Шлюбныя танцы

Шлюбныя танцы

24 мая 2013, 16:30
1416
Лясы і палі, узгоркі і даліны, балоты і меліяраваныя землі, азёры і рэчкі - такая разнастайнасць ландшафту нашага краю. І ўсюды, ва ўсіх куточках водзяцца птушкі. Па звестках арнітолагаў, у нашых мясцінах жыве каля 270 відаў пярнатых.

З ранняй вясны ў іх паяўляюцца клопаты пра будучае патомства. Многія з птушак ствараюць сямейныя пары, каб потым не разлучацца ўсё жыццё. Гэта буйныя драпежнікі, совы, чаплі, буслы і іншыя. Некаторыя ствараюць пары толькі на адзін сезон. Да іх адносяцца ўсе пеўчыя птушкі: шпакі, салаўі, жаваранкі, дразды, сініцы, аўсянкі, чыжы і другія. Ёсць, аднак, і такія віды, якія пар зусім не ствараюць, самка сама клапоціцца пра патомства, а зязюля, напрыклад, умудраецца падкінуць яйкі ў чужое гняздо і жыць бесклапотна.

Але ў многіх пярнатых, перш чым стварыць пару, праходзіць перыяд заляцанняў, шлюбных танцаў ці нават вяселляў.

Першымі шлюбны сезон распачынаюць сарокі. Сарочае вяселле ладзіцца дзе-небудзь у аддаленным рэдкалессі. У кучку злятаецца некалькі сарок-самцоў. Яны выдаюць сухі працяжны трэск, які час ад часу змяняецца кароткім стракатаннем, пасля выводзяць своеасаблівую прыгожую мелодыю. Хвасты выцягнуты гарызантальна, крылы прыадкрыты, дзюбы разяўлены. На заканчэнне выведзена апошняя страфа — і хвост падняты веерам. Сарокі-самкі адклікаюцца кароткім скрыпам ды курлыканнем, падлятаюць да “кавалераў”, ушчыльную курлычуць, нахіляюць галаву, быццам аддаючы паклоны. Іншы раз у стане “кавалераў” узнікае нязгода, усчынаецца валтузня, бойка. Але ў рэшце рэшт чарада распадаецца і кожная пара ляціць у сваім кірунку.

Ранняй вясной, калі пачынае цячы кляновы сок, у самых глухіх лясных закутках, у час світання, можна пачуць гукі, якія нагадваюць то скрып дрэва, то звон і ляскат мянташкі, якой востраць касу. Так глушэц кліча сабе сяброўку. Такавішчы глушцоў праходзяць ураўнаважана-спакойна.

А вось цецеруковыя такавішчы шумныя, гучныя. Вясной яшчэ задоўга да світання ў гаі ці ў лясныя паляны злятаецца некалькі гэтых чырванабровых птахаў. І як толькі пачынае світаць, забалбочуць, зачуфыркаюць самцы, разгарнуўшы веерам раскошныя хвасты, упрыгожаныя па баках цудоўнымі касіцамі, апусціўшы да зямлі крылы. Пачынаецца бойка за самку. Іншы раз б’юцца да знямогі.

Такаванне распаўсюджана і ў некаторых відаў кулікоў. Гукі накшталт моцнага рогату падаюць пугач і шэрая сава. А самец бугая — вялікай балотнай птушкі — вясной, апусціўшы дзюбу ў ваду, падае крык, падобны на мычанне каровы.

Цікавыя і вельмі прывабныя танцы наладжваюць журавы. Яны водзяць кругі-карагоды, якія суправаджаюцца трубнымі гукамі.

У крумкачоў і каршуноў свой шлюбны абрад. Вясной яны вырабляюць у паветры розныя фігуры, падаюць уніз, зноў узлятаюць. Падобная веснавая цяга адбываецца ў слонак (вальдшнепаў), у бякасаў з бляяннем, а ў стрыжоў з віскам-свістам.

Прыгожае “заляцанне” адбываецца ў пары галубоў. Голуб буркуе, б’е паклоны, бывае, бярэ галубку ў абдымкі, і апошні такт — у знак згоды прыкладваюць дзюбку да дзюбкі, як пацалунак.

У дробных птушак самцы ў шлюбны перыяд пяюць, ажыўляючы ўсё наваколле. З мнагалікага птаства асабліва выдзяляюцца песні жаваранкаў, салаўёў, драздоў і берасцянак. Пакуль спяваюць самцы, іх каханкі могуць спакойна выседжваць дзетак.