Шаноўныя чытачы!
23 августа 2013, 09:10

Шаноўныя чытачы!

25 жніўня 1993 года была зарэгістравана газета «Информ-прогулка». У рэгістрацыйным пасведчанні запісана, што гэта дайджэст газетных, тэлевізійных і радыйных матэрыялаў. Выданне меркавалася выпускаць 2 разы на месяц. Тэрыторыя распаўсюджвання - Рэспубліка Беларусь.
Поделиться

У тыя часы я ўзначальваў раённую газету “Лунінецкія навіны”. Але былі такія законы, што кожны грамадзянін мог заснаваць сродак масавай інфармацыі. Гэтай магчымасцю я скарыстаўся. І зараз у пасведчанні запісана: заснавальнік — грамадзянін Вышынскі Андрэй Міхайлавіч.

Першы нумар выйшаў 1 сакавіка 1994 года. Выданне распаўсюджвалася не толькі ў Беларусі, але і ў Ровенскай вобласці Украіны. Пасля распаду Савецкага Саюза прыходзілася пачынаць практычна з нуля. З 1999 года газета стала грамадска-палітычным штотыднёвікам. У новай якасці пачыналі з тыражу ў 1.000 экземпляраў на васьмі старонках формата А3.

Шмат унёс у развіццё «Информ-прогулки» Вадзім Жылко. Не магу не ўзгадаць Міхася Арэшку, які займаўся дызайнам, а таксама нямала пісаў матэрыялаў. Некалькі гадоў аддалі выданню Святлана Гарда, Марыя Юрко, Юрый Юрко, Алена Юроўская, Сяргей Булыга. Шмат гадоў працуюць тут журналісты Галіна Самуйлік, Вікторыя Мікуліч, Таццяна Качаноўская, галоўны бухгалтар Святлана Цуркан, супрацоўнікі рэкламнай службы на чале з Ганнай Вышынскай і Сняжанай Карпец. Новыя павевы прынеслі ў калектыў Людміла Хмялеўская, Мікола Ільючык, аператары Андрэй Сыцін і Валянціна Сцепанюк. З распаўсюджвальнікаў газеты самы даўні — Ніна Шэвялёва, вельмі актыўна працуе і Раіса Давыдчык. Шмат гадоў пастаянныя нашы аўтары — Віктар Філатаў, Сцяпан Нефідовіч, Ганна Бандарэнка і інш.

Сённяшні калектыў выдання — згуртаваны, таленавіты, творчы. І вы, нашы прыхільнікі, даяце надзею, што газета і надалей будзе жыць і радаваць цікавымі матэрыяламі.