Клубнічны сезон: пасляслоўе
09 августа 2013, 13:46

Клубнічны сезон: пасляслоўе

Прайшло ўжо некалькі тыдняў пасля сканчэння клубнічнага сезона, і цяпер можна спакойна падвесці некаторыя вынікі ў двух аспектах: сам сезон і першае свята, прысвечанае яму.
Поделиться

Па праўдзе кажучы, сезон атрымаўся не вельмі ўдалы, нягледзячы на тое, што ўраджай быў нядрэнны. Перакупшчыкі не давалі высокай цаны, а клубніцы — гэта не бульба, іх ў лёх не высыплеш, каб потым прадаць хоць трошкі даражэй. А пра бочкавыя ягады і гаварыць неахвота: што гэта за цана такая — дзве тысячы рублёў за кілаграм? Што можна сёння купіць за дзве тысячы? Ці, можа, прадукты, прыгатаваныя з танных ягад, будуць каштаваць таксама нядорага? Не, таннае варэнне, джэм з клубніц — гэта нязбытная мара. Хіба што віно — пойла для алкаголікаў, але і тое па цане “кусаецца”.

Сяльчане лічаць, што дробныя, але якасныя ягады каштуюць сёння не менш чым па чатыры тысячы рублёў за кілаграм. Але лічаць адно, а атрымалі другое. Не сяляне правяць баль. Як гаварыла мая пакойная мама, светлая ёй памяць, не той піва п`е, хто варыць, а каму Бог судзіць. А судзіць ён нешта не на карысць тым, хто працуе на зямельцы-маці ў поце твару свайго. Відаць, меў рацыю Някрасаў, сказаўшы яшчэ ў дзевятнаццатым стагоддзі:

С работы, как ни мучайся,

Не будеш ты богат,

А будеш ты горбат.

А зараз пра больш вясёлае і цікавае. Сёлета ўпершыню ў Дварцы было праведзена свята “Лунінецкія клубніцы”. І, трэба сказаць, першы блін не камяком, хаця некаторыя хібы былі: першы ўсё ж такі блін!

Ініцыятыва свята зыходзіла зверху. Падрыхтоўка пачалася яшчэ з зімы: былі напісаны і надрукаваны вершы пра клубніцы, вышываліся руч-нікі, маляваліся карціны, рыхтаваліся ўсялякія вырабы з тканіны, дрэва — і ўсё гэта на тэму клубніц.

Дзень для свята выдаўся як на заказ — цёплы, сонечны. Каля дварэцкага клуба, дзе было свята, арганізатары добра папрацавалі. Зманціравалі крытую сцэну, паставілі паўкругам ад яе сталы-стэлажы з вырабамі народных майстроў. Выстава атрымалася проста цудоўнай. Божа, колькі ў народа талентаў! А была ж тут толькі невялікая частка ўсяго, што маецца ў запасніках умельцаў.

Адзначу толькі некаторыя работы.

Вельмі прыемныя і цікавыя для вока былі работы Алены Капліч з Сінкевічаў: ручнікі, сурвэткі — прыгожыя вышыўкі ў чырвона-чорных колерах, работа тонкая, без перагрузкі. Вышыты на ручніку сноп у кветках — сапраўдны цуд.

Хацелася доўга глядзець на пано Дзіяны Лабко з Палескага — на ім россып клубніц на цёмным фоне. Ягады як жывыя.

Шмат было малюнкаў з Лунінецкай ДШМ. Тут і “Шчодры пачастунак” Олі Гусціновіч, на ім Ліса, Заяц і Мядзведзь смакуюць клубніцы. І на мордачцы кожнага героя свой характэрны выраз: хітрасць, баязлівасць, моц і гаспадарлівасць.

Або малюнак Ярмашук “І вожык, і сініцы радуюцца клубніцам”. І сама работа, і подпіс — жывыя, арыгінальныя.

Яшчэ была сапраўдная карціна “Эскіз віражу” з клубніцамі — з густам і чароўна выканана.

Незвычайна свяціўся выраб Надзеі Радзіяновіч, дырэктара Лунінецкай бібліятэкі, на тэму клубніц “Макаронная фантазія” — клубніцы, гронкі, ваза — і ўсё з макаронаў. Глядзіш і думаеш: “Ну ёсць жа залатыя рукі ў нашых жанчын, благаславі іх Бог!”

Па-мастацку, з любоўю выканана разьба па дрэве кружкоўцаў і іх настаўніка Сяргея Пятровіча Гнедзькі з Чучавічаў: насценны гадзіннік з глушцом, лось, бусел.

А колькі было мудрагелістай (і, напэўна, смачнай) выпечкі — проста не расказаць.

Працаваў выязны гандаль. І вельмі парадаваў гледачоў канцэрт. Усе ансамблі выступілі хораша: і дварэцкія “Вандроўнікі”, і столінскія “Церабяжоўскія харашухі”, і пінчане, і дзятлавіцкі “Світанак”.

І ўсё ж мне (гэта суб`ектыўнае меркаванне) больш за ўсё спадабаўся квартэт “Сустрэча” з Кажан-Гарадка. Хораша, весела, задорна артысты праспявалі песні “Як паехаў я ў сваты”, “Госці ў Марусенькі”.

Дарэчы, адзін з гледачоў, мужчынка гадоў пад сорак, трошкі пад мухай, не вытрымаў — пусціўся ў скокі. Ды танцаваў так у рытме, сімпатычна, што да яго далучыліся яшчэ некалькі чалавек, а вядучы Саша Крышталь, чалавек з гумарам, запрасіў прысутных падзякаваць “группе подтанцовки”.

Выступленне асобных спевакоў было адкладзена “на закуску”, а тут пайшоў дождж, гледачы былі натомленыя — і атрымалася неяк скомкана, а шкада: былі задзейнічаны лепшыя галасы Лунінеччыны.

А зараз некалькі заўваг.

Са святам паспяшылі. Яго добра было б правесці на тыдзень пазней, а то клубніцы яшчэ не скончыліся, тым больш што быў дзень Святой Троіцы. (Добра хоць, што дзятлавіцкія артысты са сваім “Кустом” напомнілі нам пра Троіцу).

Шмат было ўручана ўзнагарод, дыпломаў: ансамблям — за творчасць, раённым чыноўнікам — за прасоўванне брэнда «Лунінецкія клубніцы”, песнярам — за іх прыгожыя галасы. А дзе ж узнагароды працаўнікам, тым, хто ўжо пяцьдзясят гадоў з гакам “продвигает бренд” клубніц? Хіба нельга было выснаваць намінацыю “Лепшы збіральнік клубніц” ці “Лепшы гаспадар клубнічнага поля”? А так атрымалася па прыказцы “Без мяне мяне жанілі — мяне дома не было”.

І чаму вядучыя канцэрта (вельмі харошыя вядучыя!) вялі праграму на рускай мове? Няўжо вяскоўцы не зразумелі б беларускай? Ну і хацелася б, каб прывітальнае слова са сцэны гаварылася шчыра, непасрэдна, а не бубнілася з паперкі.

А ўвогуле першае свята клубніц атрымалася нядрэнна. Дай Бог стаць яму традыцыйным.