Па бацькоўскіх слядах

Па бацькоўскіх слядах

18 января 2013, 12:00
1814
Марылька - кволае дзяўчо з чорнымі, як смоль, валасамі, сабранымі ў пругкую і доўгую касу. Сёння нядзеля, і тата зноў возьме яе з сабой у царкву на набажэнства. Дзяўчынка любіць нядзельныя ранкі. Яна зноў будзе толькі з татам. Не будуць дзяўбціся і прыставаць меншыя. З імі яна няньчыцца ў астатнія дні, калі бацькі на працы. Малыя гарэзы ўчвэраць што-небудзь, а адказваць ёй. Марылька - старэйшая, на ёй адказнасць.

Сёння яна апранула сваю святочную сукенку. Спрытнымі ножкамі ўскочыла ў шэрыя валёнкі, завязала хустачку і, яшчэ нават не зашпіліўшы гузікі паліто, бадзёра прамовіла:

— Вось і ўсё, тата, я гатовая!

— А можа сёння дома пабудзь, снегу за ноч намяло, сумёты вышэй за цябе будуць, — бацька ведаў, што ні за якія пернікі не пагодзіцца дачушка застацца дома.

— Не, я з табой. Мяне з табою ніякія сумёты і маразы не напужаюць, — упэўнена прамовіла дзяўчынка і рашуча ўхапілася за халодную клямку.

За раніцу бацька прачысціў ў двары нешырокія сцежкі. Да брамкі, што вяла на вуліцу, да калодзежа, да хлява і да пуні. На вуліцы і сапраўды былі вялікія сумёты. Нястомны вецер доўжыў сваю працу, упарта хапаў снег і нёс яго на новыя месцы. Можа, ноччу не бачыў, дзе трэба класці гэтыя снежныя гурбы і зараз хацеў выправіць папярэднія памылкі. А можа, проста забаўляўся, гуляючы нябачнымі мускуламі. Быццам выхваляўся сілай і спрытам перад гэтай маленькай дзяўчынкай.

Марылька што сілы паспяшала за бацькам, але снег і вецер перашкаджалі рухацца наперад. Яна цяжка дыхала, стамілася і баялася адстаць ад таты. Што ён скажа. Пэўна ж будзе папракаць: “Я ж казаў табе, заставайся.  Не паслухалася!” Дзяўчынка подбегам рынулася за татам, пазіраючы на яго моцную, шырокую спіну і ўздымаючы сваімі маленькімі валёнкамі яшчэ больш снежнага пылу. Расчырванелася на марозе, а ад дыхання на каўнерыку паліто зіхацела шэрань.

Раптам тата спыніўся і азірнуўся. Маленькае сэрца забілася яшчэ мацней, нібы тая птушачка, што некалі заляцела ў сенцы. Марылька злавіла тады яе на акне. Птушачка не магла ведаць, што дзяўчынка хоча ёй дабра, волі і збіраецца адпусціць. Яе маленькае сэрца так трапятала, што Марыльцы здавалася: выскачыць яно і загіне птушка.

Тата крыху паназіраў за намаганнямі дачушкі, а потым сказаў:

— Марылька, ты ступай ў мае сляды. Бачыш мае ступакі? Ідзі па іх, і ўсё ў цябе атрымаецца, усё будзе добра, ты ж у мяне лепшая за ўсіх. Ступай!

— Добра, тата, я пайду па тваіх слядах! — гучна прамовіла дзяўчо, і ўжо пра сябе дадала: — Я буду лепшай, я буду такой, як кажа бацька.

Дзяўчынка з такімі добрымі думкамі стала трапляць ножкамі ў сляды бацькавых ног на глыбокім снезе. Ёй сапраўды стала лёгка-лёгка. Астатні шлях выдаўся ўдвая карацейшым.

Дадому вярталіся той жа дарогай. Па ёй ужо прайшло шмат розных людзей, на снезе было мноства слядоў. Але дзяўчынка ўпэўнена ішла па бацькавых слядах. Сярод мноства знаходзіла татавыя і ступала менавіта ў іх. Гэта падбадзёрвала і надавала сілы.

Жыццё ішло. Падрасла Марылька за лета. З верасня школьніца, зусім дарослая ўжо. Старалася ў навучанні. А як жа інакш? Каб бацькам не было за яе сорамна ніколі. А калі сустракала нейкую несправядлівасць у адносінах да сябе ці да іншых, то ўзважвала сябе на нейкіх ўяўленых вагах і задавала для сябе самой адно і тое ж пытанне: “А як бы ў такім выпадку зрабіў бацька?” Зноў і зноў імкнулася ісці па бацькавых слядах. Нібы ў тую зімовую нядзельную раніцу. Ісці па жыцці, праз сумёты, насупраць ветру і перашкодам. Так навучыў і так падказваў бацька…

Адразу пасля дзесяцігодкі — праца. Апошнія два гады выдаліся надзвычай цяжкімі. Сярэдняя школа была ў суседняй вёсцы, дома толькі васьмігодка. У любую непагадзь трэба было дабірацца на заняткі. Але тата казаў, што будзеш лепшай, трэба старацца, трэба прыкладаць намаганні. Ведала Марылька: хоць кволая і хваравітая звонку, але ўнутры ёсць нейкі сталёвы стрыжань, здольная яна на нешта большае. З вясковых дзяцей мала хто тады ішоў вучыцца, стараліся працаўладкавацца. Пасляваенная калектывізацыя не зрабіла вяскоўцаў багацейшымі і шчаслівымі. Жыццё было далёкім ад заможнага.

Здала Марыя экзамены і была залічана ў інстытут. Вучоба давалася лёгка, а калі і выпадалі час ад часу нейкія цяжкасці і перажыванні, то Марылька ўзгадвала тату, маму. Яны вераць у яе, яны спадзяюцца, што іх дачушка будзе лепшай, стане добрым прыкладам для малодшых. Дыплом аб вышэйшай адукацыі адчыніў перад дзяўчынай новыя дзверы да добрай і прэстыжнай працы.

Як заўсёды бывае з маладымі дзяўчатамі, нечакана прыйшло каханне. Вялікае і светлае. Прапанова рукі і сэрца, а неўзабаве і вяселле. Добраславенне ад бацькоў і цвёрдае рашэнне — абвянчацца. А што скажуць на працы? А што падумаюць сяброўкі?

Халера бяры той камсамол! Чаму трэба такія важныя рашэнні ў жыцці ўзгадняць з людзьмі? Не, ужо ўсё вырашана. Толькі вянчанне і сямейнае жыццё з Божага добраславення.

Разважаннямі і думкамі падзялілася зноў жа з татам.

— Вырашылі так, то няхай і будзе так. Не глядзі на людзей і не думай, што яны скажуць. Думай, што скажуць і што  падумаюць пра цябе там, — тата паказаў у нябёсы. — Даражы тым меркаваннем, а не людскім.

— Тата, я ж іду па тваіх слядах, і гэта толькі пачатак шляху.

— Не трэба залішніх слоў, мы з табою, і падтрымаем заўсёды.

Стаялі маладыя пад вянцом ўсхваляваныя і занепакоеныя. Хвалявалася Марылька нездарма, бо ведала, што там, у нябёсах, вырашаецца для яе нешта важнае, лёс адчыняе для яе новую старонку.

Новае жыццё, жыццё замужняй вясковай жанчыны, не было лёгкім. Нараджаліся дзеці. А там свае клопаты, перажыванні, цяжкасці і нават страты. Але не зламаўся, не пагнуўся той унутраны цвёрды стрыжань. Выстаяла, вытрымала. Было з каго браць прыклад, было ў каго навучацца. Ішла па бацькавых слядах, ішла па ягонай дарозе. І нават калі слёзы засцілі вочы, калі камяк горычы і пакут стаяў у горле, то яна ведала: трэба прыгледзецца лепш, трэба разглядзець абрысы тых ступакоў, што перад табою, і ісці па іх наперад, бо гэта сляды нашых бацькоў, нашых продкаў, усіх тых, хто прайшоў свой жыццёвы шлях перад намі. Тады будзе лягчэй, будзе менш памылак, а галоўнае — будзе вядома, куды ісці, у якім накірунку крочыць.