Хто зімою нарадзіўся?
08 марта 2013, 08:00

Хто зімою нарадзіўся?

За тры зімовыя месяцы на Лунінеччыне нарадзілася каля 200 дзяцей.
Поделиться

Я налічыў 36 дзявочых і 40 хлапчуковых імён нованароджаных. Лідзіруюць Марыя і Анастасія (па 11), Вікторыя (9), Ксеня (8), Ганна (5), Максім (8), Арцём (7), Мікіта (6)…

Давялося рабіць падобныя аналізы і раней. На працягу дзясятка гадоў лідарамі былі Кацярына і Аляксандр, а з 2008 года з`яўляюцца Анастасія і Максім. Дарэчы, у гэты раз бацькі назвалі Кацярынай толькі дзвюх дзяўчынак і Аляксандрамі — трох хлопчыкаў.

У мінулым дзесяцігоддзі ў авангардзе ішлі і Алёна, Дар`я ды Дзмітрый (цяпер — 1, 5, 5). Адышлі на задні план зноў-такі нядаўна папулярныя Крыс-ціна, Лізавета, Валерыя, Раман і Дзяніс.

Вярнуліся ва ўжытак імёны, што даваліся сто гадоў назад: Васіліна, Марк, Ігнат.

Усё больш маладых бацькоў звяртаюцца да надання дзецям рускіх імён (Аліса, Руслана, Елісей, Глеб, Ягор, Серафім) і ўкраінскіх (Назар, Багдан). Ёсць і варыянтныя імёны: Даніла і Данііл; Аксана, Ксеня, Ксенія.

Сталі часцей бацькі даваць імёны запазычаныя, часам экзатычныя: Карына, Нэлі, Ілона, Злата, Цімур.

Сустракаюцца і імёны, неўласцівыя для Беларусі — калі бацькі-замежнікі або ідуць за модай: Мухамед, Умар, Міралам, Марыянела, Мілана, Ліяна, Дарыя.

На жаль, зніклі з ужытку такія цудоўныя імёны, як Галіна, Юлія, Тамара, Надзея, Вера, Любоў, Сцяпан, Рыгор, а таксама старажытныя Адам і Ева.