Слова пра паркі

Слова пра паркі

12 апреля 2013, 10:00
1145
У час адной з творчых сустрэч на Лунінеччыне ў мяне пацікавіліся, чаму гэты край такі бедны на паркі.

Шчыра кажучы, можна казаць не пра беднасць, а пра поўную “галечу” ў гэтым сэнсе, паколькі на Лунінеччыне на сённяшні час няма аніводнага гістарычнага парка. Дарэчы, як сведчыць выданне А.Федарука “Садово-парковое искусство Белоруссии” (Мінск, 1989), такія паркі адзначаны ў Дубое, Заполлі, Сташанах Пінскага раёна, Косаве Івацэвіцкага, Агарэвічах Ганцавіцкага, Манькавічах, Нова-Бярэжным Столінскага раёна. Так што і гэтыя рэгіёны бедныя на паркі, а вось у Баранавіцкім раёне іх адзначана аж 14.

Відавочна, што паркі — вялікія сады або насаджаныя гаі з алеямі і кветкамі, альтанкамі, сажалкамі, скульптурамі, павільёнамі, кафэ і інш. — гэта сведчанне высокай культуры таго ці іншага населенага пункта.

Сёння ў большасці гарадоў і райцэнтраў ёсць паркі культуры і адпачынку. Але іх знешняму і ўнутранаму выгляду, на жаль, мясцовыя ўлады не заўсёды надаюць увагу.

Успамінаюцца паркі культуры ў Бураціі і Амурскай вобласці, дзе я калісьці служыў у войску, асабліва ў горадзе Кяхта на мангольскай мяжы. Гарадскі парк заўсёды поўніўся людзьмі, бо музыка, скульптуры звяроў, на спінах якіх можна было пасядзець і сфатаграфавацца, розныя забаўляльныя куткі і гульнявыя павільёны, сустрэчы са славутымі людзьмі, творцамі, навукоўцамі, вечарыны і канцэрты, конкурсы і розныя святы — усё гэта стварала нейкую заманлівую атмасферу радасці, культуры і сапраўднага адпачынку…