Ноч

Ноч

07 февраля 2013, 17:00
1994

Ноч
Чорная пляма бязмежжа,
быццам сляпая пачвара,
нібы вядзьмаркі адзежа
ці растаптаная мара.
Ноч праглынула гукі —
і глухамань у прасторы.
На чорным нябесным даху
нясмела ўспыхваюць зоры.
Шукаючы светлага шляху,
палоска зары цягне рукі
ў сёння з мінулага ўчора.

Балансір
Жыццё —
праходка па канаце.
Ад нараджэння і да скону
ў руках трымае балансір,
Праходзіш праз
дабро — і зло
любоў — нянавісць
сяброўства — здраду
праўду — і ману
каханне — нелюбоў
дастатак — і багацце
і смех — і плач
і прабачэнне — і віну.
Як вагі, балансір
хістае ўлева-ўправа,
а ты ідзеш-ідзеш
па гэтай пераправе,
чаго наважыш больш
за свой нядоўгі век —
такі ты й чалавек.

Стома
Як часам хочацца ад шуму,
Ад клопатаў
і мітусні людской
Схавацца ў лес
— куточак суму
Ці над ракой знайсці спакой.
Паслаць усіх
к ядронай Фені,
Ды вось гняце жыццёвы прэс —
То неспакой вярэдзіць гены —
Гляджу,
як вынішчыў прагрэс
Балоты, рэчачкі. І нацыя
Сабе зацягвае пятлю.
Цяпер, што маеце — то майце,
Я ж збоку ціха пастаю.

* * *
У даўнія гады юнацтва
каля нашай хаты
веснічкі спявалі.
Цяпер яны
рыпяць, скрыгочуць.
Старасць.