Асоба 109-450-986-017-243
Бацька браў яго, зусім яшчэ падлетка, з сабой на футбол. Як там было цудоўна! Трыбуны ашалела раўлі. Заўзятары нешта крычалі, пляскалі ў далоні. Яны з татам таксама гучна крычалі, падбадзёрвалі гульцоў. А ў перапынку ласаваліся бутэрбродамі, што загадзя прыгатавала матуля, і пілі газіроўку. Іван добра памятаў той дзень. Красавік, 13-га. Стаяў цёплы вясновы надвячорак. «Дынама-Брэст» змагалася з «Нёманам». Але якая розніца, хто з кім гуляе? Галоўнае, што побач тата і яны разам, а мама чакае іх дома на познюю вячэру…
Здаецца, учора, а прайшло два дзясяткі гадоў. Іван, як ні ўглядаўся ў запоўненыя трыбуны, так і не змог нідзе заўважыць ні бацьку, ні сябе. Шкада. Захацелася есці. Трэба замовіць вячэру. Няхай прывязуць са службы гастранамічнага сэрвісу. Сам ён нічога гатаваць не ўмее, а жонка з’ехала праведаць дачушку, што вучыцца ў школе суседняга гарадка. Там і заначуе.
Іван набраў нумар. Усе гэтыя сэрвісы былі акуратна запісаныя на адмысловым бланку і віселі ў калідоры. Тут і дастаўка ежы, і замова фільмаў ці спартыўных трансляцый і запісаў на хатні кінатэатр, выклік транспарту і яшчэ самыя разнастайныя паслугі. Як той казаў, любы капрыз, але за вашыя грошы.
Даволі хутка Іван пачуў прыемны жаночы голас:
— Вітаю Вас, я аператар харчовага сэрвісу “Пнішчагрыль”. Што жадаеце?
— Вітаю, я хацеў бы замовіць вячэру для аднаго чалавека, — манатонна адказаў Іван.
— Калі ласка, назавіце свой НІН.
— Што назваць?
— Назавіце свой Нацыянальны Ідэнтыфікацыйны Нумар.
— Хвіліначку, — Іван прытуліў тэлефон да запясця левай рукі, да таго месца, дзе стаяў чып. На экране засвяцілася чарада лічбаў. — Пішыце: 109-450-986-017-243.
— Дзякуй вам, спадар Б. Ваш адрас: Чырвоная, 344, кватэра 122. Ваш тэлефон 25-58-90, ваш мабільны тэлефон 874-209-061. Ваш працоўны тэлефон у кампаніі “Лунінплазмарухавік” 29-06-27. Правільна?
— Так, так. Але адкуль у вас гэтыя звесткі?
— Мы салідная кампанія і падключаныя да Вялікай Сістэмы Інфармацыі. ВСІ супрацоўнічае з намі, а мы з ёю.
— Добра, але ж я хацеў замовіць вячэру, — Івану надакучыла размаўляць з жанчынай, а можа, гэта ўвогуле і не жанчына. Можа, тэлефон так настроілі, каб з мужчынамі размаўляць прыемным жаночым голасам, а з жанчынамі — наадварот.
— Прабачце, я Вас слухаю. Што будзеце замаўляць?
— Калі ласка, мне кураня-грыль, паўкіло хлеба з жытняй мукі з семкамі ды 2 літры фруктовага напою.
— Па-мойму, выбар не надта ўдалы.
— Што?
— У Вашай медыцынскай гісторыі напісана, што ў Вас павышаны ўзровень халестырыну, гіпертанія, таксама са страўнікам праблемы. Ды і па ўмовах страхавання Вам забаронена ўжываць прадукты, што могуць прынесці шкоду здароўю.
— Ну, няхай сабе і так, — незадаволена прабурчэў Іван. — Тады што вы можаце прапанаваць мне на вячэру?
— Я магу прапанаваць Вам наш апошні хіт “Гародніна-грыль”. Гэта вельмі карысна і не нашмат даражэй за курыцу. Да гэтага прапаную Вам тры літры вады замест двух. Адзін літр дарэмна. “Лунбурвадканал” прэзентуе сваю новую ўстаноўку па паляпшэнні ачышчаных гарадскіх стокаў і да канца месяца яны дораць літр ачышчанай другаснай вады ўсім, хто купіць двухлітровую капсулу. Вада добрая, паверце, мая знаёмая піла і пакінула на Гарадскім Інфармацыйным Полі вельмі добры водгук. ГІП-аўцы абы што не размесцяць.
— Добра-добра, што там за гародніна?
— Бурачок, морква, бульба. Усё традыцыйна наша. Без солі. Гародніна вырашчана на мясцовых плантацыях. І заўважце, ніякай шкоды.
Іван уявіў, як ён жуе несалёную запечаную гародніну, запівае другаснай вадой. Нейкая агіда і ванітаванне падступілі недзе з глыбінь страўніка-кішэчнага тракту. Ледзьве стрымліваючы сябе, вымавіў:
— А колькі каштуе гэтая радасць?
— 122,99 талера. Але Вы можаце разлічыцца любой валютай. Сёння толькі наяўнымі.
— Чаму гэта, а картка?
— На Вашым рахунку па “Вышбанку” адмоўнае сальда, а па картцы “БББ-банка” Вы даўно перавысілі ўсе ліміты.
— Добра, няхай. Я знайду наяўныя грошы. Вязіце хутчэй!
— Што значыць хутчэй? У нас дастаўка на працягу 40 хвілін. Калі Вам патрэбна хутчэй, то сядзьце на свой электрацыкл і забярыце замову самі. Але памятайце: Вы рызыкуеце трапіць у аварыю.
— А з чаго вы вырашылі, што я паеду на электрацыкле і чаму я магу трапіць у аварыю? — раздражнёна вымавіў Іван.
— Вы атрымалі тры папярэджанні аб тым, што Ваш аўтамабіль не адпавядае экалагічным нормам. Па нормах “Эка-2030” бензінавыя рухавікі забаронены. Вас папярэджвалі, каралі штрафамі, але Вы так і не здалі яго на ўтылізацыю. Вось я і вырашыла, што Вы паедзеце на электрацыкле. А пра аварыю, гэта толькі маё прыватнае меркаванне, прабачце. Вялікая Сістэма Інфармацыі на мой запыт аб маршруце дастаўкі Вашай замовы выдала інфармацыю, што па ўсёй Чырвонай вельмі насычаны трафік. Таму папярэджваю: будзьце прадбачлівымі і асцярожнымі.
— Пайшлі вы к чорту з вашымі папярэджаннямі, — зароў Іван, — дастала ты ўжо мяне!
— Папрашу падбіраць выразы. Вялікая Сістэма Інфармацыі паводле Вашага НІН-кода дае інфармацыю, што Вы ўжо неаднойчы былі неветлівымі з прадстаўнікамі розных сэрвісаў. Калі Вы не зменіце тон, я павінна буду зрабіць яшчэ адну адзнаку не на Вашу карысць, — псеўдаветліва і салодкаагідліва прамовіла прадстаўніца “Пнішчагрыль”.
— НІН чортавы, чортавыя лічбы, вязіце самі, я нікуды не паеду. І замяніце мне вашу другасную ваду на «кока-колу». Усё! Хопіць размоў!
— Прабачце, але наша дзейнасць рэгламентуецца дакументам 9575710/31, што забараняе нам працаваць з прадуктамі з павышаным утрыманнем цукру і кафеіну.
— К чорту вас, вашы нумары і вашы прапановы, зараз з акна выкінуся, давялі мяне ўжо да ручкі, — закрычаў Іван. Ажно ў пот увагнала гэтая суразмоўца.
— Нічога страшнага…
— Што нічога страшнага?
— Ваш лічбавы НІН мне падказвае, што ў вас першы паверх. Цяжкіх траўм не атрымаеце.
— Чортавы лікі! Жыць нельга ніяк! Павячэраць нават немагчыма, — бурчэў незадаволена Іван, стан яго набліжаўся да істэрычнага.
— Але, выбачайце, Вяліка Сістэма Інфармацыі выдае звесткі, што Вы самі пагадзіліся на чып і на прысваенне Вам Нацыянальнага Ідэнтыфікацыйнага Нумара. Больш таго, Вы прынялі ўдзел у агульнадзяржаўным рэферэндуме дзесяцігадовай даўніны аб добраахвотнай чыпізацыі насельніцтва краіны.
— Але ж нам абяцалі выгоды і льготы.
— Вы дарослы, свядомы чалавек, а верыце розным абяцанкам. Але, выбачце, я не маю права выказваць сваё ўласнае меркаванне.
— Дзякуй, я адмаўляюся ад вашых паслуг, — стрымана прамовіў Іван і націснуў на пімпачку «Оn» на тэлефоне.
— Паснедаю заўтра на працы, — падумаў Іван і пайшоў у ложак, хоць ведаў, што заснуць с пустым страўнікам бу-дзе не так ужо і проста.
Чортавы лічбы…