Пачуў такое:
«Сустрэла каля магазіна знаёмую, якую даўно не бачыла. Ідзе, угнуўшы галаву, сумная. Каб неяк развеяць нудоту ды развесяліць яе, расказываю анекдот. Знаёмая рассмяялася ўголас, а потым прыкрыла далонню рот і азіраецца па баках, нібыта злодзей:
— Ой, людзі ўбачаць, скажуць, што дурная.
— Чаму дурная? — здзвівілася я.
— Ну, што смяюся.
Падумалася: да чаго мы дажыліся, што засмяяцца на вуліцы і то бойся!»
І не толькі смяяцца, а і спяваць. Яшчэ паўстагоддзя назад у кожным куточку любой вёскі можна было чуць вечарамі (а ў святы і ўдзень), як спяваюць старыя і маладыя. То было нормай жыцця. Цяпер заспявай хто-небудзь — людзі адразу скажуць: «п`яныя».
І ў вёсках, і ў аграгарадках — глуха. Маўчанне — вось галоўная адзнака сучаснага беларуса.
Грошы
Каля чыгуначнага вакзала валялася сторублёўка. Пад парывамі ветра перамяшчалася з месца на месца, быццам прасілася: «Падніміце мяне!» Аднак ніхто — ні старыя, ні малыя — на яе не звярталі ўвагі. Маўляў, гэта не грошы.
Падумалася: роўна трыццаць гадоў назад я меў зарплату 100 рублёў. Помню, атрымаўшы, купіў сабе касцюм за 70 рублёў, а 30 хапіла на месячную норму чорных і белых хлебапрадуктаў і сякіх-такіх бытавых дробязей.
Як жа наша дзяржава абясцэніла беларускія грошы! Супраць іншых валют наш «рубельчык» — жабрак.
Узяць хаця б расійскія грошы. За іхнія 100 рублёў (а яны ў 280 разоў даражэйшыя) можна ў нас купіць паўкілаграма сыру ці каўбасы або 5 булак хлеба.