Пастараліся

Пастараліся

Пры падпісцы на «Информ-прогулку» на 1-е паўгоддзе 2013 года рэдакцыя прапанавала аддзяленням паштовай сувязі наступнае: пры павелічэнні падпіскі на 5 і больш працэнтаў да ўзроўню на 1 студзеня 2012 года начальнікі аддзяленняў заахвочваюцца грашовымі прэміямі, а ўсе паштальёны раённага вузла паштовай сувязі атрымліваюць календары на 2013 год.

Лідарам па падпісцы стало Сітніцкае аддзяленне паштовай сувязі. Тут працуюць дзве мілыя і прыветлівыя жанчыны — начальнік Валянціна Іванаўна Ярмоліч, якая прысвяціла пошце 15 гадоў, і паштальён Ларыса Уладзіміраўна Лемяза. Праўда, яна толькі год як у калектыве. Дапамагае ім пенсіянерка, былы паштальён Вера Пятроўна Яраховіч, якая аддала роднаму ад-дзяленню 21 год.

— Дзякуючы Веры Пятроўне, якая ўмела арганізавала падпіску ў лістападзе-снежні, аддзяленне і выйшла на першае месца, — расказвае начальнік. — Для нас Пятроўна як «хуткая дапамога»: дапаможа, навучыць. З яе бяром прыклад…

Вера Пятроўна прызнаецца, што любіць сваю работу, таму і цягне яе сюды як магнітам. Часта ўспамінае, як у былыя часы адна вазіла на ровары пошту ў Граду, ды яшчэ ў дадатак у багажніку — тавары народнага спажывання. Яе з нецярпеннем чакалі пенсіянеры, таму што Пятроўна — безадказны і дысцыплінаваны чалавек. І тавар пад заказ прывязе, і хлеб, і за электраэнергію аплату возьме. Вось і ў лістападзе мінулага года, калі падмяняла паштальёна, перавезла роварам і рэалізавала тавараў народнага спажывання аж на 12 мільёнаў рублёў! З рук Пятроўны разыходзіцца літаральна ўсё. Ведае падыход да лю-дзей, таму і сыплюцца заказы: то алей прывязі, то макаронаў. Не адзін раз Пятроўна была прызнана лепшым паштальёнам раёна, аднойчы была другой у рэспубліканскім спаборніцтве. Ёсць ганаровыя граматы, падзякі…
Сярод лепшых названы і іншыя аддзяленні паштовай сувязі. Гэта Лунінецкае 4-е, Багданаўскае, Баравікоўскае, Бастынскае, Бараўцоўскае, Вулькаўскія 1-е і 2-е, Вялуцкае, Гранітаўскае, Дварэцкае, Кажан-Гарадоцкае, Краснавольскае, Лахвенскае, Лобчанскае, Лунінскае, Любанскае, Мікашэвіцкае, Перуноўскае, Палескае, Ракітненскае, Рэдзігераўскае, Сінкевіцкае, Дзятлавіцкае (станцыя), Цнянскае. А рэдакцыя адзначае і адзел падпіскі раённага вузла паштовай сувязі.