Не ведаеш — не бяры, не ўмееш — не вары
09 августа 2013, 14:15

Не ведаеш — не бяры, не ўмееш — не вары

Пры заканчэнні БДУ я абараняў дыпломную работу па тэме “Назвы грыбоў у гаворках Палесся”, у якой не толькі распавядалася пра найменні грыбоў, але былі асветлены і іншыя аспекты, звязаныя з імі. Улічваючы тое, што ў сродках масавай інфармацыі з`явіліся паведамленні пра атручванне людзей грыбамі, прапаную ўрыўкі з той дыпломнай.
Поделиться

Збор грыбоў — гэта ціхае і прыемнае паляванне, але яно часам бывае небяспечным і можа прынесці бяду. Гэта ў тым выпадку, калі грыбнік — чалавек нявопытны, грэбуе правіламі збору грыбоў або не ведае, як правільна гатаваць ежу з іх.

Першымі ў нашых лясах вясной з`яўляюцца страчкі і смаржкі. Ва ўсім свеце страчкі зараз прызнаны ядавітымі грыбамі, смаржкі ж — умоўна ядомымі, іх не рэкамендуецца ўжываць у ежу свежымі. Варыць можна толькі сушанымі, і то ў невялікай дозе.

У чэрвені ў лясах з`яўляюцца лісічкі. Хоць гэтыя грыбы лічацца ядомымі і ежа з іх смачная, але лічыцца дастаткова цяжкай і небяспечнай для людзей з захворваннямі страўніка — кішэчнага тракту.

Усе ведаюць: мухаморы — грыбы ядавітыя, яны адметныя сваёй пярэстай афарбоўкай. Збіраючы грыбы парасонікі (зонтики), трэба быць пільнымі, каб не пераблытаць з вельмі падобнымі да іх панцернымі мухаморамі.

Да гэтага часу ўмоўна ядомымі лічыліся свінушкі, але вучоныя-медыкі выявілі ў іх шмат атрутных рэчываў, асабліва ў немаладых, большых па памеры.

Сённяшнім грыбнікам трэба ведаць, што ў прыродзе існуе шмат грыбоў-двайнікоў — гэта калі побач з добрымі растуць і падобныя на іх неядомыя грыбы. Тут можна памыліцца. Такімі могуць быць радоўкі і апенькі. Дарэчы, ёсць некалькі відаў ілжэапенькаў. Сапраўдныя апенькі больш шэрага колеру і маюць белыя акаймоўкі: у маладзенькіх пад шляпкамі, у старэйшых — на ножках. А сыраежак увогуле ў нашых лясах налічваецца некалькі дзясяткаў відаў, і далёка не ўсе яны ядомыя. Нявопытнаму грыбніку цяжка адрозніць ядавітыя грыбы ад ядомых. Таму трэба трымацца правіла: не ведаеш грыба ці сумняваешся — не бяры, бяры толькі вядомыя табе або па парадзе знаёмых людзей, калі яны знаходзяцца побач.

Самай небяспечнай для чалавека з`яўляецца бледная паганка, якая вельмі падобная на шампіньён і зялёную сыраежку. Яна сустракаецца літаральна ва ўсіх лясных масівах нашага краю. Белая паганка ўтрымлівае ў сабе ядавітае рэчыва — таксін. Яд яе зусім не раствараецца ў вадзе, не паддаецца саленню, не разбураецца пад уздзеяннем соку страўніка. Ён паражае пячонку, страўнік і нервовую сістэму. Найбольш ядавітая паганка ў засушлівы час года.

У лясах восенню з`яўляецца шмат грыбоў-малочнікаў, тых, што выдзяляюць горкі сок, напрыклад: грузды, падгруздкі, ваўнушкі, валуі, гаркушкі. Яны прыгодныя ў ежу, але толькі пасля салення. Пасля засолу становяцца надта смачнымі, але іх трэба ўмець гатаваць.

Пры гатаванні грыбоў трэба ўлічваць правілы: нельга гатаваць старыя і чарвівыя грыбы; грыбы перад адварваннем трэба сартаваць асобна трубчатыя і пласцінчатыя.

Забараняецца збіраць грыбы паб-лізу бойкіх дарог — яны затручаны машыннымі газамі, хімічнымі элементамі, і нават ядомы грыб становіцца ядавітым.

Сцяпан Нефідовіч, в.Любань