Крохкае шчасце Марго
15 марта 2013, 12:43

Крохкае шчасце Марго

Жончына сяброўка Маргарыта, ці, як яе называюць, Марго, доўга марыла аб уласным аўтамабілі.
Поделиться

І не толькі марыла — са скуры вылузвалася, але нарэшце назбірала грошай на аўто. Зага-дзя скончыла аўташколу і атрымала пасведчанне кіроўцы. За якім разам здала экзамены — гэта вялікі сакрэт ці маленькая жаночая таямніца. Яшчэ гадоў з пяток таму на кожнай жаночай “тусоўцы” не  прамінала магчымасці пахваліцца перад сяброўкамі, што хутка купіць сабе маленькую жаночую машынку з “адной дзверкай”. Нават не зусім дасведчаныя ў аўтамабільных справах кабеты кпілі з Маргарыткі і казалі, што з правага боку таксама ёсць дзверы, так што яе мара будзе, як мінімум, дзвюхдзверная. А некаторыя, асабліва прасунутыя, тлумачылі, што ў такіх машынах штуковіна, што знаходзіцца ззаду аўтамабіля і зачыняе багажнік, завецца ніякім не капотам, а дзверкай. Маргарытчына мара, па іх меркаванні, будзе трохдзверным аўто. Марго не бянтэжылі размовы і спрэчкі сябровак. І вось яна, мара добрай паловы жыцця, — срэбная “Фіеста”.

Менавіта на ёй Марго падкаціла да кавярні, дзе чакалі сяброўкі. Сённяшняе мерапрыемства мела мэтай “абмыць” “Фіестачку”. Шчаслівая ўладальніца падкаціла ў прызначаны час. Неяк няўпэўнена і досыць засцяроджана, але ж прыпаркавалася. І толькі калі заглушыла рухавік, то адвяла позірк ад дарогі і адпусціла руль, за які моцна крымалася аберуч. Тут да Маргарыткі дайшло, што небяспекі няма і можна трыху павыстаўляцца перад сяброўкамі. Марго дастала памаду і, апусціўшы шчыток, што быў замацаваны да столі быццам спецыяльна для яе, паглядзела ў люстэрка, правяла памадай раз-другі па пухнатых губках. Сяброўкі мелі дастаткова цярпення і чакалі шчаслівую ўласніцу срэбнай казюркі на чатырох колах.

— Прывітанне, дзяўчынкі! — гучна мовіла Марго і зацокала абцасамі праз вуліцу. У гэты ж час яна націснула нейкую пімпачку на ключы ад машыны. На што аўто ласкава каўкнула ў адказ  і весела падміргнула жоўтымі лямпачкамі. На думку Марго, гэта быў самы эфектны жэст у яе сёняшняй прэзентацыі сябе ў ролі аўтаўласніка.

Традыцыйныя абдымкі і чмокі-чмокі.  

Уся грамада — не крыўдзіць жа Марго! — падышла да “Фіестачкі”. Як і трэба ў падобным выпадку, сурвэткамі выцерлі і без таго чыстыя фары, папіналі па колах і па чарзе зрабілі “фа-фа”. А потым пайшлі ў кавярню, каб удзельнічаць у тым, дзеля чаго прыйшлі сюды. Ніхто з прадстаўнікоў моцнага полу запрошаны не быў. Ніхто і не крыўдаваў на такую дыскрымінацыю. Мужчыны пагадзіліся радавацца поспеху Марго дыстанцыйна, а жаночую радасць няхай падзеляць з Марго яе паплечніцы і сяброўкі.

Недзе з тыдзень Марго не ездзіла, а лётала. Быццам крылы за спінай выраслі. Вось яно — яе аўтамабільнае аднадзвернае шчасце. Канешне ж, хуткасны рэжым яна выконвала і ездзіла выключна па правілах. Ну, калі не акцэнтавацца на некаторых дробязях. Ды і на ДАІшнікаў рэагавала некалькі нервова. Аднойчы адзін з іх нават пальцам пакруціў каля скроні. Нахабнік. Падумаеш, уключыла правы паварот, а павярнула налева. З кім не бывае, ды і разгубілася, убачыўшы ахоўніка дарожнага руху з жэзлам у руцэ: чаго добрага, прычэпіцца яшчэ. Не, не прычапіўся. Усё было добра, і Маргарытка радавалася жыццю.

Бліснула маланка і ляснуў гром дзён недзе праз дзесяць, калі мой сотавы голасам рыдаючай Марго паведаміў сумную навіну, што яна разбіла сваю «Фіестачку», сваё аднадзвернае шчасце. Прычым, як яна выказалася, разбіла на друзачкі. На маё пытанне, а што менавіта здарылася, Марго канчаткова “дабіла” мяне аргументам: “Нават засцярога трансмісіі адвалілася”. Марго не пераставала нервова ўсхліпваць, а я збіраўся з думкамі, як заспакоіць ахвяру дарожна-транспартнага здарэння. Не стаў пытацца ў Марго, як, дзе і пры якіх абставінах здарылася гэтая трагедыя. Навошта яшчэ больш траўміраваць жанчыну? Разбяромся потым.

Але ж злавіў сябе на думцы, што шмат часу праводжу за рулём, да таго ж маю тэхнічную адукацыю, але ніколі не чуў аб такой складанай і невядомай дэталі, як “засцярога трансмісіі”. Распісвацца ва ўласнай аўтанепісьменнасці ніяк не хацелася. Да таго ж цікаўнасць перамагла стому, ну і як жа не дапамагчы Марго ў такі цяжкі жыццёвы момант?! У паўзе паміж яе ўсхліпамі вымавіў, што зараз жа прыеду, каб агледзець машыну і ацаніць страты.

Едучы побач з домам, дзе жыла Марго, звярнуў увагу, што яе “срэбнае шчасце” выглядае лепш, чым тыдзень таму. Зіхаціць паліроўкай у промнях заходзячага сонца і падмігвае сонна лямпачкай сігналізацыі за ветравым шклом. Сюрпрыз дык сюрпрыз. Не апошні, як выявілася, за гэты надвячорак.

З пад’езда выйшла заплаканая Маргарытка. Нервова павітаўшыся, яшчэ раз паведаміла, што тая дэталь, якую яна згубіла, мае назву менавіта “засцярога трансмісіі”. Заінтрыгаваны і збянтэжаны, я прапанаваў агледзець машыну. Марго пагадзілася і падняла заднюю дзверку… У багажніку ляжаў іржавы каналізацыйны люк.

На маё няўпэўненае пытанне, як гэта здарылася, Марго дрыготкім голасам вымавіла: “Еду я, еду… Усё спакойна, але раптам “бах, бабах”. Я адразу па тармазах… Выйшла з машыны, а яна, ахова гэтая, ляжыць побач. Нейкія хлопцы спыніліся, дзякуй ім, дапамагчы мне… Я ім распавяла пра ўсё, і яны мне сказалі, што гэтая дэталь у машыне надта ж важная. Дзякуй ім, дапамаглі мне пакласці яе ў багажнік… Яны ж і параілі мне ехаць  вельмі асцярожна, не болей за 40… Без гэтай дэталі ездзіць вельмі небяспечна, ну ты ж сам шафёр, ведаеш лепш за мяне…  Я і паехала, нават не 40, мо 20 кіламетраў на гадзіну ў правым радзе і з уключанай “аварыйкай”…

Уся яе тырада час ад часу абрывалася ўсхліпамі. Я ж ледзьве стрымліваўся ад таго, каб не зарагатаць. Але гэта яшчэ не канец пакутам Марго ў той нешчаслівы дзень. Мурзаты слесар з аўтасервіса, да якога Марго ледзьве даклывала на разбітай ушчэнт машыне, выціраючы брудныя рукі не менш бруднай анучай, сказаў Марго, што хлопцы на дарозе маюць рацыю. Бо няма ў любой машыне дэталі больш важнай і патрэбнай, чым “засцярога трансмісіі”. Але, на вялікі жаль, адрамантаваць Маргарытчыну “Фіестачку” зараз ён ніяк не можа. Рады дапамагчы жанчыне, што трапіла ў бяду, але тут нават ён, спец з 20-гадовым стажам, бяссільны. “Але ж дзядзька добры такі, — зноў усхліпнула Маргарытка,- сказаў, што ўсё зробіць, але трэба купіць адмысловыя самарэзы, ён мне вось і марку іх напісаў”. Марго працягнула мне скамечаную, брудную паперку. На ёй каравым почыркам было напісана: “Левабаковыя самарэзы для адказных работ ЛС-123-987-456-654/001 — 25 шт.”

Каб не выдаць сябе і не пакрыўдзіць жанчыну смехам, які душыў у сабе з усёй моцы, я стаў хадзіць вакол машыны.

— А што, пашкоджанняў больш ніякіх?

— Не. Хлопцы, ну тыя, што на дарозе мне дапамагалі, казалі, што я добры кіроўца, бо ў момант спынілася. А калі б зазявалася, то бяды нарабіла б.

Марго перавяла дух і залапатала скорагаворкай:

— Я ж адразу, як прыехала з аварыі, пабегла ў краму аўтазапчастак… Там рэвізія. Я на таксі на другі канец горада…

— Ну і што, купіла ты тыя левабаковыя самарэзы, знайшла? — здавалася, што я ўпаду зараз і покатам зайдуся ад рогату. Стрымаўся, хоць і губы пакусаў мо да крыві.

— Не, не купіла. Прадавец адразу выбег у склад, а потым яшчэ доўга шукаў па каталогах і ў кампьютары, але марна… Але ён сказаў, што можна аформіць замову… Бо такія адмысловыя самарэзы прывозяць толькі па папярэдняй заяўцы. Патрэбны толькі арыгіналы і чакаць прыйдзецца каля месяца. І то, гэта толькі праз іх краму, у іх прамыя пастаўкі… У астатніх яшчэ большы тэрмін. Хоць тут пашанцавала… А яшчэ ён, добрая душа, падказаў, што без рамонту ездзіць без “засцярогі трансмісіі” ні ў якім выпадку нельга…”

Тут я заўважыў, што паспачуваць Маргарыце і раздзяліць бяду ідуць усе яе сяброўкі. Сапраўды, як кажуць, прыяцеля ў няшчасці пазнаеш. Крочаць, усхваляваныя такія. Мая першая, за ёй астатнія. Уся іх каманда, што яшчэ некалькі дзён таму бадзёра пінала па колах “Фіесты” і абмывала з Марго яе шчасце ў кавярні.

Марго яшчэ нешта казала мне пра яе гора, пра тое, што свет не без добрых людзей. Але ўсё, я не мог больш трываць. Смяяўся да слёз. Думаў, што здарыцца істэрыка. Марго толькі лыпала заплаканымі вочкамі. А жонка сурова вымавіла: “Ідыёт!” Ну вось, а я пры чым?! “Ну, як ёсць ідыёт, у чалавека гора, а яму смешна!” На жонку я не крыўдую. Я ведаю: спрацавала жаночая салідарнасць.