Любанскія паясы на дошчачках, альбо Захапленне настаўніцы

— Што Вас натхніла на такую цікавую справу, як ткацтва на дошчачках?
— Гэтай восенню я была госцем на вяселлі ў нацыянальным стылі. Усе запрошаныя былі ў святочных беларускіх касцюмах або ў сучасным адзенні, але з нейкімі традыцыйнымі нацыянальнымі элементамі, часцей за ўсё гэта быў пояс. Вось і з’явілася ідэя зрабіць пояс сваімі рукамі, як раней.
— Дзе пазнаёміліся з тэхналогіяй?
— Пад руку трапіла кніга, дзе вельмі коратка, на некалькіх старонках тлумачылася, як гэта робіцца. А добрым дарадчыкам ва ўсіх справах сёння з’яўляецца інтэрнет.
— Колькі часу ідзе на выраб аднаго пояса?
— Два-тры вечары. Чым ён даўжэйшы, тым, зразумела, і больш часу неабходна на яго выраб.
— Ці было ў Вас нейкае падобнае захапленне раней?
— Мне вельмі падабаецца выконваць работы ў тэхніцы бісераткацтва. Праўда, вялікіх работ я не ствараю, затое разнастайных фенечак зрабіла вельмі багата. Ткацтва на дошчачках — гэта працяг майго ранейшага захаплення. Думаю, што ткацтва ў разнастайных яго праявах закладзена ў самой прыродзе жанчыны. Калі ўкласці душу, то абавязкова атрымаецца добрая рэч. Займаюся звычайна па вечарах. Гэтай доўгай зімой было шмат часу для працы.
— Якое прымяненне вы знайшлі для сваіх вырабаў?
— Яны ідуць на падарункі сябрам. Гэта вельмі добры беларускі сувенір.
— Плённай Вам працы. І дзякуй за цікавы расповед.