Грамадзянскі форум
Удзельнікі выступілі з рэзалюцыяй, у якой адзначылі, што, падзяляючы каштоўнасці і мэты ініцыятыў ЕС «Усходняе партнёрства» і «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі», яны вымушаныя канстатаваць адсутнасць паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Пры гэтым у рэзалюцыі вітаюцца спробы Еўрасаюза пачаць новы этап дыялогу з Беларуссю пры выкананні беларускімі ўладамі прынцыповай і галоўнай умовы — неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных пры відавочным паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека.
Сярод асноўных вынікаў канферэнцыі — абранне новага складу Каардынацыйнага камітэта. У яго ўвайшлі прадстаўнік экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» Яраслаў Бекіш, прадстаўнік «Гомельскага Дэмакратычнага Форума» (Гомель) Пётр Кузняцоў, прадстаўнік Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, прадстаўнік арганізацыі «Саюз-Чарнобыль-Беларусь» Аляксандр Валчанін, прадстаўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, прадстаўнік Цэнтра сацыяльных інавацый Аксана Шэлест. Новым старшынёй Каардынацыйнага камітэта абраны Улад Вялічка, старшыня Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь». Таксама ўдзельнікі склалі спіс з 26 беларускіх арганізацый, рэкамендаваных да ўдзелу ў 5-й сустрэчы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, які пройдзе восенню ў Кішынёве.