РОДНАЯ ВЁСКА

РОДНАЯ ВЁСКА

18 января 2013, 12:00
1818

Часта баліш мне
маленствам далёкім,
зеленню пышнай,
буславым клёкатам,
першым каханнем,
першым расстаннем,
сонцам і жытам,
ясным блакітам,
птушак чародамі,
што над балотамі,
звонкаю песняй,
Прыпяццю весняй.
У суме і радасці
чую да старасці:
пахнеш клубніцамі,
пахнеш грыбамі
і зараніцамі,
што на світанні,
светлымі росамі,
пахкімі ўкосамі,
квецценню белай,
вішняю спелай.
Ліўні і замеці —
ўсё ў маёй памяці.
* * *
Час — бы рака:
імклівай плынню
Па людскіх лёсах
сцеле лентай
І топіць ў бездані краіны,
Цароў змывае, прэзідэнтаў.
Ды не змывае час у мора
З дна самародкі залатыя:
Паэтаў, мастакоў,
іх творы —
Тварэнні вечныя людскія.
* * *
Ногі ў дарозе,
дарога — у сонцы,
пройдзеш сумленна —
дойдзеш да неба,
з якога рэхам
адклікнешся ў людзях,
а несумленна —
камень на сэрцы —
цяжкім нагнётам
ляжаш у жвір.
* * *
Да цябе, мабыць, я
не прыйду ўжо ніколі.
Успаміны, як птушкі,
адплылі ў небакрай,
Ну а з імі — тваё
мілагучнае “помні”,
і, як рэха, ў душы —
“ты прыходзь”, “прыязджай”.
Жураўліным ключом
пацягнула на восень,
Толькі крылаў узмах —
і прапала цяпло.
І балюча шчыміць
(сэрцу я кажу “досыць!”),
бо каханне маё
жураўлём адплыло.
Імгненні
* * *
Сонца глянула ў возера,
залюбавалася,
усміхнулася —
і ад усмешкі
стала цёпла ўсім.
* * *
На балотным абшары
трактары аруць поле.
Стогне кнігаўка,
плача кулік.
* * *
Як салют,
скрыжаванне маланак —
хрышчэнне дажджу.
у раслін — свята.
* * *
Калодзежны
адзіны ў вёсцы журавель
каторы год ужо сумуе,
зямлі не б’е паклонаў.
Ізгой цывілізацыі.