Пабагацець на шклатары?

Пабагацець на шклатары?

29 декабря 2012, 11:00
1109
Наўрад ці атрымаецца, бо за мяшок со шклянкамі даюць аж... 1500 рублёў.

Вось некаторыя кошты на другасныя матэрыялы, што закупляюцца ў насельніцтва:

-макулатура — 300 руб. за 1 кг.; -Жплёнка п/э (у залежнасці ад колеру) — ад 300 да 1500 руб. за 1 кг; -бутэлька ПЭТ — 1500 руб. за 1 кг; -шклабой — 200 руб. за 1 кг; -другасныя тэкстыльныя матэрыялы — 150 руб. за 1 кг.

Дысбаланс, які існуе паміж цаной і аб’ёмамі адходаў, вельмі тармозіць паўсюднае ажыццяўленне кампаніі па асобным зборы смецця, што прапагандуецца ў Беларусі. Кілаграм ПЭТ-бутэлек, напрыклад, каштуе 1500 рублёў, а гэта поўны мех з-пад бульбы. 200 рублёў — цана за кіло (11 стограмовак) шкляначак з-пад дзіцячага харчавання.

Акрамя таго, 100- і 200-грамовыя шклянкі беларускай вытворчасці разам з бутэлькамі замежнага вырабу з’яўляюцца нестандартнай тарай, здаць якую можна не ва ўсіх нарыхтоўчых пунктах.

«Дзіцячая тара» прыраўноўваецца па цане да шклабою, але спецыяльна біць яе не трэба: дастаткова памыць і зняць накрыўкі, нават этыкеткі змываць неабавязкова. Нарыхтоўшчыкі прымаюць шклянкі ад насельніцтва па цане 150 рублёў за кіло, а ў прадпрымальнікаў — па 100 рублёў без ПДВ. Нагадаю, што на кілаграм трэба прыкладна 11 шклянак.

Я вырашыў на практыцы ацаніць праблему суадносін кошту і аб’ёму смецця. Назбіраўшы дома два «бульбяныя» мяшкі шклянак з-пад дзіцячага харчавання, адвёз іх у найбліжэйшы нарыхтоўчы пункт.

Маё «шкляное» смецце заважыла 27 кілаграмаў, за якія я атрымаў 5400 рублёў. Гэта кошт трох талончыкаў на праезд плюс 1200 рублёў, але ж даставіць такі груз сваімі сіламі ў грамадскім транспарце проста немагчыма — патрэбна машына, амартызацыя і расход паліва ў якой ніколі не акупяцца такімі грашыма.

— Калі вы захочаце прывезці яшчэ што, памятайце, што анучы прымаюцца толькі натуральныя: з бавоўны або шэрсці, — прасвятліла мяне нарыхтоўшчыца пункта. — А ПЭТ-бутэлькі лепш сплюшчваць — іх тады ўлазіць два кілаграмы ў поўны мех з-пад бульбы, а ў звычайным выглядзе — толькі адзін. Шклабой трэба сартыраваць па колерах.

Як бачна, для збору смецця ў нашай краіне недастаткова аднаго толькі жадання пазба-віцца ад непатрэбных рэчаў: неабходна яшчэ затраціць на гэта час, увагу, цярпенне і… ўласныя сродкі на дастаўку смецця па назначэнні.

Але ці мала абсурду ў нашым жыцці?

Последние новости