«Ма-ма = мо-ва. Любіш маму?»

«Ма-ма = мо-ва. Любіш маму?»

18 января 2013, 12:00
843
З такім ды іншымі тэкстамі з`яўляюцца ў некаторых гарадах білборды ў падтрымку беларускай мовы. На некаторых білбордах прапанаваны два варыянты першых прамоўленых малым хлопцам і бізнэсменам беларускіх слоў: «сябар» і «поспех». «Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?» - звяртаюцца з білборда да беларусаў. На рэкламных выявах пазначаныя тры лагатыпы. Адзін з іх - Міністэрства культуры.Чаму родная мова не ў модзе? Якая матывацыя да вывучэння роднай мовы, ці папулярна яна сярод моладзі? З гэтымі пытаннямі звярнуўся я да нашых землякоў.

Аляксандра Б., настаўніца беларускай мовы і літаратуры, упэўнена, што беларусам ёсць чым ганарыцца, аднак яны гэтага яшчэ не разумеюць. «Мне пашчасціла працаваць у тыя часы, калі адукацыя была на беларускай мове. Дзеці цудоўна адказвалі на ўроках, размаўлялі па-беларуску на перапынках. Цяпер жа ў іх па адной гадзіне заняткаў на тыдзень. І гэтага, зразумела, недастаткова, — кажа суразмоўца. — Мне здаецца, што не ўсе беларусы разумеюць, што ім ёсць чым ганарыцца. Успомніце часы ВКЛ, калі беларуская мова выконвала дзяржаўную ролю. Нам трэба яшчэ дарасці, каб зразумець усю важнасць роднай мовы!».

«Як папулярызаваць беларускую мову сярод моладзі?» — пытаюся я. «Каб прывіць любоў да роднай мовы, многае залежыць ад выхавання дзіцяці. Не магу сказаць, што яна зусім не папулярна сярод моладзі. Напрыклад, многія лунінчане, стаўшы студэнтамі, пачынаюць  больш размаўляюць па-беларуску, слухаюць спевы на роднай мове. Можа, гэта таму, што яны трапляюць у больш культурнае асяроддзе», — лічыць субяседніца.

Наста П., вучаніца 11 класа, беларускую мову любіць за яе меладычнасць. Яна лічыць, што, калі хочаш нешта змяніць, трэба пачаць з сябе.  «Беларуская мова — гэта мова маіх продкаў. Яна прыемная на слых. Сярод маіх знаёмых, якія вучацца ў ВНУ Мінска, многія  размаўляюць на беларускай мове. У сталіцы сканцэнтравана маладое пакаленне, якое адчувае сілы змяніць свет, і яны пачалі з сябе! Калі я стану студэнткай, то буду рабіць гэтак жа. Зараз, на жаль, гэта немагчыма, таму што няма аднадумцаў», — дзеліцца Наста.

Вадзім К. распавёў, як ён адчуў любоў да беларускай мовы. «Будучы школьнікам, я не любіў кнігі на беларускай мове, не разумеў яе, ды і не хацеў зразумець. Але два выпадкі перавярнулі маю свядомасць. Першы адбыўся ў начным клубе сталіцы. Я стаяў за барнай стойкай, як раптам пачуў размову на беларускай мове. Павярнуўшыся, убачыў дзвюх прыгажунь! Сказаць, што мяне гэта ўразіла, — не сказаць нічога. Потым я апынуўся на тусоўцы, дзе сабралася творчая моладзь. Хтосьці загаварыў на беларускай мове, і ўсе прысутныя падтрымалі яго. А я адзін не мог звязаць і двух слоў. У той момант адчуў сябе нікчэмным з-за таго, што не мог гаварыць на мове свайго народа», — кажа юнак. На яго думку, матывацыяй да вывучэння роднай мовы павінна быць унутранае самаўсведамленне сябе беларусам: «Калі беларусу расказаць усю праўду пра яго родную мову, які прыгнёт цярпелі яго продкі, абараняючы гэтую мову, то ён бы не ставіўся да яе так зняважліва».

«Веды замежных моў сведчаць аб адукаванасці чалавека. А пра што гаворыць няведанне роднай мовы?» — цікаўлюся ў чарговага суразмоўцы.

Іван С. кажа: «Калі перад табой стаіць іншаземец, які ведае сваю мову, а ты — не, то гэта сорамна. Чалавек аказваецца непатрыётам сваёй краіны, у яго няма душэўнага ўздыму. Ды і пра што мы тут з вамі размаўляем, калі Саюзам пісьменнікаў Беларусі кіруе чалавек, які ніводнага твора не напісаў на роднай мове?»

 

Такія вось меркаванні. І не ўсё так дрэнна, як некаму здаецца. І не ўсё яшчэ страчана. Як прыклад, што можа надаць большага аптымізму, — гэта ўваскрашэнне “мёртвай” старажытнагабрэйскай мовы. На пачатку ХХ стагоддзя ніводнае габрэйскае дзіця не лічыла іўрыт роднай мовай. Эмігранты з 121 краіны размаўлялі больш чым на 70 мовах. Філолагі сцвярджалі, што “мёртвую” мову адрадзіць немагчыма, тым больш прыстасаваць яе да сучасных умоў. Зараз на іўрыце пішуцца навуковыя працы ў розных галінах. Ізраільскія школьнікі, аглядаючы ў музеі біблійныя рукапісы, знойдзеныя ля Мёртвага мора, што былі напісаны тысячагоддзі таму, чытаюць іх нібыта газеты. Іўрыт — мова дзяржавы Ізраіль.

Верыцца, што беларуская мова пакуль не мёртвая, а яе заняпад часовы.