Чатыры бярозы на Палетку

Чатыры бярозы на Палетку

21 июня 2013, 16:00
2207
Менавіта гэтыя прыгожыя дрэвы сталі арыенцірам, калі мы накіроўваліся ў раён вёскі Бастынь з не менш прыгожай назвай Палетак. І наша знаёмства тут, на Палетку, адбылося з цудоўнымі і прыгожымі людзьмі. Вячаслаў Дзям’янавіч Праснякоў і Надзея Іванаўна Вайтовіч жывуць крыху абасоблена і сваю гаспадарку называюць “наш хутар”.

Складаны лёс у гэтых немаладых ужо людзей. Але ж было наканавана ім сустрэцца ў жыцці. Некалі ў маладосці выпадкова пазнаёміліся, але жыццёвая дарога ў кожнага была свая. Вячаслаў Дзям’янавіч жыў у Вілейскім раёне. Рана аўдавеў. Праз пэўны час пачаў шукаць тую прыгожую дзяўчыну з Лунінеччыны, з якой пазнаёміўся ў маладосці. Знайшоў. Надзея Іванаўна так і жыла на сваім “хутары”. Не было ёй калі займацца асабістым жыццём, бо прысвяціла сваю маладосць бацькам. Дзесяць год даглядала хворую матулю. Калі мамы не стала, цяжка захварэў бацька — адняліся ногі. Франтавік, інвалід першай групы меў патрэбу ў доглядзе. Калі не стала і таты, засталася Надзея зусім адна. Жыла ў бацькавай хаце, якую ён адбудаваў на месцы той, што згарэла ў часы вайны.

Вячаслаў Дзям’янавіч пакінуў у роднай Абадоўцы на Вілейшчыне чатырох дарослых дзяцей, дыхтоўны дом і прыехаў на Палетак да той, на якую заглядаўся, будучы юнаком. Так і жывуць яны разам. Навокал прасторныя лугі і шчодрыя палі. Побач з хатай сад і шматлікая гаспадарка. Я налічыў 4 казы, ля іх — зухаваты козлік, 2 кошкі, 2 сабакі, адзін з якіх доўга пазіраваў мне на камеру. У хлеўчыку рохкалі свінні, а птушак я не змог палічыць. Гаспадар прызнаўся, што курачак з яркімі задзірыстымі пеўнікамі ажно 43. Уразіла не толькі колькасць, але і незвычайны выгляд і афарбоўка апошніх. Там і мініяцюрныя бентамачкі, і сапраўдныя гіганты курынага царства — кахінхіны, і незвычайныя для нашых краёў амераўканы.

Цікаўлюся ў гаспадыні, ці не цяжка весці такую гаспадарку. Яна распавядае, што не, бо да працы прывучаныя з дзяцінства. Бацькі былі сапраўднымі гаспадарамі, мелі добры надзел зямлі. У Вячаслава Дзям’янавіча аналагічная сітуацыя.

Надзея вельмі цёпла і нават пяшчотна называе свайго Вячаслава “залатым чалавекам”. Руплівец, спрытны і здатны да любой працы, шмат чытае і да ўсяго мае навуковы падыход. На агародзе — дагледжаныя гарбузы, буракі і кукуруза. Вось-вось зацвіце бульба, загоны зерневых. Ва ўсім бачна рука гаспадара. Дарэчы, бульбу тут вырошчваюць па ўласнай тэхналогіі, што вельмі падобна да славутай галандскай: насыпаюцца высокія грады і ў іх садзіцца насенне, а не ў разору, як прынята амаль паўсюдна. Такім чынам, клубень лепш награецца сонцам, раней узыходзіць і лепей расце. А ў час залевы вада сцякае з грэбня ў разору і бульбяныя палеткі не вымакаюць.

Гаспадарка — добрая падтрымка да пенсіі. Нешта можна і прадаць. Козачкі на сябе зарабляюць. А малаком частуюць і аднавяскоўцаў. Яно вельмі карыснае, асабліва для дзетак. А якія карысныя і смачныя смятанка, тваражок і сыры — словамі не перадаць.

Вось так і жывуць на ціхім хутары гэтыя мілыя, добразычлівыя людзі. Нетаропкая хада часу супрацьстае тут нашаму імкліваму жыццю. На “хутары” ёсць аб чым задумацца, паразважаць. Гэтай вясной на адным з дрэваў побач з хацінай буслы пабудавалі свой птушыны дом. Кажуць, гэтыя белакрылыя птушкі прыносяць шчасце. Няхай будзе так!