Лета з кнігай
05 июля 2013, 16:00

Лета з кнігай

Чарговая сустрэча з маленькімі чытачамі адбылася ў Сінкевіцкай сельскай бібліятэцы.
Поделиться

На гэты раз у госці да хлапчукоў і дзяўчынак наведалася Бабуля-Казачніца, у ролі якой выступіла бібліятэкар Галіна Паўлаўна Кунцэвіч. Дзеці адгадвалі загадкі, шукалі адказы на розныя віктарыны, расказвалі свае любімыя прымаўкі, чыталі вершы, распавядалі пра свой летні адпачынак. Напрыканцы ўсе ўдзельнікі пасяджэння атрымалі салодкія прызы.

Як паведаміла Галіна Паўлаўна, такія сустрэчы ладзяцца ў чытальнай зале бібліятэкі амаль што кожную надзелю. Дзеці, якія не з’ехалі адпачываць, актыўна чытаюць кнігі па школьнай праграмме, наведваюць бібліятэчныя мерапрыемствы.

З самымі актыўнымі чытачамі пазнаёмілася і карэспандэнт газеты “Информ-прогулка”.

— Ці добра адпачываецца ў вёсцы? — запыталася ў малых.

Руслан Дземідовіч, 3 клас Сінкевіцкай СШ:

— Летам у вёсцы цікава. Можна з задавальненнем купацца на рэчцы, вудзіць рыбу. Мне ж купілі вялізны бассейн, які стаіць у двары. Мы там купаемся разам з маленькім братам.

Алеся Закудоўская, 4 клас СШ №2 г.Мікашэвічы:

— Некаторыя дзяўчынкі мараць пра мора, Ірландыю, а я кожнае лета прыязджаю да бабулі ў Сінкевічы. Тут шмат сябровак, разам наведваем бібліятэку. Я ўжо прачытала шмат кніг. Вельмі люблю казкі.

Самыя актыўныя чытачы

Ліля Рудзько, 5 клас Сінкевіцкай СШ:

— Скора ў мяне з’явіцца брацік ці сястрычка. Буду дапамагаць маме няньчыць немаўля. Сяброўкі таксама абяцалі дапамагаць, а іх у мяне шмат.

Валянціна і Анастасія Гопта, 5 і 6 класс Сінкевіцкай СШ:

— Вельмі любім чытаць кнігі, любім сваю вёску. Улетку яна ўпрыгожваецца кветкамі. У вольны час дапамагаем маці і бабулі па доме. Па школе пакуль не сумуем. Смутак заўсёды прыходзіць у жніўні…

Прыемнага, вам, адпачынку, дзеці! Расціце вялікімі і здаровымі, набірайцеся моцы, каб у верасні зноў далучыцца да новага навучальнага года.