Смяротнае пакаранне: быць альбо не быць?

Смяротнае пакаранне: быць альбо не быць?

21 июня 2013, 16:00
961
Адной з самых закрытых для беларускага чытача па-ранейшаму з’яўляецца тэма вынясення і выканання смяротных прысудаў. Як адбываецца следства? Дзе ўтрымліваюць зняволеных? Па якіх крытэрах выносяць прысуд? Як ён прыводзіцца ў выкананне?

Скептычнае стаўленне да смяротнага пакарання пачало ўзрастаць у беларускім грамадстве пасля вынясення прысуду Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. Чаму так адбылося?

Гэта быў працэс, які абмяркоўвалі ўсе. Да гэтага такіх масавых грамадскіх абмеркаванняў судовых працэсаў ў Беларусі не было. Працэс і вельмі хуткае выкананне прысуду выклікалі ў многіх людзей відавочны недавер да судовай сістэмы і да следства.

Таксама тады ўпершыню вельмі яскрава была акрэслена пазіцыя двух вядучых рэлігійных канфесій краіны: праваслаўных і каталікоў, якія адназначна выказаліся за ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва расстралялі, але пытанні засталіся. Не толькі да іх справы, але наогул да існавання смяротнага пакарання ў Беларусі.

Сусветныя тэндэнцыі

Па дадзеных праваабаронцаў, усё больш і больш краінаў ва ўсім свеце альбо адмяняюць смяротнае пакаранне, альбо на практыцы яго не выкарыстоўваюць.

Увогуле гэта звязана з агульнымі тэндэнцыямі развіцця правоў чалавека, якія пачалі развівацца пасля Другой сусветнай вайны, калі была створана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, прынятая Дэкларацыя правоў чалавека і цэлы шэраг пактаў. Прыняццё і падпісанне такіх дакументаў было абумоўлена памяццю пра жахі і катаванні, якія перажыла чалавецтва падчас вайны. Свой адбітак зрабілі і факты масавага вынішчэння людзей па расавых, нацыянальных і іншых прыкметах. Менавіта тады паўстала пытанне дэкларавання гарантаваных правоў чалавека, адным з якіх з’яўляецца права на жыццё.

Самае апошняе даследаванне міжнароднай праваабарончай арганізацыі Аmnesty Іnternational кажа, што на 2012 год 141 краіна адмяніла смяротнае пакаранне на ўзроўні заканадаўства: 97 адмянілі цалкам, 36 не выкарыстоўваюць яго на практыцы, яшчэ 8 краін адмянілі смяротнае пакаранне за агульнакрымінальныя злачынствы (то бок пакідаюць верагоднасць прымянення смяротнага пакарання толькі ў вайсковы час).

Мы бачым, што фактычна цэлыя кантыненты адмові-ліся ад выкарыстання смяротнага пакарання. Напрыклад, Паўднёвая Амерыка, дзе адзі-най краінай, якая пакінула магчымасць выкарыстання смяротнага пакарання, застаецца Гаяна.

На еўрапейскім кантыненце выкарыстанне смяротнага пакарання засталося магчымым толькі ў Беларусі. Гэта апошняя падобная краіна былога СССР. У Расіі і Украіне мараторый быў уведзены яшчэ ў 90-х. Нашы бліжэйшыя суседзі прыбалты таксама даўно ўвялі мараторый.

За што ў Беларусі караюць смерцю?

У Крымінальным кодэксе Беларусі 12 артыкулаў, якія прадугледжваюць смяротнае пакаранне ў мірны час, і яшчэ 2 у вайсковы час. Напрыклад, у спісе злачынстваў — “развязванне альбо вядзенне агрэсіўнае вайны” (частка 2 артыкула 122 КК РБ), “забойства прадстаўніка замежнай дзяржавы, міжнароднай арганізацыі з мэтаю правакацыі міжнародных ускладненняў альбо вайны” (частка 2 артыкула 124), “міжнародны тэрарызм” (артыкул 126), “генацыд” (артыкул 127), “злачынствы супраць бяспекі чалавецтва” (артыкул 128). Смяротнае пакаранне можа быць таксама прызначанае за “наўмыснае пазбаўленне жыцця пры абцяжарваючых абставінах” (частка 2 артыкула 139), “тэрарызм” (частка 3 артыкула 289), “тэрарыстычная акты” (артыкул 359), “здрада дзяржаве, спалучаная з забойствам” (частка 2 артыкула 356), “змова з мэтаю захопу дзяржаўнае ўлады” (частка 3 артыкула 357), “дыверсія” (частка 2 артыкула 360).

Адметна, што у Савецкім Саюзе смяротнае пакаранне выносілася таксама і па эканамічных артыкулах. Так, напрыклад, “раскраданне сацыялістычнай маёмасці ў буйных памерах” каралася смерцю.

Статыстыка

У незалежнай Беларусі смяротнае пакаранне выкарыстоўваецца з 1991 года. Прадстаўнікі праваабарончых арганизацый не раз звярталіся ў Міністэрства юстыцыі з просьбай прадставіць статыстыку ў гэтай галіне. На дадзены момант для грамадскасці адкрыта інфармацыя толькі аб колькасці вынесеных прысудаў. Пра колькасць выкананых прысудаў такой інфармацыі няма.

Статыстыка па вынесеных прысудах выглядае наступным чынам: 1990 — 20, 1991 — 21, 1992 — 24, 1993 — 20, 1994 — 24, 1995 — 37, 1996 — 29, 1997 — 46, 1998 — 47, 1999 — 13, 2000 — 4, 2001 — 7, 2002 — 4, 2003 — 4, 2004 — 2, 2005 — 2, 2006 — 9, 2007 — 4, 2008 — 2, 2009 — 2, 2010 — 3, 2011 — 3, 2012 — 0.

Адметна, што пасля 1999 года назіраецца рэзкае скарачэнне колькасці смяротных прысудаў. Па словах праваабаронцаў, гэта звязана з тым, што ў 1999 годзе былі ўнесены змены ў Крымінальны кодэкс і было ўведзена пажыццёвае зняволенне, як альтэрнатыўнае пакаранне.

Асноўныя праблемы, якія ёсць у Беларусі

Па-першае, вельмі часта смяротныя прысуды выносяцца Вярхоўным Судом як першай інстанцыяй. Так было і па нашумелай справе над бандай Марозава, якая да таго ж разглядалася ў закрытым рэжыме. Так было і ў справе Канавалава і Кавалёва. Паводле беларускага заканадаўства, Вярхоўны Суд лічыцца апошняй судовай інстанцыяй і яго прысуды ўступаюць ў сілу адразу пасля іх вынясення. Ніякіх касацыйных інстанцый, якія маглі б праверыць дакладнасць прысуду, няма.

На думку праваабаронцаў, гэта дае падставу для ўзнікнення вельмі сур’ёзных судовых памылак, якія немагчыма паправіць ці перагледзець. Напрыклад, у ЗША з 1975 года 117 чалавек былі вызвалены з камеры смяротнікаў, паколькі была даказана іх невінаватасць. Гэтыя людзі правялі ў камерах смяротнікаў некалькі гадоў, пакуль іх справа разглядаліся на розных узроўнях судовых інстанцый. У Беларусі ж Вярхоўны Суд нават не паспеў разгледзець наглядных скаргаў, якія падавалі Канавалаў і Кавалёў. Да таго ж, наглядная скарга — гэта абскарджанне прысуду, які ўжо ўступіў у сілу. Можна пісаць скаргу на імя старшыні Вярхоўнага Суда, Генеральнага пракурора, але такая скарга не прыпыняе выкананне прысуду.

Па-другое, беларуская судовая сістэма з’яўляецца абсалютна залежнай і несамастойнай, органы МУС працуюць у закрытым рэжыме без магчымасці кантролю з боку грамадства і нейкіх праваабарончых арганізацый. Такая праца дае падставы падазраваць, што следства і допыты могуць праходзіць з выкарыстанне недазволеных метадаў, спрэс могуць адбывацца маніпуляцыі доказамі.

У гэтым аспекце вельмі адметнай з’яўляецца справа вядомага віцебскага маньяка Міхасевіча. Да яго па крымінальнай справе аб нападах на жанчын былі незаконна асуджаны 17 чалавек, усе з якіх прызналі сваю віну і адзін нават быў расстраляны.

Такія памылкі немагчыма выправіць.

Выкананне прысуду

Заканадаўча выкананне прысуду рэгулюецца артыкуламі 174-176 крымінальна-выканаўчага кодэкса. Такім чынам, смяротнае пакаранне прыводзіцца ў выкананне не публічна праз расстрэл. Пры выкананні смяротнага пакарання можа прысутнічаць пракурор, супрацоўнікі ўстановаў утрымання, лекар, і ў некаторых выпадках са згоды пракурора дазваляецца прысутнасць іншых асобаў. Працэдура не прадугледжвае паведамлення аб часе і месцы выканання смяротнага пакарання, а таксама не прадугледжвае выдачы цел пакараных, паведамлення пра месца іх пахавання. Родным выдаецца толькі пасведчанне аб смерці, дзе ў графе “Прычыны смерці” ставіцца прочырк. Ва ўнутранай дакументацыі пра такіх асуджаных пішацца “Выбыл по приговору”.

Людзі, якія чакаюць выканання смяротнага прысуду, утрымліваюцца ў спецыяльнай камеры смяротнікаў, так знаным “спецкалідоры” у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Само чаканне расстрэлу ў такіх умовах, на думку праваабаронцаў, з’яўляецца найвялікшым пакараннем, ў гэты час з людзьмі адбываюцца сур’ёзныя псіхічныя зрухі.

Смяротнікі вельмі баяцца дзвярэй. Дзверы для іх — гэта сімвал магчымай смерці. Пры кожным грукаце дзвярэй яны амаль губляюць прытомнасць, бо кожную хвіліну яны чакаюць магчымага расстрэлу.

Былы кіраўнік СІЗА №1 Алег Алкаеў, напісаў кнігу, прысвечаную выкананню смяротных прысудаў, і сам асабіста прысутнічаў пры многіх расстрэлах. Алег Алкаеў распавядае, што сам неаднаразова зачытваў смяротнікам тэкст, «У памілаванні Вам адмоўлена”. Алег Алкаеў кажа, што нават прыдумаў такую фармулёўку, кажучы асуджанаму: “Зараз Вас перавядуць у іншае месца”.

— Тады ў чалавека яшчэ застаецца надзея на тое, што, можа, яшчэ не зараз. А насамрэч проста заводзяць у іншы пакой, дзе ставяць на калені і страляюць з пісталета ў патыліцу. Спрабуюць трапляць у мазжачок, каб чалавек паміраў імгненна. Але не заўсёды так бывае, часамі чалавек памірае досыць працяглы час, — распавядае Алкаеў.

З яго расповедаў зразумела: нягледзячы на тое, што прысуд вынесены ад імя дзяржавы і выконваць трэба законны прысуд, ты застаешся адзін на адзін з чалавекам, якога табе трэба забіць. Гэта вельмі моцны стрэс і для тых, хто гэта робіць. Былы кіраўнік СІЗА гаворыць, што з яго расстрэльнай каманды некалькі чалавек вельмі рана памерлі ад сардэчных прыступаў.

Па статыстыцы праваабаронцаў, за гады незалежнасці у Беларусі праводзілася ужо вельмі шмат кампаній па адмене смяротнага пакарання, але ніводная з іх пакуль так і не змагла сур’ёзна зварушыць грамадства, прымусіць афіцыйныя ўлады ўсур’ёз задумацца пра адмену смяротнага пакарання.