Гуканне вясны ў Вязынцы

Гуканне вясны ў Вязынцы

Радзіма Янкі Купалы ў суботу, 23 сакавіка, у марозны дзень сустракала прыхільнікаў традыцыйных спеваў, веснавых карагодаў, гульняў і танцаў, вырабаў народных майстроў. Арганізатарамі свята сталі Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы.

Некалькі соцень чалавек удзельнічалі ў абрадзе гукання вясны. Нягледзячы на мароз і снег па пояс, шмат сем`яў прыйшлі разам з маленькімі дзеткамі. І ўсе ўдзельнічалі ў карагодах, танцах, гушкаліся на арэлях, набывалі вырабы народных майстроў, частаваліся блінамі і гарбатай — наогул, весела адпачывалі. Большасць маладых людзей была апранута ў адзенне з традыцыйнымі беларускімі вышыванкамі.

А вось некаторыя выказванні пра гуканне вясны. У вёсцы Дзятлавічы нашага раёна гавораць так: «На лодцы ездзілі по водзе, на водзе едом лодкою і поём, вэсну зовом». Уладзіслава Пастэрнак, в.Укропенка Смаргонскага раёна: «Тады маладзёж брала кола ад калёс, каторыя ўжэ ні патрэбныя, даўней жа былі драўляныя колы, ішлі на гару і пускалі калёсы з гары і клікалі вясну: «Ой, вясна, прыйдзі, вясна, гу!» На Саракі пускалі калёсы з высокай гары, каб так прэнька вясна кацілася, каб хутчэй прыйшла. Пускалі дзяўчаты і хлопцы і глядзелі, чыё калясо далей паляціць. Пяклі булачкі і бралі з сабой, там елі і птушачкам кідалі».