Жыццё — як ёсць

Жыццё — як ёсць

Хцівая, агідная змяя запаўзла ў Беларусь у год Змяі. Укус за ўкусам наносіць яна жыхарам нашай краіны. І кожны «ўкус»: павышэнне цэн на харчовыя тавары, на гаруча-змазачныя матэрыялы, на алкаголь і тытунь, на газ і святло, падаражанне кошту праезду ў транспарце і жыллёва-камунальных паслуг - балюча адчуваюць мільёны жыхароў «процветающей» Беларусі.

* * *

Трэба, каб сучасныя ўлады Беларусі ўзвялі ў Мінску на відным месцы, напрыклад, каля Нацыянальнай бібліятэкі высачэзны помнік Станіславу Шушкевічу, бо, дзякуючы Станіславу Станіслававічу, цяпер яны з`яўляюцца кіраўнікамі ўсіх вышэйшых рангаў. Кім бы яны былі, калі б існаваў Савецкі Саюз? У крайнім выпадку, старшынямі нейкіх адстаючых калгасаў. Ды і ці была б зараз Беларусь самастойнай незалежнай дзяржавай?

* * *

Помніцца, у першыя гады пасля развалу Савецкага Саюза яшчэ ў нармальным рытме працавалі ўсе прадпрыемствы лёгкай прамысловасці, напрыклад, у Брэсцкай вобласці: Баранавіцкі баваўняна-папяровы камбінат, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Брэсцкія панчошны і дывановы (каўровы).

На поўную магутнасць працавалі і дрэваапрацоўчыя аб`екты. На Лунінеччыне — у Чучавічах, Люшчы, Мікашэвічах (уключаючы мехустаноўку). За гады ж праўлення цяперашняй улады большасць аб`ектаў гэтай галіны, як і тэкстыльнай, прыйшлі ў заняпад. Доўгі час да іх нікому не было справы.

У добрым стане заставаліся і жывёлагадоўчыя фермы ў калгасах. За апошнія 15-20 гадоў шмат якія кароўнікі ды цялятнікі запусцелі, абваліліся ці знішчаны. І толькі зараз, пасля доўгай бяздзейнасці, агледзеліся — перабудоўваюць, мадэрнізуюць. А дзе раней былі «кіраўнічкі»? Давялі здаровага да не проста хворага, а хранічна хворага стану, а цяпер лячыць трэба, на што патрабуюцца шалёныя грошы.