На маім стале

На маім стале

24 мая 2013, 16:30
906
У час працы ў школе (адпрацаваў 36 гадоў) праз мае сэрца і душу прайшлі сотні вучняў. Па-рознаму склаўся іх лёс.

Маю гонар

Радасць агортвае, калі ў іх сем`ях пануе лад, яны ўладкаваны на работу і ў людскім асяродку маюць павагу. А калі хтосьці, як кажуць, выбіўся ў людзі, у нейкай сферы набыў вядомасць — маю гонар.

На маім рабочым стале ляжаць атласы: «Всемирная история Новейшего времени 1945 г. — начало XXI ст.» і «География материков и стран». Яны прадвызначаны для вучняў старэйшых класаў школ з рускай мовай навучання.

У першым атласе прасочваецца ўся гісторыя чалавецтва з часоў Другой сусветнай вайны: вынікі пасляваеннай будовы свету, пачатак халоднай вайны і фарміраванне ваенных блокаў, супрацьстаянне між Усходам і Захадам. Далей карты ўводзяць нас у працэс развіцця эканомікі і інтэграцыі ў свеце. Найбольш падрабязна прадстаўлена гісторыя Савецкага Саюза і яго распад і стан сучаснай палітыкі краін былога Саюза. Некалькі карт вядуць нас па падзеях мінулых гадоў на ўсіх кантынентах планеты. Для цікаўных прапануецца шмат дадатковай інфармацыі па тэмах у выглядзе тэкстаў і табліц.

Другі атлас — аб`ёмны (88 старонак), значны па фармаце, у поўным аб”ёме асвятляе ўсе сферы: фізічныя і палітычныя, кліматычныя і гаспадарчыя ўсіх кантынентаў і краін на сучасным этапе.

Атласы выдадзены на вышэйшых паліграфічным і мастацкім узроўнях. Яны — вынік крапатлівай і шматгадовай працы калектыву Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белкартаграфія», рэдактарам якога з`яўляецца былая вуча-ніца Таццяна Міхайлаўна Пракаповіч. Мастацкае афармленне зроблена яе дачкой Маяй.

Я маю гонар!

«Сябрына»

Талент Маі Пракаповіч як мастачкі праявіўся з дзяцінства. Вынік яе крапатлівай працы — шматлікія эцюды, малюнкі, карціны. Але апагеем творчасці стала праца пры выдавецтве «Мастацкая літаратура». Сёлета распачалося выданне новай серыі дзіцячых кніг «Нашым дзецям». Першай выйшла кніжка «Сябрына», аўтар якой народны пісьменнік Беларусі Рыгор Барадулін. Яе аформіла Мая Пракаповіч.

Вершы паэта (а яны пра дамашніх жывёл) тонуць у аздобе каляровых малюнкаў, ілюстрацый. Палітра фарбаў цешыць вока. А фантазія мастачкі надала героям кніжкі казачны выгляд.

Рыгор Барадулін ухваліў работу мастачкі і запрасіў яе ў госці.