Жыццё — як ёсць

Жыццё — як ёсць

22 февраля 2013, 12:00
1153
За гісторыю свайго існавання Беларусь яшчэ не зведала такога ўпадку ў грамадстве ў галіне сямейных адносін, як зараз.

Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, летась на 1000 шлюбаў прыпадала 512 разводаў (у 2011 годзе — 445). На 12% зменшылася і колькасць зарэгістраваных шлюбаў.

Прычыны? Па-першае, сёння ў планах нашых кіраўнікоў на галоўным месцы прамысловая і сельскагаспадарчая вытворчасць і спорт; культура адышла на другі план, а выхаванне асобы наогул у крытычным стане. Калі мэта жыцця матэрыяльная, а духоўных мэт няма ні ў жыцці, ні ў шлюбе, гэта тое самае, што дом без фундаменту на пяску, і які б ён прыгожы ні быў, але разваліцца.

Па-другое, у аснове любой сям`і павінна быць закладзена духоўнасць. А мы адышлі ад ранейшых сямейных традыцый. Перанясёмся на паўвека назад.

Людзі больш адказна ставіліся да выбару. Перш чым паслаць сватоў, даведваліся пра род. Калі ў родзе быў п`яніца або бацькі гультаі, негаспадарлівыя ці хтосьці ў сям`і быў самагубцам, дзяўчына магла застацца ў дзеўках да канца жыцця. Глядзелі і на характар, і на матэрыяльны дастатак.

Але ў аснове сямейнага ладу ляжыць каханне, пры якім, калі нават у сям`і з`яўляюцца недарэчнасці, непаразуменні, звады і сваркі, сям`я не рушыцца, а ўсё вырашаецца палюбоўна. Каштоўнасцю сям`і павінен быць лад, асабліва калі ёсць дзеці.

Найбольшае маральнае разбурэнне нашага грамадства (а сем`яў у значнай меры) вядуць тэлебачанне і інтэрнэт, газеты і часопісы, дзе ўвесь час чуеш і чытаеш пра некалькіх жонак і мужоў вядомых людзей, з якімі, калі нешта не так, можна расстацца. Лёгка ажаніцца, а яшчэ лягчэй развесціся. Раней жа і развесціся было няпроста.

* * *

У магазіне. Дзяўчына абслугоўвае спраўна і ветліва. А на грудзях — бэйдж, ініцыялы і прозвішча Лопото. Па-руску, вядома.

Чаргі няма. На некалькі хвілін прадаўшчыца свабодная, таму пытаю:

— Прабачце, у вас дзед і радня па яго лініі таксама Лапоты?

Дзяўчына, зусім не саромеючыся, шчыра прызналася:

— Нет. Все писались Лопата, а по-белорусски — Лапата. Это моя мама, когда выходила замуж, сказала папе, что Лопата — некрасиво, и решили сменить фамилию.

І падумалася: якія ж ўсё-такі мы, беларусы! Адрак-ліся ад мовы, згубілі фальклор, а цяпер бяздумна нявечым сваю спрадвечную аснову роду — прозвішча. З такіх цудоўных прозвішчаў, як Лапа, Шчотка. Пучка, Воўна, Плотка, Лаза, Белка, Бярозка, Юха вышлі знявечаныя Лапо, Шчатко, Ваўно, Платко, Лазо, Юхо і г.д. Гэта тое самае, што прыгожую машыну ўзялі знарок скурожылі і ездзяць на ёй. «Калецтва» адразу кідаецца ў вочы. Так і прозвішчы: усё роўна гучанне іх асацыіруецца з першапачатковымі, ад чаго ўтвораны: лапа, шчотка, бярозка, плотка, пучка і інш.

Ніхто: ні паляк Вішнявецкі не памяняе прозвішча на Вішнявецко, ні літовец Войткус на Войткусо, ні грузін Геаргадзе на Геаргадзо, ні армянін Варданян на Вардано, ні фін Куусінен на Куусіно. Толькі беларус можа здрадзіць свайму роду.

Последние новости