Пакаленне прыгожых
04 октября 2013, 08:00

Пакаленне прыгожых

Андрэй Міхайлавіч Букін збіраўся ў камандзіроўку. Квіткі на цягнік “Мінск - Масква” замоўлены загадзя, на зваротны шлях таксама. Усё было прадугледжана і наладжана. А як жа інакш. Бізнес - справа сур’ёзная. Вялікія грошы патрабуюць вялікай адказнасці.
Поделиться

Даволі паспяховы рэкламна-паліграфічны бізнес, офіс у цэнтры на сталічным праспекце, партнёры ў блізкім замежжы, прыстойная сям’я… Што яшчэ магчыма жадаць, калі паўвеку за плячыма.

Памочніца і адначасова сакратарка Анжэла павінна ехаць з Андрэем Міхайлавічам. Хто ж яшчэ. Там шмат спраў з паперамі. Трэба рыхтаваць дамовы, пераправяраць іх у адпаведнасці з прававымі аспектамі кожнай з краін. Столькі нюансаў з гэтай агульнай мытнай прасторай. Але Анжэла справіцца. Яна лёгка арыентыруецца ў прававым полі. Дарослая дзяўчына. Ёй амаль 23, вучыцца на апошнім курсе, як яна сама кажа “на юрыста”. Ужо наступным летам ёй «пісаць» дыплом і здаваць “госы”. Працуе Анжэла добра, стараецца. Няма ніякага жадання вяртацца ў правінцыяльны палескі гарадок. Як бы там ні было, трэба застацца ў сталіцы, як жа інакш.

Акрамя ўсяго, у Анжэлы цудоўныя знешнія даныя. Андрэй Міхайлавіч гэта добра разумее і калі з’яўляецца з ёю на перамовах з партнёрамі, то заўважае, як яны глядзяць на яе. Цікаўнасць і зайздрасць пануе ў позірках. Мабыць, ён сам сабе зайздросціць. Што тут казаць! Анжэла высокая, стройная. З шыкоўнымі русымі косамі. Прычоску Анжэла мяняе часта. Можа шакіраваць мужчынскую палову фірмы ўкладкай «а ля Цімашэнка», а можа зачараваць вадаспадам, што ліецца зверху да самага пояса. Пухнатыя губкі і крыху нахабная ўсмешка. Доўгія і стройныя ногі. Асіная талія і пругкія грудзі. Наконт пругкіх грудзей — гэта толькі меркаванне, бо Андрэй Міхайлавіч не мог дазволіць сабе такой вольніцы.

Выклікалі таксі з паўгадзінным запасам. Кіроўца, ведаючы справу, імкліва рушыў наперад, хоць і спяшацца не было нагоды. Раптам Анжэла, паказваючы ў бок Чырвонага касцёла, прамовіла: “Учора з Толікам гулялі вакол гэтага чырвонага дома”. Андрэй Міхайлавіч даваў нейкія ўказанні па тэлефоне, але, скончыўшы размову, перапытаў: “Што, што ты казала?” Анжэла паўтарыла сказанае, дадаўшы, што Толік гэты — прыкольны чэл, працуе ў мянтоўцы і вучыцца з ёю на адным курсе.

Букін задумаўся. Ён зусім мала размаўляў з Анжэлай, калі не лічыць працы, нічога пра яе не ведаў. Працуе, ды і добра. Збольшага ведае сваю справу, то і дастаткова. Выконвае даручэнні і не задае лішніх пытанняў, мабыць, такой і павінна быць памочніца. Але ў адным купэ аж да Масквы, мабыць, бу-дзе аб чым паразмаўляць.

Уладкаваліся ў купэ. Цягнік рушыў на усход. Андрэй Міхайлавіч прапанаваў павячэраць. У вагоне-рэстаране было не шматлюдна. Ужо немаладая афіцыянтка з дакорам паглядзела на Букіна. Няхай сабе. Не будзеш жа першаму стрэчнаму расказваць, хто ты такі і чаго едзеш у Маскву з маладой прыгажуняй.

Вярнуліся ў купэ. Андрэй Міхайлавіч дастаў часопіс, які збіраўся прачытаць дарогай. Перагарнуў толькі некалькі старонак і заўважыў, што Анжэла ёрзае ад нецярпення, быццам нешта шукае ў сумачцы, нервова расшпільваючы і зноў зачыняючы яе некалькі разоў запар. Букін зняў акуляры і запытальна паглядзеў у агромністыя зялёныя вочы.

— Андрэй Міхайлавіч, а дзе Вы адпачывалі гэтым летам? — нерашуча вымавіла дзяўчына.

— З сям’ёй у Турцыі былі. Ціхі атэль на ўзбярэжжы, — Букін заўважыў цікаўнасць і жаданне да размовы, а ён тут з нейкім часопісам, — дзецям спадабалася, жонцы не вельмі, бо людзей не шмат.

— А Вам спадабалася?

— Добры адпачынак, усё ўключана.

— А я хацела б у Прыбалтыку паехаць, Толік казаў, што гэта зусім побач.

— А куды дакладна?

— Ну, куды-небудзь да мора.

— Там усюды мора. У Эстонію, Латвію ці Літву? — Андрэй Міхайлавіч удакладніў пытанне.

— Толік пра гэта нічога не казаў, казаў толькі, што быў з сябрамі ў Прыбалтыцы і што там клёва, — разгублена пралапатала Анжэла.

— Анжэла, Прыбалтыка — гэта тры краіны, — голасам строгага настаўніка вымавіў Букін, — і ў кожнай ёсць мора — Балтыйскае.

— Вось, блін! І як цяпер выбраць?

— Ну, не ведаю, неяк да адпачынку вызначышся.

— А Вы самі былі ў Прыбалтыцы?

— Быў у Літве летась, а некалі даўно ў Эстоніі.

— О, у Эстонію паеду. З візай клопату не вельмі шмат?

— Я быў там яшчэ за савецкім часам, тады мы былі адной краінай.

У цёплым нерухомым паветры купэйнага вагона павісла цішыня. Букін мог чуць, акрамя перастуку вагонных колаў, нейкую бразгатню ў купэ за сваёй спінай, а таксама даволі гучныя тосты ў купэ за спінай Анжэлы — там нешта адзначалі. Нарэшце пухнатыя губкі вымавілі:

— Як гэта “адной краінай”?

— Уся Прыбалтыка ўваходзіла ў склад СССР. Анжэла, ты хочаш сказаць, што ты гэтага не ведала?

— Ні фіга сабе! — толькі і здолела вымавіць дзяўчына.

— І Беларусь, і Україна, і Расія, куды мы з табой едзем, і Малдова, а яшчэ Кіргізія, Узбекістан, Таджыкістан, Туркменія, Казахстан, Арменія, Грузія і Азербайджан, — Букіну на момант падалося, што гэта нейкая гульня, сцёб ці прыкол, калі карыстацца мовай Анжэлы.

— Адурэць, — ажно піснула Анжэла, у вачах заблішчала непадробная цікавась.

Букіну і самому стала цікава. Нарэшце ён зразумеў, што перад ім чалавек зусім іншай, адрознай ад яго і ўсіх іншых людзей ягонага атачэння, нейкай найноўшай фармацыі. Новае пакаленне, так бы мовіць.

— Паслухай, Анжэла, ты ж ведаеш, што быў Савецкі Саюз, альбо СССР? Ты ж яшчэ ў ім нарадзілася.

— Так, я ведаю, вядома ж. Ды і ва ўніверы па гісторыі нешта праходзілі. Але нам ніхто не казаў, што ўсё гэтае замежжа было разам.

Букін нешта расказваў сваёй памочніцы з таго былога савецкага жыцця, пра агульныя грошы, пра адпачынак у пансіянаце, дзе некалі давялося пабываць, пра кошты, пра ўсеагульны дэфіцыт, пра блат… Анжэла толькі блымала вялізнымі вачыма, ды час ад часу перабівала яго недарэчнымі і бязглуздымі пытаннямі. Мноства шакіруючай і цяжкай для ўсведамлення інфармацыі атрымала бялявая галоўка Анжэлы ў гэты вечар. На шчасце дзяўчыны ды не меншае шчасце самога Букіна, праваднік выключыў святло, пакінуўшы толькі цьмяную лямпачку дзяжурнага асвятлення, нібыта даючы зразумець: трэба паспаць, бо заўтра цяжкі дзень. Пасля размовы з Анжэлай, што хутчэй нагадвала маналог, ён адчуваў сябе стомленым. Нават калі ўжо ляжаў на сваёй паліцы, то доўга не мог заснуць, разважаючы аб новым пакаленні. І сапраўды, можна адурэць…

Беларускі вакзал сустрэў халодным дажджом. І Букін, і Анжэла адчулі сябе ў бяспецы, толькі юркнуўшы пад казырок станцыі метро. Маршрут вядомы. Букін ведаў, каб не стаяць у аўтамабільных заторах і не клясці сябе за спазненне, падземка — самы надзейны сродак перамяшчэння.

На эскалатары Анжэла задае сваё першае на гэтую раніцу пытанне:

— Андрэй Міхайлавіч, а нафіга тут такое глыбокае метро выкапалі?

— Анжэла, не “нафіга”, а “навошта”. Лепш так сказаць, старайся пазбягаць такіх слоў. Размаўляй правільна, а то яшчэ на перамовах што-небудзь такое ляпнеш.

— Прабачце, але сапраўды ж глыбока.

— Ведаеш, Анжэла, у маскоўскага метрапалітэна першапачаткова было двайное прызначэнне. Ён павінеен быў выкарыстоўвацца як грамадскі транспарт і як бамбасховішча.
Анжэла недаверліва ўсміхнулася, было ўражанне, што яна баіцца нейкага падвоху.
— Бамбасховішча! Што, нехта збіраецца бамбіць Маскву?
— Я табе больш скажу, ужо бамбілі.
— А хто?
Кіраўніку фірмы і досыць адукаванаму Букіну зноў падалося, што у Анжэлы гульня такая: для смеху задаваць недарэчныя, тупыя пытанні і чакаць адказу на іх ад дарослага і сур’ёзнага дзя-дзечкі. У зялёных вачах-азёрах пляскалася ўся гама пачуццяў. Здзіўленне, недавер, страх — усё, што заўгодна, акрамя іроніі і сарказму. Яе міміка быццам казала: “Ну што ты, дзядзька, вярзеш такое!” Букін на імгненне замяўся, але на чарговае пытанне ўсё ж адказаў:
— Немцы бамбілі. У час вайны. Прыляталі іхнія самалёты, часцей ноччу, і скідвалі на горад бомбы…
— Навошта? — перабіла Анжэла.
А сапраўды. Навошта? Букін узгадаў стары фільм з савецкага мінулага і цудоўны выраз: “Сеня, хуценька растлумач таварышу, навошта Валодзька збрыў вусы!” Рэпліка кіношнага героя надала Букіну сілы. Але не надоўга. Бо адчуваў ён сябе нібыта айчым, што праз трыццаць гадоў расказаў дачцэ, што ўзяў яе ў дзіцячым прытулку, а тая закаціла істэрыку: “Тата-а-а! Я што, не родна-а-а-я-я?” А між тым Анжэла лапатала далей:
— Во, гады! А што, бомбы ў метро не траплялі?
— Не.
— А тады навошта яны іх скідвалі?
— Не зразумеў? — Букін дастаў насоўку і выцер успацелы лоб.
— Ну, у сэнсе, навошта бомбы кідаць, спусціліся б па эскалатары, ды і перастралялі б усіх. Тупыя! — гнеўна выкрыкнула Анжэла, ажно людзі на суседнім эскалатары азірнуліся на гэтую кантрасную пару.
Букін паспрабаваў узяць сябе ў рукі і спакойна адказаў:
— Ведаеш, Анжэла, яны ж немцы. У іх ні картак, ні жэтонаў з сабою не было. А там наверсе, ты ж сама бачыла, турнікеты, жанчыны дзяжурныя, ну і, само сабой зразумела, мянты. Іх проста не пусцілі б у метро.
Праз імгненне, як яны сышлі з эскалатара, падышоў цягнік. Яны селі побач, і толькі зараз Букін зразумеў, што сказаў несусветнае глупства, і вырашыў хоць крыху выправіць сітуацыю.
— Анжэла, я, канешне ж, пажартаваў. На самой справе ворага спынілі яшчэ на падыходах да Масквы.
— Хто спыніў?
— Як хто? Нашы. Я ж табе казаў учора, што ўсе жылі ў адной краіне.
— Малайцы нашы, проста супер! Мабыць, добра падвалілі гэтым Гансам, — задаволена рэзюмавала Анжэла.

Людское мора віравала. Хвалі з чалавечых цел накочвалі на вагон, іншыя хвалі выплёскваліся з вагонаў. Мегаполіс жыў сваім звычайным жыццём. Букін з Анжэлай выйшлі на адной са станцый, каб перайсці на іншую лінію. Букін вырашыў больш не закранаць аніякіх сур’ёзных тэм. Яму было страшна нанесці нейкую шкоду гэтай бялявай галоўцы з зялёнымі вачыма і ружовымі пухнатымі вуснамі. Праз некалькі хвілін яны зноў у вагоне. Анжэла даспела да чарговага пытання:
— Андрэй Міхайлавіч, вы казалі, што немцы па начах бамбілі. Жах! Яны што, зусім ненармальныя, ноччу бамбіць, — абуралася Анжэла, — шум, выбухі, а як спаць людзям?
— Анжэла, ну гэта ж немцы! У нас дзве гадзіны розніцы ў часе, — Букін спрабаваў пажартаваць, але, мабыць, няўдала.
— А, тады зразумела, — дзяўчына, пакрыўджаная на немцаў і розных там агрэсараў, незадаволена шмыганула носікам і прыкусіла пухнатую губку.
Букін не мог паверыць, што гэтая размова адбываецца наяве, што гэта не жарт, не іронія. Ён не мог дацяміць, што ў гэтай прыгожай галоўцы няма нічога, толькі пустата, вакуум. Але прэч сумнае. Букін радаваўся, што скончыўся дождж, а, можа, у гэтай частцы горада яго і не было. Бадзёра размахваў партфелем і быў вельмі задаволены той акалічнасцю, што скончылася размова з памочніцай на нечаканую тэму Вялікай Айчыннай вайны.
На адлегласці аднаго крока весела цокалі абцасамі доўгія ногі Анжэлы. Абагнулі славутую ”Таганку”. Хоць для Анжэлы гэта быў “яшчэ адзін чырвоны дом”. Спусціліся ў бок Яўзы. Ну вось, нарэшце офіс маскоўскіх кампаньёнаў.
Да сустрэчы з партнёрамі заставалася колькі гадзін. Можна трыху адпачнуць, сабрацца з думкамі, выпіць кубачак кавы. Сур’ёзныя перамовы і, калі ўсё добра, то не менш сур’ёзныя кантракты на вялікія грошы. З маскоўскай фірмай Букін супрацоўнічаў і раней, а вось партнёр з далёкай Астаны Берык Баскымбаеў упершыню наладжваў стасункі з беларускай фірмай. Андрэя Міхайлавіча чамусьці турбавала толькі адна думка, хоць бы Анжэла не ляпнула чаго лішняга. За астатняе ён быў цалкам спакойны. Пасля нядаўнай размовы з Анжэлай Букін ставіў пад сумнеў ужо не толькі інтэлектуальны ўзровень дзяўчыны, але і яе прафесійны досвед і здольнасці. Хоць бы не падвяла…

Канферэнц-зала абстаўлена па-дзелавому, нічога лішняга. Гаспадар офіса Леанід Сурыкаў ветліва запрасіў беларускіх партнёраў да стала. Ягоная памочніца, даўганогая блан-дзінка Ілона, прапанавала каву. Быў вольны час, чакалі казахскіх партнёраў. Яны спазняліся, вялікі трафік па дарозе з аэрапорта дыктаваў свае, маскоўскія правілы дарожнага руху.
Неўзабаве дзверы адчыніліся. Каржакаваты казах з грывай чорных валасоў рашуча падышоў да прысутных.
— Берык Баскымбаеў, — назваў ён сябе і працягнуў руку для прывітання, — а гэта мая памочніца Айгюль.
Даўганогая, смуглявая пафарбаваная бландзінка ўсміхнулася прысутным і застыла ў нерашучасці, чакаючы запрашэння.
— Крыху пачакаем, зараз прынясуць усе неабходныя дакументы для азнаямлення, — сказаў Сурыкаў. — Дзяўчаты, вы пакуль перазнаёмцеся паміж сабой, бо вам прыйдзецца перапіску весці паміж фірмамі, і ўсё такое.
Памочніцы перакінуліся кароткімі дзяжурнымі фразамі. Так бы мовіць, ні аб чым. Раптам Айгюль звярнулася да Анжэлы:
— Ну, як там Сталін у Беларусі пажывае?
— Які Сталін? — перапытала тая.
— Ну як гэта які? Нашы мэнэджары былі там і расказвалі, што там нейкую лінію той Сталін пабудаваў і там у вайнушку ўсім жадаючым пагуляцца можна. Так цікава было, казалі хлопцы. Адрываліся па поўнай.
— Дзяўчаты, што вы, не блытайце, — пачуўся тоненькі галасок Ілоны, — Іосіф Сталін ад французаў Маскву ўратаваў. У Беларусі пейнтболам нехта іншы займаецца. Хутчэй гэта нейкі арабскі бізнесовец.
Анжэла перабіла калежанак, чаго так апасаўся Букін, і рашуча вымавіла:
— Ну што вы, дзевачкі, Сталін на самалёце лётаў, ды акрамя футбола ды дзяўчат нічым не цікавіўся, я на ўласныя вочы той фільм бачыла. І звалі яго ніякі не Іосіф, а Вася.
Букін зразумеў, што яшчэ адно слова — і яму ўжо не ўтаймаваць парыў гневу і адчаю, што недзе нарадзіўся ўнутры яго разумнай галавы. І ён ведаў: парыў гэты ва ўсіх яго праявах будзе адрасаваны новаму пакаленню прыгожых і даўганогіх.
Але, на ягонае шчасце, у залу прынеслі пакет дакументаў для азнаямлення і ўсе заняліся сваімі звычайнымі справамі.