Зялёныя «акупанты»
09 августа 2013, 13:44

Зялёныя «акупанты»

Часта здараецца так: чалавек набыў ці пабудаваў новы дом і пачынае планаваць, як аздобіць участак дрэвамі і кустамі. І садзіць тое, што на яго погляд надасць двару прыгожы стан. А той «пасяленец» праз некалькі гадоў праявіць агрэсію і надасць шмат клопатаў.
Поделиться

Кожнаму вяскоўцу, асабліва хто захапляецца сельскай гаспадаркай, даводзіцца штогод вясной і летам весці барацьбу с пустазеллем. Спрадвечныя лебяда, касцярэва, макрэц, ляскаўка і восенка ў некалькі этапаў палоняць палі і агароды. У садзе прыходзіцца весці барацьбу з крапівой і чыстацелам. А па-за межамі двароў, на пустках і каля закінутых хат кучкамі, а месцамі вялікімі плошчамі засяляюцца палын, піжма і асот. Усё гэта — тубыльцы, якія спрадвек самасеем засяляюцца, размнажаюцца, прыносяць пастаянныя клопаты паляводам і садоўнікам.

Але з цягам часу ў нашы мясціны завозяцца «іншаземцы», і мы, бывае, захапляючыся азеляненнем участка ці аздабленнем двара, прывозім «навічкоў», не ведаючы вынікаў прысутнасці гэтых раслін. Варта сказаць, што пераважная большасць культурных і дэкаратыўных раслін (у тым ліку і агародных) прывезена з іншых краін, а то і кантынентаў. Адны з іх карысныя сваімі пладамі: грэцкі арэх, абрыкос, абляпіха, барбарыс, бу-зіна, айва, войлачная вішня, чарнаплодная рабіна; другія — цудоўным упрыгожаннем: гартэнзія, сумах, снежнаягаднік, самшыт, лістоўніца, туя, лімоннік… А іншыя сталі небяспечнымі. Так, у цэнтральную частку Беларусі быў завезены як расліна, што дае шмат сакавітай кармавой масы, баршчэўнік Сасноўскага. Высокі, з вялізнымі лістамі, ён аказаўся з ядавітым сокам, які пакідае на скуры чалавека балючыя пухіры. Завезены некалькі дзесяцігоддзяў таму, ён ніякай карысці не прынёс, а стаў актыўна разрастацца, акупіраваў сотні і сотні гектараў, паступова набліжаецца і да Палесся.

Некаторыя пачынаючыя гаспадары пры добраўпарадкаванні свайго двара імкнуцца пасадзіць расліны, што ўюцца на плот, дом ці альтанку або прыстасаваныя навесы, не ўлічваючы, як яны разаўюцца. Да такіх раслін адносяцца як госці з Паўночнай Амерыкі — эхінацысціс («шалёны агурок») і вінаград дзявочы, так і тутэйшыя — пярэступ і хмель. На першы погляд — прыемныя расліны: ахінацысціс, вінаград дзявочы і хмель — ліянападобныя, а пярэступ — расліна, якая сцелецца. Яны густа абвіваюць усё, што трапляецца на шляху. Усе яны шкодныя ў дачыненні да дрэў і кустоў, узбіраюцца па кронах да верху. Абвітыя імі дрэвы чахнуць, а з цягам часу ўвогуле гінуць.

Дрэва пад назвай рабінія (па-народнаму — белая акацыя) вылучаецца тым, што вельмі хутка расце і вакол сябе пускае мноства з калючымі шыпамі адросткаў, якія вырастаюць за год да двух метраў. Не патрабавальная да глебы, рабінія хутка акупіруе вакол сябе ўсю тэрыторыю, глушачы іншыя дрэвы. Акацыю вельмі цяжка вывесці з участка.

Ні ў якім разе на ўчастку не варта садзіць шыпшыну. Калючы кустарнік паступова разрастаецца ўшырыню. Пры спробе абмежаваць рост куста да яго нельга падступіцца і можна лёгка параніцца.

Не варта садзіць у садзе і кусты бэзу звычайнага. Ён лёгка разрастаецца, з парасткаў утвараюцца густыя зараслі, якія пры спробе абмежавання цяжка карчаваць. Пры жаданні мець пад вокнамі дома бэз, можна засадзіць акультуранымі гатункамі. А іх выведзена селекцыянерамі больш за 200 — і белага, і сіне-фіялетавага колеру.

Штосьці падобнае дзеецца і з простымі гатункамі сліў. Яны даюць мноства адросткаў, якія ўтвараюць непралазную гушчу зараснікаў.

Вялікіх клопатаў надае на ўчастку ці паблізу двара клён ясенеліставы. Кожны год ён высявае тысячы крылцаў-сямян. Яны прарастаюць і даюць лішнія клопаты. Але важней другое: лісце гэтага клёна пры ападанні і гніенні выдзяляе таксічныя рэчывы, шкодныя для дрэў. Пылок гэтага дрэва з`яўляецца моцным алергенам.

Трэба помніць: каб пазбегнуць клопатаў з пасаджанымі вамі дрэвамі і кустамі, вывучце спачатку іх «манеру» жыцця і паводзін, бо ёсць у раслінным свеце «агрэсары» і «акупанты».