“Гадзіннікі” і “будзільнікі” нашых продкаў

“Гадзіннікі” і “будзільнікі” нашых продкаў

11 января 2013, 12:00
914
Адлічваць час людзі пачалі са старажытнасці. Вёўся адлік дзён, месяцаў, гадоў. А вось меру так званага “дакладнага” часу (гадзін, хвілін) улічваць не маглі. Гэта цяпер мы карыстаемся гадзіннікамі і секундамерамі і, калі трэба, вызначаем нават долі секунд.

А як жа жылі нашы продкі без гадзіннікаў? Як вылічвалі час і па якіх арыенцірах вызначалі яго? Старыя людзі даюць адказ: “Па месяцы і зорках, па сонцы і па пеўнях”.

У нашых мясцінах існуе даўняя загадка: “Родзіўса пророк з белых косток, як стаў пророковаць, сталі людзі ўставаць”. Гэта пра пеўня. Са старажытных часоў певень замяняў людзям будзільнік.

Вечарамі, калі мужчыны плялі лапці, а жанкі пралі ніткі з кудзелі ці ўпарадкоўвалі тыя ж ніткі і заседжваліся да ночы, то існавала мерка часу: “першыя пеўні” — яшчэ не позна, “сядзець да трэціх пеўняў” — вельмі позна заседжвацца. Але раніцай, устаючы вельмі рана, казалі: “усталі з пеўнямі”. Некаторыя выслоўі — меркі часу дайшлі да нашых дзён: з першымі пеўнямі, класціся з пеўнямі, прасядзець да пеўняў. Хаця зімой, вядома, не заўсёды світае, як певень спявае.

Дарэчы, у вельмі даўнія часы пеўня называлі “кур” (так пісалася ў старажытных летапісах). Гэта слова збераглося і дайшло да нас у творах вуснай народнай творчасці. У адной з калядных песень спяваецца:

Ой, рано-рано

курочкі пелі.

Святы вэчор.

Курочкі пелі,

пер’е ронялі.

Святы вэчор.

А ешчэ раней

(імя дзяўчынкі) ўстала…

А ў прыказцы: “Пакуль не запяе кур, бесы выб’юць з цябе дур” выражаецца, што ноччу дзеецца разгул нячыстай сілы, а крык пеўняў разганяе мерцвякоў і ўсякую нечысць (так гаворыцца ў народных прымхах).

У сонечныя дні нашы продкі “звяралі” час па сонцы. Улік часу быў адвольны: перад захадам сонца, пасля захаду сонца, да ўсходу сонца, з сонцам, у поўдзень. У дзённы час вызначэнне ішло па цені. Сонца ў зеніце — поўдзень, цень у той час роўны кроку чалавека. Пастухі звычайна гналі кароў днём ў хлявы, вымераўшы свой цень.

Ды і ў наш час можна пачуць даўнія меркі: “Яшчэ сонца не ўзышло, а мы ўжо былі на нагах” — гэта пра ранні пад’ём. Або: “Падняцца з сонцам” — гэта ўжо пад’ём пры ўсходзе сонца. Там жа: “Як сонца на неба, то мы на ногі”. А ўжо самы позні пад’ём — пасля ўсходу сонца. Такое ўставанне лічылася гультайскім. Напрыклад: “Сонца ўжо высока, а вы яшчэ лежыце”; “Праснуўся ў свіныя галасы”; “Кладзецца з курамі, а ўстае са свіннямі”.

У цывілізаваным грамадстве людзі карысталіся сонечнымі гадзіннікамі. Нашы ж продкі не ставілі такіх гадзіннікаў, а замест іх трымалі арыенцір на дрэвы. Казалі: “Ужо сонца ў паўдуба” (ці вяза, ліпы)” — час снедаць. Ці: “Сонца ўжо з-за лесу выйшла, а…”, або: “Сонца на елі, а мы яшчэ не елі”. Як бачым, і дрэвы былі меркамі часу.

Самыя назіральныя людзі вызначалі арыенцір часу па сонцы і зорках. Але гэта вельмі складаная справа, таму што трэба ўмець разбірацца ў фазах Месяца і ў сузор’ях, а яны, як вядома, пасезонныя. Самым важным “гадзіннікам” начнога часу ў яснае надвор’е ў нашых продкаў было сузор’е Воз (цяпер — Вялікая Мядзведзіца). Як вядома, пры руху нашай планеты стан Вялікай Мядзведзіцы мяняецца і здаецца, што яна варочаецца вакол Паўночнай (Палярнай) зоркі. Вось па стане размяшчэння зорак і каўша сузор’я і вызначалі час.

Вызначалі час і па вышыні маладзіка або поўні над гарызонтам. Важным арыенцірам з’яўлялася сузор’е Сіта. У 12 гадзін ночы яно знаходзіцца на ўсходзе, нізка над небакраем, а ў 5 гадзін ранку — на поўдні. Звычайна ў такі час зімой жанчыны ўставалі, каб прасці ніткі.

Нашы продкі былі людзьмі ашчаднымі, цанілі працу і кожную працоўную часіну. Казалі: “Час не чакае”; “Хвіліна дзень сцеражэ”; “Хто рана ўстае, таму Бог дае, а хто доўга спіць, таму няма ніц”; “Страчанага вясною не купіш”.