Малады настаўнік: «Два гады — і я валю»

Малады настаўнік: «Два гады — і я валю»

05 апреля 2013, 10:00
683
Мінскі настаўнік гісторыі Анатоль расказаў «Нашай Ніве» пра сённяшнюю школу, вучняў, аўтарытэт прафесіі.

Я скончыў педуніверсітэт, жыву з бацькамі ў Мінску. Размеркавалі мяне ў звычайную школу ў «спальніку».

Не буду называць якую. Я не баюся адміністрацыі, нічога са мной не зробяць. Аднак праблем падкінуць могуць, а ў мяне на іх няма часу.

Па-першае, лічу, што нядрэнна зрабіць на першым курсе педагагічную практыку «для азнаямлення». Калі б я на першым курсе даведаўся, што значыць быць педагогам, то на другім курсе мяне б не было. Аднак у школу трапіў толькі на апошнім курсе. Як практыканту спадабалася. Потым настаўніца гісторыі сышла ў дэкрэт, і мне прапанавалі выходзіць на працу з новага года. Афіцыйна працую з сярэдзіны пятага курса.

Малы заробак не быў сакрэтам, але я паважаў прафесію. Думаў: прыходзіш у клас — і можна столькі цікавага расказаць, столькімі шляхамі!

Мне ўзгадваўся фільм «Таварыства мёртвых паэтаў». Бо гісторыя — такі прадмет, дзе можна дыскутаваць аб палітыцы, культуры, рэлігіі. Я не ўлічыў адзін фактар — людзей, з якімі мне прыйдзецца працаваць.

Першыя два месяцы былі задавальненнем: рабіў урокі як мага цікавейшымі. Калегі ж адразу параілі быць строгім.

Я тыдні тры-чатыры намагаўся, але потым зразумеў, што не магу пастаянна некага «жучыць», не магу корчыць з сябе «жорсткага дзядзьку». І тут панеслася…

«Што б я ні прыдумляў, мяне чакаў правал»

Цяпер у мяне чатыры класы: два «дрэнныя», адзін «сярэдні» і адзін «добры» — так дзялю. У «добрым» класе бачна, што дзецям цікава вучыцца, яны ўважліва слухаюць, рыхтуюцца. У дзяцей з гэтага класа ёсць нейкія мэты, планы. І добра, што гэты клас у мяне апошні ў раскладзе — пасля урокаў там аднаўляецца вера ў чалавецтва і я іду дадому ўзрушаны. Але такі клас адзін.

Спачатку я спісваў няўдачы на адсутнасць досведу. Але потым зразумеў: што б я ні рабіў, мяне чакае поўны правал.

Я спрабаваў сучасныя методыкі, намагаўся зрабіць заняткі цікавымі і нефармальнымі. Але ў лепшым выпадку працавалі чалавекі чатыры. Астатнім, прабачце, абсалютна пофіг.

У восьмым класе палова вучняў чытае… па складах! У мяне ледзь сківіца на стол не звалілася. А калі натыкаліся на складанае слова, «заліпалі» секунд на 10.

Тады я зразумеў, што яны не могуць падрыхтавацца да ўрока, бо вучням банальна цяжка прачытаць 7-8 старонак параграфа. А яшчэ і запомніць штосьці трэба.

Затым я стварыў суполку «Укантакце» (усё адно гэты сайт забірае большасць часу школьнікаў), куды посціў інфармацыю па пройдзеных тэмах, знаходзіў нейкія цікавосткі, рабіў «фотажабы», скідаў спасылкі на сусветныя навіны, каб банальна пашыралі кругагляд. Добрую музыку туды дадаваў. Бо сучасныя густы дзяцей — ціхі жах. Іх куміры — Рома Жолуд, Анжэла Лондан; слухаюць дзеці бязглузды рускі рэп. Але нават такі падыход не спрацаваў. Мая ініцыятыва ніяк не адбілася на навучанні. Наадварот, з’явілася нейкае панібрацтва.

У выніку вярнуўся да стандартнага ўрока — ён хоць нейкім чынам працуе.

Дзеці гуляюцца проста на ўроках, раскрываюць свой багаты ўнутраны свет у сацсетках.

«Калі што — вінавата школа»

Неўзабаве пасля пачатку маёй кар’еры калега сказала: «Ходзяць чуткі, што вы гей». Я быў злёгку шакаваны такой навіной.

Аказалася, дзеці знайшлі фота «Укантакце», на якім я заціснуты між ног маёй дзяўчыны (хоць з фота не зразумела, чые ногі). Пад фотаздымкам жартаўлівы каментар: «Ну і хто гэты шчасліўчык?» Дзеці самі знайшлі, не прамарудзілі з распаўсюдам інфы.

Затым я пабываў «разбэшчвальнікам непаўналетніх». Дзеці знайшлі маё з сябрам відэа, дзе я граю на гітары аголены. Ну як аголены — з голым торсам, а потым усё закрыта гітарай, як у Міхалка ў «Зорачках». У адміністрацыі мяне адчытвалі, што, маўляў, вы ж настаўнік, нельга так рабіць… Прабачце, але гэта парушэнне недатыкальнасці майго прыватнага жыцця, гарантаванага хаця б пунктам 7.8 кантракта. Пурытанскі YouTube дазволіў відэа, ды схадзіце на любы пляж — не такое пабачыце.

Гэта вельмі «па-нашаму»: «забіць» на дзяцей, даць ім неабмежаваны і бескантрольны доступ да сеціва, да «Укантакце» з тэрабайтамі порна, аднак у выпадку чаго вінавата школа, настаўнікі… Усе, акрамя бацькоў.

Ужо потым я даведаўся пра іншую гісторыю: выкладчыца з’ездзіла ў адпачынак і выклала ў сацсеткі свае фота ў купальніку. Праз гэта падняўся скандал, настаўніца ледзь пазбегла звальнення.

Занядбаныя дзеці

Неяк дырэктар выклікае мяне і кажа: «Мне тэлефануюць бацькі, скардзяцца, што вы не можаце справіцца з класам». Як высветлілася, дзеці наскардзіліся бацькам, што я не магу кантраляваць клас, «складваю ручкі» і праз гэта яны — увага! — не ведаюць гісторыю і атрымліваюць дрэнныя адзнакі!

Я не забараняю ні бацькам, ні адміністрацыі прыходзіць на ўрокі, нават ухваляю гэта. Але больш за год працы прыйшлі толькі аднойчы!

У мяне быў вучань, добры і разумны хлопец, толькі гаманкі — пытаўся пра маё жыццё, пра ўсё на свеце. На нейкім уроку ён актыўнічаў, я пагрукаў па стале і папрасіў не размаўляць. Тое пачула класная і патэлефанавала бацькам. На наступны дзень да мяне прыбегла маці хлопца, стала распытваць пра сына, каб дапамагчы яму з праблемамі. Падумайце: адзін раз! На пастаянныя двойкі і тройкі ў астатніх вучняў па ўсіх прадметах — нуль рэакцыі.

Ніжні ярус піраміды

У мяне ёсць вучні, якія за год не адказвалі ўвогуле. Гэта іх не надта хвалюе. Яны маюць сваю тройку ці чацвёрку.

Я спытаў, ці можна ставіць двойку за год, каб некаторых лайдакоў пакінуць на другі год. Адказалі: «Ні ў якім разе!» Бо дзесяцібальная сістэма была спецыяльна зроблена, каб можна было паставіць «4» за год, хутчэй давесці вучня да 9 класа — а там ён ужо не праблема школы.

Неяк я вырашыў цікава расказаць пра будызм, нарыў дадатковага матэрыялу. Расказваю, і тут паднятая рука: «Прабачце, а навошта нам гэта трэба?»

Ну, кажу, гэта не дапаможа вам перажыць апакаліпсіс, не сагрэе вас у зімнім лесе. Такія веды проста патрэбны, каб быць разумным. Аднак пасля такога пытання я проста выпаў у асадак.

Дзеці разбэшчаныя. Яны жывуць на ніжніх узроўнях піраміды патрэбаў, у сытасці ды бяспецы.

У іх ёсць тэлефоны, планшэты, камп’ютары, ёсць сябры віртуальныя і рэальныя — усё для камфортнага існавання. На культуру, мастацтва, самаразвіццё збольшага пляваць. Я сто разоў казаў: «Мне да аднаго месца, што вам гісторыя да аднаго месца. Калі вы не можаце пераступіць праз сябе, каб раз-другі вывучыць і атрымаць «сем», як вы далей выжываць будзеце?» Але ж ім — што гарохам аб сцяну.

«Як пішуць «Укантакце», так і ў жыцці»

Пішуць, дарэчы, таксама, як і «Укантакце» — «паток розуму» без знакаў прыпынку і элементарнай пісьменнасці.

Замест манчжураў у кантрольнай з’явіліся «вузкавокія» (а чаму б не, Старажытны Кітай праходзім!), замест уладара Бабура — «бамбук».

Аўтарытэт у настаўнікаў ніжэйшы за плінтус.

Калі сустракаўся з былымі аднакласнікамі, я вельмі радаваўся, што я настаўнік, а не які-небудзь менеджар. Я ж вучу дзяцей, у маіх руках уплыў на будучыню. Я магу не толькі скардзіцца, бо мне выпаў шанец паспрабаваць нешта змяніць. Я ўсведамляю, што я не Рон Кларк, не Макаранка, але я мог бы быць добрым дасведчаным педагогам. Мой бацька з вёскі, ён сам працуе настаўнікам. У яго ўяўленні настаўнік — гэта аўтарытэт. Але ў Мінску адукацыяй нікога не здзівіш, а многія ўспрымаюць настаўніка як няўдачніка, які не «ўмее зашыбаць бабло».

Матэрыяльнай зацікаўленасці і перспектыў — нуль.

Мы з маёй дзяўчынай аднагодкі. Яна, як і я, вучылася на бюджэце. Толькі на праграміста. Працаваць мы пачалі адначасова. Яна пачала з 500 долараў, я з 1,5 мільёна. Зараз яна зарабляе 1000 долараў. Я — 1,5 мільёна. Нават калі б атрымаў вышэйшую катэгорыю, працаваў на дзве стаўкі і цягнуў класнае кіраўніцтва, мог бы атрымаць мільёны чатыры.

Настаўнікі ў маёй школе — гэта «старая гвардыя» і моладзь. Моладзі каля 30%, яны «адбываюць» размеркаванне.

Чуў нават ад старых настаўніц: «Лепш я пайду ў гатэль пакаёўкай, буду атрымліваць тыя ж грошы, але нервы не буду траціць».

Пакуль я малады, пакуль штосьці ўмею і магу, трэба нешта мяняць. Таму два гады — і я валю.