Год пратэстаў на «Граніце»: «Каб рабочых не называлі рабамі»
18 января 2013, 12:00

Год пратэстаў на «Граніце»: «Каб рабочых не называлі рабамі»

Аглядаючыся на змаганне за правы рабочых на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах, старшыня незалежнага прафсаюза прадпрыемства Алег Стахаевіч лічыць, што пратэст збольшага быў паспяховы.
Поделиться

«Першая і галоўная мэта была — утварыць свой незалежны прафсаюз для вырашэння сваіх жа праблемаў на працоўным месцы. Бо ні адміністрацыя, ні афіцыйны прафсаюз гэтым не займаліся. Ці дасягнулі мы сваёй мэты? Паводле міжнародных нормаў — так, паводле законаў нашай краіны — не. Увесь свет прызнаў наша права на прафсаюз, а ўлады нашай краіны — не. Таксама мы дамагаліся росту аплаты працы. І гэтага мы дасягнулі за год пасля пачатку пратэсту. Заробкі выраслі з 2,7–3,5 млн да 10–15 млн. Дабіліся мы і пазітыўных зрухаў у плане ліквідацыі хамскага стаўлення адміністрацыі да працаўнікоў. Прынамсі, рабочых цяпер не называюць рабамі, як гэта было яшчэ год таму», — распавядае Стахаевіч.

Аднак і гэтыя змены не абышліся без ахвяраў. Некалькі актывістаў навастворанага прафсаюза звольнілі. «Цяпер звольнены Генадзь Паўлоўскі працуе кіроўцам-міжнарод-нікам. Віталь Пашэчка і Мікалай Карышаў перабіваюцца падпрацоўкамі. Праблемы з працаўладкаваннем мае Людміла Літвінка, якую адмаўляюцца ўзяць на працу ў шмат якіх арганізацыях Лунінецкага раёна. Але самае галоўнае, што ніхто з нашых звольненых актывістаў не згубіўся, кожны годна вытрымаў гэтыя выпрабаванні», — зазначае актывіст.

Ён кажа, што рабочых «Граніта» вельмі ўразіла міжнародная маральная дапамога. «Нават прафсаюзы Венесуэлы выказалі нам падтрымку. Лісты ўладам са словамі салідарнасці з намі даслалі Міжнародная і Еўрапейская канфедэрацыі прафсаюзаў, прафсаюзы Расіі… Міжнародная арганізацыя працы прызнала парушэнні правоў рабочых у адмаўленні права на прафсаюз».

Канфлікт на «Граніце» разгарэўся летась у студзені. Рабочыя абвесцілі пра стварэнне на прадпрыемстве суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Да гэтага часу суполка не можа дабіцца рэгістрацыі, а актывісты незалежнага прафсаюзу зведалі ціск з боку адміністрацыі. Некалькі асобаў былі звольненыя з прадпрыемства.

Последние новости