Падлажылі «свінню»
Каб выгадаваць свінчо вагою 150-200 кг, трэба скарміць лёх бульбы, прычым варыўшы яе ў катле-парніку, спаліўшы нямала дроў ды страціўшы некалькі мяхоў мукі ці камбікорму — а гэта сотні вёдзер пойла. Клопатная і важкая праца.
Але вяскоўцы не лічыліся з працай, бо ў асноўным прадукты вырошчвалі на сотках і «лішняя» бульба ды зерне ішлі на адкорм свінні ці кабана. Прадаўшы іх, гаспадар меў адчувальны даход.
Здавалі свіней звычайна жывой вагой пасярэднікам-камерсантам. Пазваніў ім — прыехалі, купілі, грошы ў рукі — і лады.
Гэтай зімой сялян-гаспадароў загналі ў тупік: у лістападзе камерсанты выставілі цану 23 тысячы за кілаграм, у снежні — збавілі да 20 тысяч. Уявіце, выгадаваўшы кабана вагой 200 кг, атрымаеш 4 мільёны рублёў — гэта месячная пенсія двух членаў сям`і.
А нядаўна выйшла пастанова Мінсельгасхарчу «Аб зацвярджэнні ветэрынарна-санітарных правілаў утрымання прадуктыўнай жывёлы ў асабістай падсобнай гаспадарцы грамадзян», якая закранула інтарэсы многіх катэгорый насельніцтва. Дакументам прадпісваецца забіваць жывёлу толькі ў спецыялізаваных установах, а не на падворку, як рабілася спрадвеку.
Цяпер гаспадар прадаць свінню камерсанту не мае права. Ён павінен везці яе ў забойны цэх райцэнтра; там жывёліну заб`юць, асмаляць, разбяруць. Заплаці па 2600 рублёў за кілаграм вагі плюс энную суму за даведку ад ветурача, і тады маеш права прадаваць сваю свініну.
Гэтай жа пастановай патрабуецца рэалізаваць мясную прадукцыю толькі ў дзень забою. А калі ў забойным цэху чарга, ці ж паспее гаспадар прадаць свініну?
Вось такія ўзнікаюць клопаты і страты. Трэба ж улічыць яшчэ і выдаткі на паліва, каб даставіць свінчо ў забойны цэх. А калі няма сваёй машыны, прыйдзецца плаціць і за наём.
То ці ж будуць цяпер сяляне гадаваць свіней на продаж? Судзіце самі. Як бачым, паклапацілася дзяржава, каб вяскоўцы не трымалі кароў, а цяпер — і свіней.