Не толькі трава…
27 апреля 2013, 17:05

Не толькі трава…

Кожную вясну, калі становіцца цёпла і прасыхае зямля, можна назіраць адзін і той жа малюнак: ідзе масавае выпальванне леташняй травы на паплавах і ў балотах, у гаях і на сенажацях.
Поделиться

Некаторыя сцвярджаюць, што такая аперацыя прыводзіць несумненную карысць: замест старой травы хутчэй, чым звычайна, вырастае маладая, сакавітая, і, такім чынам. людзі быццам маюць магчымасць лепш папаўняць кармавыя запасы для жывёлы. Але ці так гэта? Вядома ж, леташняя трава застаецца пераважна на непрыдатных для гаспадарчых работ землях: на пустках, на пераўвільготненых балотных мясцінах, у кустах і лазняках. Затое там — надзвычай спрыяльныя ўмовы для рассялення дзікіх звяркоў, птушак, насякомых, добра растуць дрэвы, кустоўе, ягаднікі, многія карысныя, а часта проста ўнікальныя ва ўмовах нашага Палесся травы і зёлкі.

Гэтай вясной пакуль што менш заўважана пажараў: на шчасце, прыроду ратуе вялікая вада. Летась жа ў такі час назіра-ліся страшныя пажарышчы, якія ахоплівалі дзясяткі гектараў плошчы ў зоне, так бы мовіць, ахоўваемага заказніка «Сярэдняя Прыпяць».

Мінулай вясной я зрабіў прагулку ў бок Прыпяці і жахнуўся. У знаёмых мяс-цінах, дзе год назад радавалі вока маладыя бярозкі, асіны, вербы, стаялі абгарэлыя дрэвы. А калі ракі, дзе раней сяліліся кнігаўкі, кулікі, у куп`і — качкі, у лазовых кустах — сарокі і іншае птаства, а трава поўнілася звонам чмялёў, дзікіх пчолак, — цяпер была свайго роду пустка. Летам нават трава не вырасла, бо агонь дабраўся і да карэньчыкаў. Многія кусты амярцвелі, стаялі парыжэлымі купамі.

Сумная карціна і на месцы нядаўняга пажару. Над суцэльнай чорнай выжарынай з крыкам носяцца вароны ды сарокі. Яны паядаюць загінуўшых гарнастайчыкаў, вожыкаў, пацукоў, мышэй і вужоў.

Прырода жыве па сваіх законах. Усё ў ёй найлепшым чынам прыстасавана, прадугледжана і, калі хочаце, абгрунтавана, даведзена да ладу. Таму нават нязначнае ўмяшанне ў наваколле, у яго таямніцы і загадкі, у яго непаўторную гармонію недапушчальна. Выпальванне травы, хмызняку па чыімсьці недарэчным жаданні — гэта сапраўднае варварства. А з ім належыць змагацца ўсім нам рашучым наступальным спосабам.

У агні гарыць не толькі трава. Нешта знішчальнае адбываецца пры гэтым і ў ачарсцвелых душах нядобрых людзей.