “Альбино” з дадаткам “Альбино плюс” — адзінага на дадзены момант друкаванага шахматнага выдання ў Беларусі.

Што тычыцца выданняў школ і іншых навучальных устаноў, то тут таксама ёсць свае цікавыя здабыткі. Напрыклад, газеты выдаюцца ў Лунінецкім політэхнічным каледжы, Сінкевіцкай СШ, Мікашэвіцкай гімназіі і г.д.

А вось некаторыя з меркаванняў адносна “плюсаў і мінусаў” малатыражных выданняў.

Людміла Хмялеўская: “Для многіх творчых людзей пры цяперашнім недахопе сродкаў малатыражныя выданні даюць магчымасць заявіць пра сябе, вынесці творы на чытацкі прысуд. Вядома, шмат хто выстаўляе сябе ў інтэрнэце, але ж друкаванае слова для многіх чытачоў пакуль яшчэ больш звыклае, традыцыйнае”.

Мікола Ільючык: “Я сам пачынаў некалі з невялікіх зборнікаў, выдадзеных пры дапамозе клуба “Муза”. Ведаю, што часам да такіх выданняў звяртаюцца па розных прычынах і даволі вядомыя пісьменнікі. А увогуле — больш важны “памер” думак і ідэй у тым ці іншым творы, чым проста арыфметычныя лічбы накладу”.

Віктар Філатаў: “З аднаго боку, ахілесава пята малатыражных выданняў — іх адносная недаступнасць для шырокага кола чытачоў. І гэта не столькі віна, колькі бяда такіх СМІ. Але лічу, што з дапамогай разумнага распаўсюду — найперш праз бібліятэкі — можна данесці сваё друкаванае слова да ўсіх жадаючых. Тым болей, што шмат якія выданні дубліруюць сябе цяпер праз інтэрнэт”.